Необычная экскурсия в Миорском историко-этнографическом музее

 У Міёрскім гісторыка-этнаграфічным музеі адбылася не зусім звычайная экскурсія. Патрымаць у руках гліняны посуд і драўляныя прылады працы, памерыць салдацкую каску, пагушкацца на лазовым крэсле… І зафіксаваць гэта на фота. Прымеркаванае да міжнароднага дня музейнага селфі мерапрыемства ў міёрскім музеі прайшло на свой лад.

На экскурсію з фотасесіяй завіталі дзевяцікласнікі СШ №3 імя Я.Томкі разам з класным кіраўніком Аленай Валеўка і лідарам райкама ГА "БРСМ" Вікторыяй Пяткевіч.  

 Спачатку было слова

Дакладней, расповяд пра музейныя залы і цікавыя экспанаты. Кожная рэч — нібы прывітанне з далёкіх і не вельмі часоў, захаванае пад шклом, расстаўленае на паліцах, развешанае на сценах.

АГЛЯДАВУЮ экскурсію навуковы супрацоўнік музея Вольга Пупіна распачала з залы археалогіі. Тут самыя старажытныя сведкі міёрскай гісторыі. Каменныя сякеры, бронзавыя ўпрыгожанні, продкі сучасных іголак — праколкі і пранізкі з косці.


У зале ткацтва — прылады для апрацоўкі лёну і воўны, вышываныя ручнікі, нацыянальнае адзенне. Экскурсавод расказала, што ў даўнія часы кожная дзяўчына павінна была ўмець ткаць. Гэтаму майстэрству навучалі з сямі год.


 БЫТ беларускіх сялян не ўявіць без ручнікоў. Яны служылі і ўпрыгожаннем, і сродкам пакарання свавольнікаў-дзяцей, і сумкамі, у якіх насілі ежу ў поле працаўнікам. Асобна прадстаўлены посуд. На шырокай паліцы месцяцца гліняныя збаны. Напрыклад, бабачнік — падобная на вазон форма, у якой выпякалі ромавую бабу. Адсюль і назва. Мэбля, кошыкі і іншыя ёмістасці прадстаўлены ў зале салома- і лозапляцення. Гэтае рамяство заставалася распаўсюджаным на Міёршчыне да 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Між тым лазовую мэблю маглі сабе дазволіць толькі сем'і з добрым дастаткам. Часцей у хатах стаялі драўляныя лавы, сталы, ложкі.


РЭЧЫ і амуніцыя савецкіх і нямецкіх салдат, франтавыя пісьмы, дакументы размешчаны ў асобнай зале, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне. 

Замацавалі матэрыял на здымках

Веды застануцца ненадоўга, калі проста паслухаць экскурсію і паглядзець на экспанаты. На доўгую памяць лепш сфатаграфавацца. У кожным зале старшакласнікі маглі зрабіць фота з рэчамі, што зацікавілі.

Атрымалася так:

  Спарыш.
Гліняны посуд з двух аднолькавых гаршчкоў, злучаных ручкай. У ім зручна было насіць абед у поле падчас сенакосу ці жніва.
Экспанат трапіў у музей з вёскі Малышова Туркоўскага сельсавета.

Каска.
У такіх галаўных уборах ваявалі салдаты варожай арміі. Каскі добра захоўвалі ад асколкаў, мелі адтуліны, каб прапускаць паветра.

Каромысел. 

Тоўстая выгнутая драўляная палка з падвешанымі кручкамі. На ім насілі вёдры з вадой ці іншым грузам.

 Лазовая мэбля.
Захоўваюцца ў музеі сплеценыя з лазы дзіцячы ложак, крэсла-качалка, столік, канапа, падстаўка для кветак. Іх аўтар — Віктар Сцяпанавіч Мятла з вёскі Мётлы Завуццеўскага сельсавета. Калі майстра не стала, яго жонка падарыла вырабы музею.

 Вагі стрэлачныя.
Металічны стрыжань з кручкамі на канцах і стрэлкай пасярэдзіне. Стрэлка знаходзіцца ў рухомым стане паміж дзвюма паралельна размешчанымі металічнымі пласцінамі. Такім "прыборам" маглі важыць жыта, сена.
Вагі перадалі ў музей з былой васьмігадовай Шалцінаўскай школы Павяцкага сельсавета.

Мялка.
Драўляная прылада для першапачатковай апрацоўкі льняной ці канаплянай трасты. Лічылі, што гэтай справай трэба займацца дзяўчыне з прыгожымі доўгімі валасамі. Тады ніткі атрымаюцца якасныя, трывалыя.

 Патэфон і радыёла.
Патэфон швейцарскай фірмы "Paillard", першая палова 20 стагоддзя. Перадалі ў музей з вёскі Цвеціна.
Радыёла латвійскай вытворчасці. 50-60-я гады 20 стагоддзя. У музей трапіла з вёскі Чурылава.

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ.
Штогод 17 студзеня праходзіць Дзень музейнага селфі. Гэта міжнародная акцыя, якая мае на мэце папулярызаваць музеі. Ва ўсім свеце наведвальнікі робяць селфі на фоне экспанатаў ці побач з імі і публікуюць здымкі ў сацыяльных сетках. Ініцыятар акцыі — Міжнародны музейны праект "Culture Themes". Упершыню яна прайшла ў 2014 годзе пад лозунгам Нацыянальнага музея ў Кабуле — "Нацыя жыве, пакуль жыве культура".

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.