Будет ли чистым лес?

Рэспубліканская акцыя "Чысты лес" закранула і нашы мясціны. Па дадзеных Дзісенскага лясгаса, у ёй удзельнічала 140 чалавек, з іх ліку 39 вучняў-удзельнікаў школьных лясніцтваў. Агульнымі намаганнямі ўбрана 16 месц адпачынку і 35 кіламетраў прыдарожных палос. У прыватнасці, удзельнікі школьнага лясніцтва Дзісенскай СШ сабіралі смецце ў прыгарадным сасонніку. А вось работнікі Узмёнскага лясніцтва не першы раз наводзілі парадак ва ўгоддзях 105-106 кварталаў гэта тэрыторыя былога аэрадрома.

 

Ляснічы Фёдар Дзянісавіч Быкаў расказвае:

— Работнікі Узмёнскага лясніцтва двойчы за год, вясной і восенню, наводзяць парадак у лесе, што расце на тэрыторыі былога аэрадрома. Так, сюды гараджане ходзяць за грыбамі, а яшчэ нярэдка арганізоўваюць пікнікі, пакідаючы пасля сябе непрыбраныя вогнішчы і смецце. І зусім нецярпіма, што вывозяць бытавое смецце, адходы, а прадпрымальнікі-"мяснікі" — нават рэшткі забітай жывёлы. Апошнім часам паблізу дарог усяго гэтага стала менш, але не надта. Вось і ў час сёлетняй восеньскай акцыі на тэрыторыі аэрадрома наводзілі парадак 22 нашы работнікі. Яны загрузілі бытавым смеццем 3 поўныя трактарныя прычэпы. Не выключаю, што ў будучым будуць прад'яўлены канкрэтныя прэтэнзіі да жыхароў райцэнтра, якія вывозяць смецце ў нашыя лясы. Зрабіць гэта не надта цяжка, бо сярод адходаў нярэдка сустракаюцца падпісаныя вучнёўскія сшыткі, розныя дакументы.

 

Акцыя "Чысты лес" прайшла, толькі пра зялёныя насаджэнні трэба клапаціцца пастаянна. І ад кожнага з нас залежыць, ці будуць цешыць людзей пасадкі дрэў чысцінёй і парадкам, свежым паветрам і цудоўным настроем, грыбамі і ягадамі.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.