Наша старина

Яе мэтанакіравана працягвае вывучаць гурток “Арганаўты мінулага” пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі СШ №3 В. А. Ермалёнка, а вынікі пошукавай работы асвятляе “Міёрская даўніна”. Пройдземся па старонках чарговага нумара гэтага выдання.

 

Госці

Музеі СШ №3 наведалі дэлегацыі з Мінска, Пецярбурга, Масквы, Краславы (Латвія), Гданьска (Польшча) і іншых гарадоў. Іх цікавілі краязнаўчыя і літаратурныя экспазіцыі, мясцовая гісторыя, вопыт пошукавай работы, нават даследаванні генеалагічных каранёў блізкіх людзей. Адбываўся абмен вопытам і ідэямі, экспанатамі. Вызначаны шляхі сумеснай распрацоўкі тэм і ідэй.

Настаўнік і краязнаўца з Краславы Віктар Калніш падзяліўся паштоўкамі пачатку мінулага стагоддзя і турыстычна-краязнаўчымі буклетамі пра Латгалію. Калекцыянер з Даўгаўпілса Мікола Паўловіч у дар гістарычнаму музею перадаў 170 манет, некаторыя іншыя экспанаты.

 

Паездка да суседзяў

Гэтае лета юныя краязнаўцы Міёршчыны прысвяцілі знаёмству са знакамітымі мясцінамі суседніх раёнаў. Па дарозе наведалі месца засценка Мішчына ля Узмёнаў, з якім звязана жыццё і дзейнасць аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры Пятра Яленскага, які пад псеўданімам “Беларус” пісаў у “Нашу ніву” вершы, апавяданні і карэспандэнцыі. Асаблівае ўражанне пакінулі Росіца і Сар’я, да падзей і помнікаў у якіх маюць дачыненне нашы землякі.

 

Юныя арганаўты за чатыры дні праехалі на веласіпедах 320 кіламетраў па Міёрскім, Верхнядзвінскім, Расонскім, Полацкім раёнах. Асаблівая ўвага была накіравана на гісторыю мясцін ля Пакаёўцаў, Клясціц і іншых населеных пунктаў, дзе праходзілі баі расійскіх і французскіх войскаў. Прывезлі адтуль нямала экспанатаў.

У Бяльмонтах на Браслаўшчыне праведзена даследаванне шляхецкай рэзідэнцыі. Там пад друзам і смеццем знойдзены рэшткі белай кафлі ад печаў і чырвонага мармуру для аздаблення каміна. Тутэйшыя пабудовы ўспамінаюцца ў сувязі з падзеямі вайны 1812 года.

 

Запрашэнне на выставу

Сёлетнія знаходкі папоўнілі ранейшыя экспанаты, што размясціліся на экспазіцыях выставы “200 год вайне 1812 года”, якая з ліпеня дзейнічае ў гістарычным музеі СШ №3. Тут прадстаўлены запіскі генерала А. Ярмолава, мемуары генералаў Хлапоўскага, Савінскага, Данбінскага і іншых на польскай мове, успаміны французскага сяржанта Бургожа, гістарычная літаратура пра тыя падзеі і навуковыя артыкулы.

 

Нямала экспанатаў прысвечана Дрысенскаму ўмацаванаму лагеру, які размяшчаўся на тэрыторыі сучаснага Міёрскага раёна. У гэтых мясцінах адбываліся баявыя дзеянні, сведчаннем якіх з’яўляюцца рэшткі зброі і амуніцыі. Адным словам, нямала артэфактаў сведчыць пра тыя далёкія падзеі і людзей.

 

Старапагосцкі напрамак

Яго даследавалі летась, але знаходак і ўражанняў аказалася столькі, што публікацыі працягваюцца і цяпер. Вартая ўвагі гісторыя многіх населеных пунктаў, у прыватнасці, засценкаў і вёсак Зацішша, Траццякі, Ляды, не кажучы ўжо пра Мілейкі, Смолеўцы, Наўгароды. Наведалі краязнаўцы знакаміты камень-шавец, паданне пра які запісаў славуты Вацлаў Ластоўскі.

 

І. МАТЭЛЕНАК,

студэнт БДУ.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.