Акцыя пад такой назвай прайшла ў Беларусі 7 кастрычніка. Субота, аднак 87 работнікаў Дзісенскага лясгаса таксама працавалі на 23 участках па ачыстцы лесу, прыдарожных палос, месц адпачынку, паблізу населеных пунктаў. Сабралі і вывезлі на палігоны дзясяткі кубаметраў смецця. Намаганні дарослых падтрымалі вучні Чапукоўскай, Германавіцкай і іншых школ.
Такія акцыі трэба праводзіць часцей, больш настойліва весці экалагічную растлумачальную работу — такую выснову раблю для сябе. Бо ў нас яшчэ шмат неахайных людзей, якія не клапоцяцца пра навакольнае асяроддзе. Выкідваюць смецце на абочаны дарог, вывозяць бытавыя адходы ў бліжэйшы лес, на месцы адпачынку, пакідаюць паблізу міні-палігонаў, кантэйнераў і ўрн. Ёсць вандалы, якія не цэняць сродкі, сілы і матэрыялы, укладзеныя іншымі ў будаўніцтва альтанак, абсталяванне месц адпачынку ці ўстаноўку лавак у самых прыгожых мясцінах. Беражыце прыроду, удзельнічайце ў акцыях па навядзенні парадку і чысціні, клапаціцеся пра добраўпарадкаванне ўласных двароў і сядзіб. Чысціня і парадак ва ўсім сёння — гэта ваша здароўе заўтра.
Фота Вольгі ВІШНЕЎСКАЙ. Здымак зроблены ў лясным масіве паблізу аўтадарогі Міёры-Полацк. Алена КОНАХ, намеснік дырэктара