26 сакавіка ў 20.30 на гадзіну выключым святло разам! Пад эгідай Сусветнага фонду дзікай прыроды (WWF) 26 сакавіка ў 16-ы раз пройдзе самая масавая міжнародная экалагічная акцыя «Гадзіна Зямлі».
Упершыню яе правялі ў аўстралійскім горадзе Сіднэі 31 сакавіка 2007-га. Ужо праз год акцыю падтрымала 36 дзяржаў і звыш 400 гарадоў. Рэспубліка Беларусь далучылася ў 2009-ым. «Гадзіна Зямлі» заклікана прыцягнуць увагу людзей да наступстваў змянення клімату, адказна ставіцца да прыроды і рэсурсаў планеты. 26 сакавіка ў сотнях гарадоў свету ў 20.30 па мясцовым часе на гадзіну згаснуць вокны дамоў і грамадскіх будынкаў, знікне падсветка славустацей.
Аднак экономія электраэнергіі – не галоўная мэта акцыі. Важныя адзінства, якое праяўляюць людзі перад экалагічнымі праблемамі, гатоўнасць кожнага зрабіць свой унёсак у дабрабыт планеты. У той жа час задумайцеся, што агульнага ў зямлян. У нас толькі адна планета, яна належыць усім. Трэба клапаціцца адзін пра аднаго, пра жывых істот, якія жывуць побач, і пра наш агульны дом нават у самыя цяжкія часіны. Кожны можа дапамагчы: напрыклад, стаць валанцёрам, аказваць паслугі і проста праяўляць нераўнадушша. Галоўнае – дзейнічаць. Аляксандр ВАЯВОДАЎ, галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.