Освобождение. Победа. Независимость
gazeta 6-07-2013, 01:08 0 У рэспубліцы
Менавіта такімі высокімі паняццямі вызначаецца галоўнае дзяржаўнае свята, якое наша краіна штогод адзначае 3-га ліпеня. Шануюць яго і на Міёршчыне. Па традыцыі ў Дзень Незалежнасці на плошчы ля Дома культуры сабраліся прадстаўнікі адміністрацыі раёна на чале з І. В. Кузняцовым, дэлегацыі працоўных калектываў, грамадскіх аб'яднанняў, моладзь, каб аддаць даніну павагі ветэранам і тым, хто змагаўся і загінуў за свабоду і мірнае неба над галавой. А вось саміх вызваліцеляў ужо зусім няшмат. Час няўмольны, у нашым раёне засталося 8 ветэранаў-інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і 32 удзельнікі. Сярод іх Аляксандр Емяльянавіч Лапечанкаў і Антоній Іосіфавіч Рубанік. Нягледзячы на паважаны ўзрост, не прыйсці ў гэты дзень на плошчу яны палічылі для сябе немагчымым.
Адкрываючы мерапрыемства, вядучы В. С. Мядзюха нагадаў, што прайшло 69 гадоў з тае пары, як адгрымелі апошнія баі ў Беларусі. Нашы землякі ўнеслі вялікі ўклад у барацьбу з фашызмам, шматлікія з іх паклалі на алтар перамогі і незалежнасці свае жыцці. У знак павагі да герояў, якія загінулі, вызваляючы Міёршчыну, і ў напамін, што памяць пра іх жыве ў нашых сэрцах вечна, усклалі вянкі да абеліска воінам-вызваліцелям райцэнтра.
Затым урачыстае шэсце рушыла на плошчу Загінуўшых барацьбітоў. На грудзях — чырвона-зялёныя стужкі, у руках — паветраныя шары, сцяжкі. Настрой радасці і гордасці суправаджаў удзельнікаў у пешым страі па галоўных вуліцах горада.
Ля вечнага агню застыў ганаровы каравул школьнікаў. Урачысты мітынг-рэквіем загадчык аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі райвыканкама А.С. Тронькін аб'яўляе адкрытым. Слова трымае старшыня раённага Савета дэпутатаў Р. В. Парфёненка. Яна гаварыла пра страты і разбурэнні, якія пацярпела краіна ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра подзвіг і мужнасць нашых салдат дзеля шчаслівага жыцця будучых пакаленняў.
—Высокі гонар і адказнасць для міярчан — быць нашчадкамі Вялікай Перамогі і славы папярэднікаў, захоўваць традыцыі адзінства, дабівацца рэальных вынікаў у працы на дабрабыт сям'і і свайго краю, — падкрэсліла Раіса Васільеўна. — Міёршчына з кожным годам прыгажэе, далейшае развіццё нашага раёна залежыць ад шматлікіх фактараў, у тым ліку ад кожнага з нас. Толькі мы самі зможам захаваць дасягнутае і дабіцца большага.
Старшыня райсавета дэпутатаў выказала словы ўдзячнасці ветэранам за нашу свабоду і незалежнасць, пажадала ім здароўя і мірнага неба над галавой.
Раённы ваенны камісар С. І. Жабёнак нагадаў старонкі гісторыі, як змагаліся воіны за вызваленне нашай краіны і якіх неймаверных намаганняў каштавала ім перамога.
Прадстаўнік моладзі Міёршчыны, інспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду Міёрскага аддзела па надзвычайных сітуацыях Д. Плотнікаў адзначыў, што Дзень Незалежнасці для сучаснага пакалення — асаблівае свята, якое сімвалізуе мужнасць, адвагу, стойкасць і патрыятызм. І ўпэўніў, што маладыя з гонарам працягваюць гераічныя традыцыі нашых дзядоў і прадзедаў, шануюць памяць герояў.
У знак удзячнасці за вызваленне нашай радзімы і ў памяць аб воінах-інтэрнацыяналістах удзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і гірлянды да брацкай магілы і мемарыялу "Чорны цюльпан". Ушанавалі памяць пра герояў хвілінай маўчання.
Шмат добрых слоў, прыгожых пажаданняў прагучала ў адрас ветэранаў. Ад раённай арганізацыі рэспубліканскага аб'яднання "Белая Русь" салдатам вайны ўручылі падарункі, якія будуць нагадваць, што пра іх заўсёды памятаюць, клапоцяцца, пастаянна берагуць.
Наталія СТАНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.