Тыдзень лесу на Міёршчыне

 На працягу рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу» ў кожным лясніцтве Дзісненскага лясгаса садзілі маладыя дрэўцы. Працоўным дэсантам у Новапагосцкае лясніцтва скіраваліся кіраўніцтва раёна, супрацоўнікі падраздзяленняў райвыканкама, аддзялення аховы, ТЦСАН і іншых арганізацый.

Месца падзей – лясны масіў у ваколіцах Чапукоў. Пляцоўка для працы – паўтара гектара. Узброіўшыся рыдлёўкамі, мячамі Колесава і пасадачнымі трубамі, валанцёры з энтузіязмам прыняліся садзіць маладыя елачкі і бярозкі.

– Справа вядомая. Калі настаўнічала ў школе, штогод разам з вучнямі прымалі ўдзел у акцыі, – заўважае галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Таццяна Янушонак. – Прыемная работа. Падчас зладжанай сумеснай працы адчуваеш калектыўны дух. Цікава, чаму саджанцы елкі нібы падмарожаныя?

Яны сапраўдны нядаўна з маразільнай камеры. Як патлумачыў майстар лесу Новапагосцкага лясніцтва Іван Рубін, саджанцы з зямлёй падмарожваюць, каб пасля не перасыхаў корань і дрэўца лепш прыжывалася.

Начальнік аддзела загса Ірына Юхно ў акцыі ўдзельнічае ўпершыню:

– Хораша працаваць на свежым паветры. Свайго роду рэлакс. Прыемна ўсведамляць, што пасля цябе на доўгія гады застанецца расці дрэўца і не адно.

Са слоў лесаводаў, выкарыстоўваць у прамысловых мэтах елку пачынаюць пасля 80 гадоў, бярозу – пасля 60.

Умела спраўляецца з пасадачнай трубой электраманцёр аддзялення аховы Дзяніс Багдановіч. На акцыі першы раз.

– Кілаграмаў пяць важыць, – характарызуе прыладу працы, якой робіць выемкі ў зямлі.

– Я ў мінулым годзе таксама лес садзіла, – заўважае напарніца Марына Цярэшка, апускаючы ў трубу саджанец елкі. – Добра ў лесе папрацаваць.

Пасадка доўжылася некалькі гадзін, а вынік добрай справы застанецца на дзесяцігоддзі. 

 КАМЕНТАРЫЙ

Валянціна ШЫМУКОВІЧ, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце дзяржаўнай лесагаспадарчай установы Дзісненскі лясгас:

– У акцыі прынялі ўдзел 177 валанцёраў. Высадзілі малады лес на агульнай плошчы каля 60 гектараў. Садзілі елкі, сосны, бярозы, ясені, дубы – усяго больш за 288 тысяч саджанцаў. Ра-зам з тым наводзілі парадак у лясных масівах і месцах адпачынку. Першымі далучыліся да акцыі вучні Дзісненскай школы, якія навялі парадак у сасонніку за горадам плошчай у 10 гектараў. Яны ж у апошні дзень акцыі садзілі дрэўцы на Дзісненскім рубяжы. У Перабродскім лясніцтве выйшла на пасадку мясцовае насельніцтва. Разам са сваімі работнікамі прыняў удзел у акцыі індывідуальны прадпрымальнік Ілья Цімафееў, што набывае ў нас лес для зрубаў. Памятную алею ў Год міру і стварэння заклалі ля міёрскага лясніцтва вучні СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі і выхаванцы раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Для работнікаў нашай установы ўдзел у акцыі – справа гонару. Кожны пасадзіў дрэвы.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.