Дзяржкантроль

 На парадку дня калегіі – Дырэктыва № 6

Выкананне Дырэктывы № 6 «Аб развіцці сяла і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны» разгледзелі на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржкантролю вобласці. Таксама акцэнтавалі ўвагу на развіцці жывёлагадоўлі і загрузцы вытворчых магутнасцяў мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

У вобласці значныя сродкі ўкладзены ў будаўніцтва сучасных малочнатаварных комплексаў, набыццё сельгастэхнікі і інш. Разам з тым існуюць праблемы, якія тармозяць развіццё галіны.

На 76 жывёлагадоўчых аб’ектах з 91 абследаванага Камітэт дзяржкантролю вобласці выявіў парушэнні. Сярод іх адсутнасць і незбалансаванасць рацыёнаў кармлення, неналежная арганізацыя выпойвання маладняку малодзівам, антысанітарны стан даільнага абсталявання, адсутнасць санітарных дзён, лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў і інш.

У мінулым годзе за парушэнне да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 129 службовых асоб. За студзень-май сёлета – 42, па факце службовай падробкі па ўтойванні падзяжу ўзбуджана пяць крымінальных спраў.

Аблвыканкаму прапанавана прыняць шэраг мер па выпраўленні сітуацыі.

Праблемныя моманты ў нарыхтоўцы кармоў

Падрыхтоўка кормаўборачнай тэхнікі і нарыхтоўка кармоў пад асаблівай увагай Камітэта дзяржкантролю вобласці. У комплексе мер па павышэнні якасці травяных кармоў і забеспячэнні жывёлагадоўлі раслінным бялком важнае значэнне маюць своечасовая ўборка траў і нарыхтоўка кармоў у адпаведнасці з тэхналагічным рэгламентам.

Да зімова-стойлавага перыяду 2022 – 2023 гг. 13 сельгаспрадпрыемстваў з васьмі раёнаў не забяспечылі нарыхтоўку неабходнай колькасці травяных кармоў. Адна з прычын – несвоечасовая падрыхтоўка корманарыхтоўчай тэхнікі да ўборкі траў.

Вынікі кантрольных мерапрыемстваў сведчаць, што ў асобных раёнах не прымалі належныя меры па стварэнні трывалай кармавой базы на наступны зімова-стойлавы перыяд, у тым ліку па своечасовай падрыхтоўцы матэрыяльна-тэхнічнай базы для нарыхтоўкі кармоў.

У чэрвені найгоршая сітуацыя з гатоўнасцю кормаўборачных камбайнаў адзначалася ў асобных сельгас-

арганізацыях Чашніцкага, Шумілінскага і Лепельскага раёнаў, трактарных касілак – у Гарадоцкім, Лепельскім, Чашніцкім, трактарных грабляў – у Чашніцкім і Ушацкім, прэс-падборшчыкаў для сена і саломы – у Талачынскім раёне, камбінаваных прэс-падборшчыкаў – у Лепельскім, Міёрскім, Полацкім, Талачынскім і Шаркаўшчынскім.

У шэрагу сельгасарганізацый вельмі нізкая забяспечанасць матэрыяламі для нарыхтоўкі травяных кармоў: шпагатам, поліэтыленавай плёнкай, стрэйч-плёнкай, кансервантамі.

Добраўпарадкаванне з мінусамі

Выкананне даручэнняў Кіраўніка дзяржавы па навядзенні парадку на зямлі разгледзелі ў чэрвені на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржкантролю вобласці.

На Віцебшчыне адсутнічае належная каардынацыя работы выканаўцаў мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, у рэгіянальныя мерапрыемствы не ўносяцца асобныя заданні, прадугледжаныя тыпавым пералікам, належны кантроль за выкананнем запланаваных мерапрыемстваў не забяспечваецца, ход іх выканання штоквартальна на пасяджэннях выканаўчых камітэтаў не разглядаецца, прапановы па ўдасканаленні работы па навядзенні парадку на зямлі не ўносяцца. Асобныя заданні заніжаюцца, шэраг прадугледжаных тыпавым пералікам мерапрыемстваў да некаторых рэгіёнаў не даводзіцца.

Да прыкладу, заданне па ўстаноўцы (рамонце) агародж на жывёлагадоўчых фермах і комплексах Лепельскаму і Полацкаму раёнам не даведзена. Пры гэтым у Лепельскім трэба абгарадзіць 14 такіх аб’ектаў, у Полацкім – 32.

У планах большасці райвыканкамаў адны і тыя ж аб’екты і мерапрыемствы дубліраваліся гадамі. Да таго ж па звестках гэтых райвыканкамаў мерапрыемствы штогод выконваліся.

Згодна з патрабаваннямі пастановы Саўміна ад 17.11.2021 г. № 668, у планах мерапрыемстваў па кожным з іх указваюцца дакладныя найменне і месцазнаходжанне аб’ектаў (тэрыторый), на якіх плануецца выкананне работ, тэрміны, адказныя выканаўцы.

Разам з тым у планах Бешанковіцкага, Браслаўскага, Гарадоцкага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Лёзненскага, Міёрскага, Аршанскага, Полацкага райвыканкамаў, Віцебскага і Наваполацкага гарвыканкамаў не ўказваліся дакладныя мерапрыемствы і месца іх правядзення, гадамі пераносяцца агульныя фармуліроўкі.

Як вынік, Камітэт дзяржкантролю вобласці сістэматычна выяўляе факты загрувашчвання адходамі, зарастання пустазеллем і драўнінна-хмызняковай расліннасцю земляў як агульнага карыстання, так і канкрэтных землекарыстальнікаў. Не прымаюцца належныя меры па арганізацыі збору адходаў, рамонце вулічна-дарожнай сеткі, зносе пустых дамоў, навядзенні парадку на тэрыторыі сельскагаспадарчых арганізацый, уцягненні ў абарот пустых сельскагаспадарчых земляў. Шмат іншых недахопаў у рабоце па добраўпарадкаванні населеных пунктаў вобласці.

Сродкі на асобным ўліку

Камітэт дзяржкантролю вобласці прыняў меры па забеспячэнні выканання заканадаўства ў частцы выкарыстання сродкаў, атрыманых ад адчужэння дзяржмаёмасці.

Сродкі, атрыманыя ад адчужэння дзяржмаёмасці, замацаванай за суб’ектамі гаспадарання, у памеры 50 % накіроўваюцца ў бюджэт. Астатняя частка выкарыстоўваецца юрыдычнымі асобамі на рэканструкцыю, тэхнічнае пераабсталяванне, мадэрнізацыю.

Па выніках кантрольных мерапрыемстваў прадпрыемствамі вобласці прыняты меры па арганізацыі асобнага ўліку сродкаў, атрыманых ад продажу нерухомай маёмасці, а таксама аднаўленні на рахунках указаных сродкаў, выкарыстаных не па мэтавым прызначэнні.

Так, на рахунках чатырох прадпрыемстваў Міёрскага, Полацкага і Шаркаўшчынскага раёнаў адноўлены выкарыстаныя не па мэтавым прызначэнні сродкі ад продажу нерухомай маёмасці. Таксама, каб не дапусціць нямэтавае выкарыстанне ўказаных сродкаў, на 19 прадпрыемствах 12 раёнаў і Віцебска арганізаваны іх асобны ўлік.

Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.