Сотрудничество

28 лютага адбылося пасяджэнне раённага савета грамадскіх пунктаў аховы парадку. Са справаздачай аб паляпшэнні работы па прафілактыцы і папярэджанні п'янства і алкагалізму насельніцтва, працаўладкаванні беспрацоўных і ажыццяўляўленні кантролю за ўмовамі пражывання дзяцей ў нядобранадзейных сем'ях выступіла старшыня Завуццеўскага сельскага Савета В. П. Буёнак. Пра ўзаемадзеянне савета грамадскага пункта аховы парадку і РАУС гаварыў У. А. Уткін.

Як сведчыць аналіз праведзенай работы, зроблена шмат, але яшчэ нямала праблем і недапрацовак. У мінулым годзе на тэрыторыі Завуццеўскага сельсавета назіраўся рост правапарушэнняў, павялічылася колькасць учыненых злачынстваў, сярод якіх пераважаюць крадзяжы. Рэчы ў асноўным прападалі з дач і дамоў, дзе гаспадары жывуць непастаянна. Яны не паклапаціліся пра зберажэнне сваёй маёмасці, чым справакавалі нячыстых на руку людзей. На гэту тэму з грамадзянамі неаднаразова гутарылі старшыня сельскага Савета, прадстаўнікі РАНС і РАУС.

Сёлета за два месяцы ўчынена 2 злачынствы, гэта на 4 меш у параўнанні з аналагічным перыядам летась. Складзена 11 адміністрацыйных пратаколаў на парушальнікаў грамадскага парадку, што таксама мала ў параўнанні з мінулым годам. Як паказаў аналіз дынамікі і структуры злачыннасці на тэрыторыі сельсавета, большасць правапарушэнняў учынена п'янымі, нідзе непрацуючымі і судзімымі, якія вядуць амаральны лад жыцця. Каб пераадолець п'янства і алкагалізм, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы праводзяць прафілактыку, умацоўваюць працоўную дысцыпліну. Аднак гэта работа ўскладнена адсутнасцю на тэрыторыі Завуццеўскага сельсавета пастаяннага ўчастковага інспектара. А сітуацыі здараюцца самыя розныя: бытавыя сваркі, бойкі, злачынствы. Вырашэнне такіх праблем — штодзённыя і кругласутачныя клопаты міліцыянера, задача якога займаць ключавую пазіцыю ў навядзенні парадку і недапушчэнні правапарушэнняў на даручаным участку.

Вынікі пасяджэння падвяла старшыня раённага савета грамадскіх пунктаў аховы парадку Марыя Мікалаеўна Баніфатава. Яна нагадала, што ўся работа па папярэджанні правапарушэнняў павінна праводзіцца ў цеснай звязцы старшынь сельвыканкамаў, старэйшын вёсак, працоўных калектываў і работнікаў праваахоўных органаў. Толькі аб'яднаўшы намаганні можна ўздзейнічаць на свядомасць людзей і выхоўваць у іх самадысцыпліну, строгае падпарадкаванне законам.

 Наталія СТАНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.