На ўчастак для галасавання № 1 у Міёрах маладая сямейная пара Аляксея і Надзеі ШЫМУКОВІЧ завітала вечарам 25 лютага. Для абодвух удзел у рэферэндуме падзея важная і значная.
– Ішлі з добрым настроем, без хвалявання і з пачуццём адказнасці, – заўважаюць яны. – Хочам жыць у незалежнай і моцнай краіне, рабіць свой унёсак у яе дабрабыт. Сям’ёй у важнай палітычнай падзеі ўдзельнічаюць упершыню. Вяселле Аляксей і Надзея згулялі ў чэрвені мінулага года. Планы на будучае звязваюць з роднай Міёршчынай. Аляксей працуе міліцыянерам-вадзіцелем канвойнага падраздзялення РАУС. Надзея – педагог-арганізатар у раённым Цэнтры дзяцей і моладзі. Да таго ж з’яўляецца старшынёй Маладзёжнай палаты. – Для моладзі важна прымаць удзел у такіх значных для дзяржавы падзеях. Ад нас залежыць будучыня краіны, – гаворыць Надзея. Муж цалкам згодны з яе меркаваннем. Узаемаразуменне ў маладой сям’і праяўляецца ў тым ліку і ў адносінах да актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Кацярына РЫНКЕВІЧ. Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.