Монеты и сокровища Миорского района
gazeta 1-12-2015, 14:59 0 Гісторыя краю

Антычныя манеты
Наяўнасць з даўніх часоў важнага гандлёвага шляху па Заходняй Дзвіне, існаванне гарадзішчаў і паселішчаў жалезнага веку набліжала нашы мясціны да антычнай цывілізацыі. Яе гандлёвы ўплыў выразіўся і ў распаўсюджанні грашовых сродкаў. Пра знаходкі антычных манет у Беларусі засведчыла навуковец А.А. Мельнікава ( зборнік "Крыніцазнаўства і спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны", вып. 4. - Мінск : БДУ, 2008), але звесткі пра Міёрскі раён у яе няпоўныя.
Адзін з першых вядомых скарбаў антычных манет у нашай мясцовасці выяўлены ля Дзісны ў 1928 годзе, але навуковага апісання яго няма. У музеі г. Лодзь знаходзіцца рымскі сярэбраны дынарый імператара Даміцыяна, які выпадкова выяўлены на левым беразе Дзвіны непадалёку ад Друі. Ён адчаканены ў 84 г.н.э.. На аверсе—партрэт правіцеля, павернуты ўправа, на рэверсе—язычніцкі ахвярны алтар з гірляндамі і агнём. Калі аб'яднаць надпісы на абодвух баках, у перакладзе атрымаецца: "Імператар Цэзар Дамініянус Вялікі, Галоўны язычніцкі жрэц, Народны трыбун, восьмы раз абраны консулам". За такую манету ў Рымскай імперыі ў той час можна было купіць вядро збожжа.
Шмат рымскіх манет знойдзена ў наваколлях вёскі Вята, непадалёку самага вялікага і вядомага на Міёршчыне гара-дзішча Пруднікі. Так, у 1931 г. пад час разводдзя на падмытым беразе Дзвіны пастушкі выявілі некалькі залатых манет. Дзве з іх выкупіў стараста Браслаўскага павета Зеліслаў Янушкевіч. Ад яго яны перайшлі да польскіх вучоных Я. Пшэворскай і С. Ларэнца, потым трапілі ў Віленскі археалагічны музей і былі вывучаны прафесарам-нумізматам Уладзімірам Антаневічам. Адна з манет часу імператара Карыны (283-285 г.н.э.), сына Каўруса. На аверсе з партрэтам управа надпіс: імператар Карын, першаначальнік калегіі 20-і галоўных жрацоў, прарок, аўгур. На рэверсе—увасабленне міфалагічнай багіні Перамогі—Вікторыі Аўгусты, аб чым сведчыць надпіс, у левай руцэ яе пальмавая галінка ў лаўровым вянку.
Другая манета—солід імператара ўсходняй часткі Рымскай імперыі Валенты (364-378 г.н.э.). На аверсе яго выява ў дыядэме і плашчы, у руках—шар і жазло. На зваротным баку—Валенты з братам Валенціянам, вакол галоў німбы, у руках—жазло і кніга, надпіс падкрэслівае валадарства па народным жаданні. Прасвідраваныя дзірачкі сведчаць, што манета, напэўна, выкарыстоўвалася ў якасці ўпрыгожання. Адчаканена яна ў г. Твір, зараз Бельгія.
У 1936 г. на гарадзішчы ля Пруднікаў выпадкова выяўлены сярэбраны, чаканены ў Рыме, дынарый 14-га па ліку імператара Адрыяна (117-138 гг.н.э.). Яго профіль павернуты ўправа, надпіс сведчыць: "Імператар Цэзар Траян Андрыянус Аўгустас". На рэверсе— выява багіні Ромы, якая сядзіць на панцыры, у левай руцэ трымае кап'ё, у правай— фігурку багіні Перамогі Вікторыі. Манета цяпер захоўваецца ў археалагічным музеі ў Варшаве.
У 1982 годзе аўтар гэтага артыкула на дарозе паміж вёскамі Туркова і Рыкуны знайшоў рымскую бронзавую, з невялікай колькасцю серабра, манету. Па вызначэнні прафесара Л. Побаля, гэта дынарый 78-га рымскага імператара Максіміяна Галерыя (дыяметр 2,1 см, вага 3,57 г), які правіў у 293-311 гг.н.э.. На аверсе яго бюст з адпаведным надпісам, на рэверсе палітычны лозунг "Канкордзія мілітум"—"Ваенная згода". Манета сведчыць пра далейшае аслабленне Рымскай імперыі пры Дыяклеціяне, калі вялікая дзяржава была падзелена на чатыры часткі, адной з іх з цэнтрам у Сірміі і кіраваў Максіміян Галерый. Там у чатырох майстэрнях чаканіліся манеты. Ва ўладаннях Галерыя знаходзілася правінцыя Паддунаўе на Балканах, адтуль яны разыходзіліся па Еўропе. Адзін з тых дынарыяў цяпер знаходзіцца ў экспазіцыі музея СШ №3.
У 2013 годзе непадалёку ад былога маёнтка Шчоўна гурткоўцы-"арганаўты" знайшлі манету імператара Камода (177-192 гг.н.э.) дрэннай захаванасці, магчыма, рыбакі выкарыстоўвалі яе як блясну. Сястэрцый вагой 17 г, дыяметрам 27 мм. Партрэт Камода павернуты ўправа, а выявы рэверса дрэнна захаваліся.

Назва дырхем паходзіць ад грэчаскай назвы драхма, гэта сярэбраная манета мусульманскага Усходу. Упершыню з'явілася ў 692 годзе. У сучаснай нумізматыцы называецца куфіцкай, па найменні арнаментальнага пісьма, што ўзнікла ў г. Аль-Куфа, у якім выконваліся надпісы. На тэрыторыі Беларусі дырхемы паяўляюцца ў ІХ ст. Асабліва распаўсюджваюцца са станаўленнем першага дзяржаўнага ўтварэння—Полацкага княства, якое падтрымлівала гандлёвыя сувязі з Арабскім халіфатам, Візантыяй, Скандынавіяй. Міёршчына якраз і ляжала на шляху "з вараг у грэкі".
Найбольш вядомы скарб арабскіх манет знойдзены ля возера Краснае яшчэ ў 1896 годзе. Агульная вага—каля паўкілаграма. 17 дырхемаў перададзены ў імператарскі Эрмітаж, 62 паступілі ў Віленскі музей старажытнасцяў, 30—ва ўніверсітэт Санкт-Пецярбурга, частка пайшла на Санкт-Пецярбургскі манетны двор на пераплаўку і разыйшлася па руках. Агульная колькасць іх невядома, некаторыя былі ў выглядзе фрагментаў, хутчэй за ўсё гэта разаны і вяверыцы. Па вывучэнні вучоных, самая старая манета чаканкі Абасідаў (аль-Мутадзід, 899 г.), а самая позняя—Сманідаў (Нух ібн Мансур, 987 г.), а яшчэ —Бувахідаў, Зійарыдаў, Кангарыдаў, Хамданідаў, імітацыя саманідскай чаканкі.
Пра знаходкі двух скарбаў арабскіх манет у Старым Пагосце ў 1895 годзе паведамляў наш знакаміты зямляк Вацлаў Ластоўскі. Дырхемы знаходзілі і на востраве ў Дзісне, яле яны не вывучаны. Чарговы скарб арабскіх манет у раёне знойдзены ў 1965 годзе, адна з іх адносілася да Саманідаў, а менавіта Наср ібн Ахмада (914-943 гг.).
Знаходка 1966 года таксама цалкам разышлася па руках. Замалёўкі трох манет прафесар В. Рабцэвіч аднёс да Абасідаў—Мадзінат ас-Салам 776 г., ар-Рашыд ал-Мухамедзія 797 г., ал-Мамун 824 г..
Найбольш датаваныя і вызначаныя манеты арабскага халіфата знойдзены В.І. Шадырам пры археалагічных раскопках гарадзішча і селішча ля в. Пруднікі ў 1980-1990 гадах. Вызначэнне іх правёў навуковец В.Н. Мілюцін. Усе знаходкі ён аднёс да чаканкі Абасідаў і Саманідаў. Самая ранняя—Абасіда аль Махдзі 775 г., самая позняя—Ісмаіла ібн Ахмед аш-Шаш 906-га.
Унікальнымі з'яўляюцца знаходкі бронзавых падвесак у выглядзе арабскіх дырхемаў пад час абследавання кар'ера ля в. Казлоўцы ў 1987 годзе. Пазней гурткоўцы-"арганаўты" разам з вучонымі АН БССР Л.У. Дучыц і Г.М. Семянчуком выявілі пахаванні ў ямах грунтовага могільніка Х-ХІІІ ст. падвескі-бракцеаты. Іх вывучалі вучоныя-нумізматы В. Мілюцін і В. Рабцэвіч. На адной падвесцы дыяметрам 29 мм і вагой 1,1 грама захаваўся пяцірадковы тэкст, які выдатна капіраваў чаканку саманідскага эміра Насра ібн Ахмада 301-331 г. хіджры (914-946 гг.). Надпіс па кругу бессэнсоўны, гэта набор літар і літарападобных знакаў толькі на рэверсе. Паколькі яе насілі як падвеску, то прабіты дзве невялікія адтуліны, у адной з іх знаходзілася кальцо з меднага дроту. Дзве іншыя падвескі захаваліся толькі ў фрагментах, на адной можна прачытаць "Алаху, Мухамад". Падробкі выкананы хутчэй за ўсё ў канцы Х ст. Аналагаў падобных бракцеатаў у свеце больш не выяўлена.

Манета трапіла ў нашу калекцыю ў 2010 годзе. Яна знойдзена на месцы старой прыстані на Дзвіне ў Друі, якая вядома як замак Полацкага княства з ХІ ст. Там мы не аднойчы выяўлялі каменныя прылады працы, кераміку Х-ХІІІ ст., пломбы пазнейшага перыяду. Непадалёку— "Барысаў камень". Так што срэбранік можна лічыць не выпадковай знаходкай.
Срэбранікі Уладзіміра вырабляліся з куфіцкіх дырхемаў. І гэтая манета чаканена з срэбра 750-й пробы, вага яе 3 г, дыяметр 26 мм, гурт рабрысты, у двух месцах пашкоджаны. На аверсе выява князя Уладзіміра ў анфас, ён сядзіць, на галаве шапка з падвескамі, у правай руцэ крыж з доўгім дрэўкам, левая рука на грудзях. На левым плячы княжацкі знак—трохзубец. На рэверсе выява Хрыста, што пацвярджаецца надпісам, у крыжападобным вянцы-німбе, у левай руцэ ён трымае Евангелле, а правай бласлаўляе.

У ХІІ-ХІІІ ст. абарачэнне манет на беларускіх землях было нязначным, а таму і пра знаходкі невядома. Выключэннем стала манета з медзі —пул Залатой Арды ХІІІ ст. Становішча мяняецца ў наступным стагоддзі, калі ў 1300 годзе ў чэшскім горадзе Кутна Гара пачалі чаканіць вялікія сярэбраныя манеты, якія атрымалі назву па надпісе на рэверсе -- пражскі грош. Яны сталі асновай грашовай гаспадаркі Вялікага княства Літоўскага, іх скарбы і адзінкавыя знаходкі на Беларусі не рэдкасць.
На тэрыторыі раёна ў 1926 годзе пры апрацоўцы зямлі ў маёнтку Вянужжа, які належыў пану Федаровічу, селянін Васіль Каравай знайшоў гліняны збан , у якім знаходзілася не менш за 400 пражскіх грошаў. Скарб забрала паліцыя з павятовай Дзісны. А на тым месцы селянін знайшоў яшчэ некалькі манет, з якіх потым рабілі завушніцы і пярсцёнкі. Апошнія дзве з паловай у 1986 г. трапілі ў калекцыю музея СШ №3. Захаванасць іх дрэнная, вага 3,3 і 3,5 грама, калі павінна быць 3,7 г. Дыяметр 29 мм, проба 930. Надпіс на аверсе чытаецца як Ян Люксембургскі, кароль Багеміі (ён быў каралём Чэхіі ў 1310-1346 гг.).
Калі ўлічваць, што кошт пражскага гроша спачатку быў вельмі вялікі, то хутчэй за ўсё манеты схаваў багаты баярын, за іх нават можна было купіць маёнтак. А раз закапаны на невялікай глыбіні, гаспадар спадзяваўся хутка за імі вярнуцца. Значная пацёртасць манет сведчыць аб доўгім і інтэнсіўным іх абарачэнні. Хутчэй за ўсё скарб быў закапаны пад час феадальнай вайны ў ВКЛ у 1432-1436 гг. А вось яго далейшы лёс невядомы, па адных звестках паліцыя адправіла знаходку ў Вільню, па другіх—яе прадалі яўрэям—перакупшчыкам.
Пражскія грошы пад назвай "грош шырокі" згадваюцца ў шматлікіх дакументах нават да 16-га стагоддзя, манеты знаходзілі ля вёсак Мілашова, Слабада, Лявонпаль, Павяцце, Язна, Стары Пагост і іншых, толькі ўсе разышліся па прыватных калекцыях і не даследаваны навукоўцамі.
На здымках: 1. Дзенарый Імп. Максіміана 290 г.н.э..
2. Фальшывы арабскі дырхем Х ст. Аналагаў у свеце не знойдзена.
3. Срэбранік Уладзіміра.
4. Пражскі грош.
Вітольд ЕРМАЛЁНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.