Госконтроль информирует
gazeta 31-01-2019, 15:58 1 657 На Віцебшчыне
Указ Прэзідэнта ад 12 сакавіка 2013 года №119 забараняе юрыдычным асобам набываць службовыя легкавыя аўтамабілі пры наяўнасці на працягу апошніх трох каляндарных месяцаў да даты пакупкі пратэрмінаванай запазычанасці па выплаце заробку, па плацяжах за спажытыя энергарэсурсы, па абавязковых плацяжах у бюджэт, дзяржаўныя мэтавыя бюджэтныя і пазабюджэтныя фонды.
Нягледзячы на штраф ад 600 да 1000 базавых велічынь, асобныя суб’екты гаспадарання не падпарадкоўваюцца патрабаванням Кіраўніка дзяржавы. Адбываецца гэта па прычыне неналежнай арганізацыі з боку асобных мясцовых органаў улады нагляду за дзейнасцю гаспадарчых таварыстваў, акцыі (долі ва ўстаўным фондзе) якіх знаходзяцца ва ўласнасці адпаведных раёнаў, а таксама кантролю за дзейнасцю падначаленых (падведамных) ім арганізацый.
Так, у 2016 годзе патрабаванні Указа №119 парушылі 30 юрыдычных асоб у 15 раёнах. Летась падобныя факты выявілі ў адносінах пяці юрыдычных асоб, падведамных Лёзненскаму, Міёрскаму, Чашніцкаму і Шумілінскаму райвыканкамам, адзін — дзяржаўнаму аб‘яднанню “Віцебскабллёнпрам”.
Напрыклад, ААТ “Малькова” Лёзненскага раёна з пратэрмінаванай запазычанасцю за спажытыя энергарэсурсы ў суме каля 16 тысяч рублёў, а таксама за пяць службовых легкавікоў, набыло “Шэўрале Ніва GLC” коштам 25,4 тысячы рублёў. Прыняў рашэнне купіць яго назіральны савет са згоды прадстаўніка дзяржавы — начальніка аддзела эканомікі Лёзненскага райвыканкама.
Аналагічная сітуацыя ў ААТ “Арэхаўскі льнозавод”. Са згоды сваёй вышэйстаячай арганізацыі ДА “Віцебскабллёнпрам” набыло службовы аўтамабіль Лада за 19,5 тысячы рублёў, маючы пратэрмінаваную запазычанасць за энергарэсурсы і па абавязковых плацяжах у бюджэт, дзяржаўныя мэтавыя бюджэтныя і пазабюджэтныя фонды ў суме каля 560 тысяч рублёў. Пры тым у час пакупкі льнозавод меў пяць службовых аўтамабіляў.
Вінаватыя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці. У Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь унесены прапановы па ўдасканаленні патрабаванняў заканадаўства, накіраваных, у першую чаргу, на прафілактыку і аператыўнае спыненне фактаў набыцця службовых аўтамабіляў з парушэннямі патрабаванняў Указа №119.
Жыллё — у тэрмін
У першым паўгоддзі летась у ходзе кантрольных мерапрыемстваў выявілі, што ў Віцебску завышаны нарматыўны тэрмін будаўніцтва трох жылых дамоў, якія ўзводзіліся з далучэннем сродкаў грамадзян, у Наваполацку і Оршы — па адным.
Для выканання патрабаванняў Кіраўніка дзяржавы і абароны правоў грамадзян-дольшчыкаў яшчэ ў чэрвені Камітэт вобласці прапаноўваў мясцовым органам улады прыняць меры. У выніку забяспечылі ўвод дамоў у Оршы і Наваполацку, двух — у Віцебску. Аднак адзін па вуліцы Караткевіча так і застаўся незавершаным. Падчас маніторынгу выявілі яшчэ такі “праблемны” дом і два шматкватэрныя, якія ўзводзяць за кошт уласных сродкаў забудоўшчыка і без заключэння дагавораў долевага будаўніцтва з грамадзянамі.
Сітуацыю разгледзелі на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржкантролю вобласці з прынцыповай ацэнкай дзеянняў (бяздзеяння) службовых асоб Віцебскага гарвыканкама і арганізацый-забудоўшчыкаў па выкананні даручэнняў Кіраўніка дзяржавы. На рэспубліканскім семінары-нарадзе ў лістападзе ён загадваў завяршыць будаўніцтва дамоў з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў у першай палове 2019-га года. Аблвыканкаму неабходна прыняць дадатковыя меры, каб неадкладна выканаць даручэнні.
Сайтам не хапае актуальнасці
Указам ад 1 лютага 2010 года №60 “Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт” на дзяржаўныя органы і арганізацыі ўскладзены абавязак стварыць свае сайты, забяспечыць іх функцыянаванне і сістэматычнае абнаўленне. Актуалізацыі звестак патрабуе Дырэктыва №2 “Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва”.
Згодна з заканадаўствам, інтэрнэт-сайты дзяржаўных органаў і арганізацый ствараюцца для садзеяння грамадзянам у рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў, прадастаўлення афіцыйнай інфармацыі, своечасовага апавяшчэння.
Для выключэння супярэчлівай, неактуальнай інфармацыі, запаўнення прабелаў у справе інфармавання насельніцтва Камітэт праманіторыў інтэрнэт-сайты мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Выяўлены парушэнні заканадаўства. Так, на некаторых сайтах нарматыўныя прававыя акты размяшчаліся ў неактуальнай рэдакцыі ці знесапраўднай інфармацыяй, заснаванай на нарматыўных прававых актах, якія не дзейнічаюць (у сферах работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, пенсіённага забеспячэння, нерухомасці і парадку прадастаўлення зямельных участкаў і інш.). Размяшчаліся спасылкі на ўжо застарэлыя дакументы, нерабочыя старонкі сайтаў. Парушэнні выправілі. Аднак пытанне актуалізацыі сайтаў застаецца на кантролі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.