Слова жывое, беларускае
gazeta 15-10-2011, 11:10 2 614 На Віцебшчыне
Акцыя “Чытаем разам”
На другі дзень свайго знаходжання ў нашым раёне творчая група пісьменнікаў завітала ў Мілашоў-скую школу — родную для Алены Масла, дзе вучылася яна сама, дзе працавалі яе тата і мама, дзе настаўнічаюць да гэтага часу яе любімыя педагогі. Да літаратурнай творчасці далучыла Алена і сваю сястру Наталлю (цяперашняе прозвішча Бучынская), якая прыехала ў складзе групы і таксама прывезла ўласныя кніжкі.
Сёстры Масла з замілаваннем гаварылі пра дарагі куточак, дзе яны ўзгадаваліся. Па-сапраўднаму мілым з’яўляецца для іх ціхае, чароўнае Мілашова. Тут і сонца свеціць ярчэй, тут і птушкі спяваюць напеўней, тут і ветрык лагодней лашчыць твар, а думкі — яны абуджаюцца і выпраменьваюць на волю крынічнай вадой.
У выніку творы нараджаюцца лёгка, з уласцівай ім непасрэднасцю і шчырасцю.
Невыпадкова маладыя пісьменніцы ствараюць іх для дзяцей і падлеткаў, уносячы прыгажосць у юныя душы.
У Алены Масла багата таленавітых твораў — “Ражство ў хроснай”, “Вандроўка з божымі кароўкамі”, “Таямніца закінутай хаты”, “Першая прыгажуня”, “Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала”. Працяглы час пісьменніца з’яўлялася галоўным рэдактарам часопіса “Бярозка”, цяпер працуе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”.
Уважліва, з задавальненнем слухалі выступленні былых вучаніц настаўнікі. І вядома ж, ганарыліся імі, бо менавіта яны разам з бацькамі-педагогамі вывелі дзяўчатак на жыццёвую дарогу, дзе тыя ўжо самастойна адольвалі свае славутыя вяршыні.
З цікавасцю ўспрымалі кожнае слова вучні. Шмат прагучала з дзіцячых вуснаў пранікнёных слоў, якімі ўшаноўвалі таленавітых зямлячак, а заадно шэраг беларускіх пісьменнікаў, у ліку якіх былі паважаныя госці.
Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі, які ўзначальваў творчую групу, — галоўны рэдактар дзіцячага часопіса “Вясёлка”, лаўрэат дзяржаўнай прэміі, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду.
У яго вялізная літаратурная спадчына.
Пісьменнік з любоўю гаварыў пра Беларусь, яе людзей, з пяшчотай — пра дзяцей. Прачытаў некалькі ўласных гумарыстычных твораў, чым выклікаў асаблівую сімпатыю ў дзяцей.
— Мае святыя бацькі, — не раз паўтараў ён гэтыя словы, узгадваючы ўласнае маленства, — яны ратавалі нас як маглі ў цяжкія часіны. У мяне не было дзяцінства, яго забрала вайна. Праз часопіс “Вясёлка” я жадаю падараваць шчаслівыя моманты самым юным чытачам.
Творы Уладзіміра Ліпскага — шчырыя, моцныя, здольны закрануць за жывое, прымусіць задумацца. Яго кніжка “Споведзь сына” выдадзена на дзвюх мовах. Складаецца яна з дзвюх частак “Мама. Малітва сына” і “Бацька. Пісьмы сына”.
Анастасія Віктараўна Радзікевіч — намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Вясёлка” з падкрэсленай любоўю гутарыла са школьнікамі, асабліва прываблівалі яе самыя малодшыя. У выніку агульнае знаёмства праводзілася ў гульневай форме, было яно насычана гумарам, ад чаго вучням не даводзілася сумаваць, больш таго — гадзіны сустрэчы ператвараліся ў хвіліны.
Мікола Мятліцкі — галоўны рэдактар “Полымя”, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі — не мог не выклікаць цікавасці, бо словы ў яго вершах надзвычай трапныя, не пазбаўленыя гумару. Адчувалася ў іх творчая моц і ўпэўненасць.
Рагнед Малахоўскі — выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара часопіса “Бярозка”. Малады паэт выклікаў сімпатыю не толькі пранікнёнымі вершамі, а і ўласцівай яму абаяльнасцю, знешнасцю. Прызнаўся вучням, што нераздзеленае каханне да дзяўчыны ў сценах школы і падштурхнула яго да першых вершаваных радкоў. А далей паэтычнае пяро само сабой набірала ўсё больш упэўненасці.
Земляка Сяргея Панізьніка ў раёне добра ведаюць і любяць, таму яго добразычлівая прамова ўспрымалася з цікавасцю.
Наогул, акцыя “Чытаем разам. Чытаем па-беларуску” пакінула ў гэтай навучальнай установе прыемныя ўспаміны. Вучні і настаўнікі заўсёды з павагай адносіліся да беларускіх твораў, а пасля сустрэчы з пісьменнікамі цікавасць да выданняў на роднай мове толькі павялічылася.
Развітваліся цёпла і шчыра, як найлепшыя сябры. А далей быў шлях на Язненшчыну. Мільгалі за акном краявіды роднай Міёршчыны, а ў вушах усё яшчэ гучалі прыгожыя радкі з сакавітай матчынай мовы — усё гэта абуджала моц усведамлення і праўдзівага разумення велічы нашай Беларусі, любові да яе, да зямлі нашых продкаў.
З духоўным скарбам — дарункам нябёсаў ехалі сюды пісьменнікі, каб пачуць, каб выказацца самім, каб пабачыць.
Забягаючы наперад зазначу, што сустрэча атрымалася настолькі ўражваючай, што з памяці не знікне ніколі. Вучні Язненскай школы аказаліся падрыхтаванымі на найвышэйшым узроўні. Яны дэкламавалі вершы, ставілі сцэнкі, чыталі, спявалі. Гучалі прозвішчы сучасных паэтаў і празаікаў. Госці-пісьменнікі пачулі з дзіцячых вуснаў, са сцэны вясковага Дома культуры радкі сваіх твораў, яны пазналі іх і яшчэ раз асэнсавалі, зразумеўшы іх духоўную моц, якая і дала ім магчымасць затрымацца, замацавацца, каб назаўсёды ўвайсці ў жыццё, стаць народнай духоўнай спадчынай.
Прыгожа апавядалі дзеці пра сваю вёску Язна, першыя звесткі якой датуюцца 1552 годам. А мяжа паміж усходняй і заходняй Беларуссю праходзіла ля самых вуглоў Язненшчыны. Спаса-Праабражэнская царква ўзведзена ў вёсцы ў другой палове 19 стагоддзя.
Нагадалі юныя выступоўцы, што адукацыя на Язненшчыне пачалася з адкрыцця ў 1875 годзе народнага вучылішча — пачатковай свецкай школы. У школе выкладалі Закон Божы, арыфметыку, чытанне, мову і царкоўныя спевы. Вучыліся 53 хлопчыкі і 1 дзяўчынка.
Язненшчына — радзіма знакамітага мастака Міхася Ляўковіча, члена Саюза мастакоў Беларусі. Цяпер ён узначальвае суполку “Віцебская акварэль”.
Тут прайшлі школьныя гады вядомага журналіста Пятра Сіняўскага. Яго казкі ў школьных падручніках, бо вучаць яны мудрасці і справядлівасці, нясуць трапнасць народнага слова.
Падарожжа па старонках беларускіх часопісаў і кніг нагадала прысутным пісьменнікам пра іх уласную творчасць, пра калег-супрацоўнікаў з іх літаратурным здабыткам.
Гучалі вершы, заварожвалі, прымушалі задумацца. Можна цытаваць урыўкі, усведамляць сэнс. Як часта чуецца музыка іх слоў. Затрымаемся на хвілінку на радках Міколы Мятліцкага:
Агністы вам адкрыецца
Сусвет,
Ліловым шляхам зорным
павядзе,
Апаліць душы
водсветам камет,
Крамяным, як лілеі на вадзе.
Стала зразумелым, што нашы дзеці чытаюць шмат, хаця нялёгка ім спалучаць школьную вучобу з камп’ютарнымі ды іншымі захапленнямі. Але добрыя казкі Алены Масла, Наталлі Бучынскай у бок не адкладваюць. Ведаюць іх і любяць. А часопісы “Бярозка”, “Вясёлка” і “Полымя” спадарожнічаюць ім, пачынаючы з ранняга ўзросту і да ўступлення ў дарослае жыццё.
Зразумела, што чаканым і жаданым быў выхад творчай дэлегацыі на сцэну. Кожнага слухалі ўважліва, час ад часу падтрымліваючы дружнымі апладысментамі. Госці, адчуваючы, што паміж імі і аўдыторыяй усталявалася грунтоўнае ўзаемаразуменне, не адмаўлялі сабе ў шчырасці. А гэта яшчэ больш яднала і згуртоўвала, дарыла вялікую агульную радасць моўных зносін.
Словы шчырай удзячнасці адрасавалі гасцям-творцам начальнік аддзела адукацыі В. А. Драба, метадыст РАА С. А. Захарэвіч, старшыня Язненскага сельвыканкама В. М. Фядзьковіч. У сваю чаргу пісьменнікі падаравалі школам свае друкаваныя выданні.
А потым госці зрабілі экскурсію па класных пакоях, музеі, пазнаёміліся з выставай з прыродных матэрыялаў, што падрыхтавалі дзеці да свята сваім настаўнікам.
Сустрэліся ў гэты дзень прадстаўнікі дэлегацыі з актывістамі сямейнага клуба “Вера. Надзея. Любоў”, які ўзначальвае Саламея Антонаўна Сіняўская.
Напрыканцы наведалі крыніцу Святога Яна, папілі гаючай яе вады, а асобныя нават пакупаліся.
Далейшы прыпынак акцыя “Чытаем разам” зробіць у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці.
На здымках: сустрэчы з пісьменнікамі ў Язненскай школе.
Эвеліна БАГДАНОВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.