На вахце — маладыя

На вахце — маладыя Кіраўніцтва раёна правяло сустрэчу з выпускнікамі вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, якія па размеркаванню прыехалі на Міёршчыну, уліліся ў працоўныя калектывы. Папаўненне адчувальнае — 111 маладых спецыялістаў. З іх 28 прыпісаліся ў сельгасарганізацыях. ААТ “Узмёнскі край” атрымаў 6 чалавек, ільнозавод — 5. Папоўнілі кадры медыкі, работнікі культуры і лясной гаспадаркі, адукацыі, райспажыўсаюза, ПМК-55, меліяратары і інш.

                                                     

Адкрыў мерапрыемства начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Радзіхоўскі. Ён падкрэсліў, што ад новага папаўнення залежыць будучыня рэгіёна. Пад апладысменты прысутных прайшло прадстаўленне кожнага спецыяліста.

 На вахце — маладыя Старшыня райвыканкама І. В. Кузняцоў ахарактарызаваў Міёршчыну як унікальны куточак Паазер’я, багаты на водныя ўгоддзі, лясы і балоты. Край душэўных і ўмелых людзей.

 

—   Разумею юнацкі максімалізм, — гаварыў ён, — калі хочацца ўсяго і адразу. Крок за крокам, і даб’ецеся многага. Спадзяюся на ваш розум, адданасць прафесіі.

 

Відэадэманстрацыя слайдаў дазволіла расказаць юнакам і дзяўчатам пра раённыя мерапрыемствы. Сталі традыцыйнымі турыстычныя злёты, сустрэчы з маладымі спецыялістамі, раённыя конкурсы аўтааматараў, “Гаспадар зямлі”, “Лепшы па прафесіі”, шоу-праграма “Сямейны вернісаж”, міжраённы турнір інтэлектуальнай гульні “Брэйн-рынг”. Шмат спаборніцтваў па розных відах спорту, сустрэч з цікавымі людзьмі. Паказана і расказана пра магчымасці фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Міёрах, устаноў культуры і медыцыны.

 

На вахце — маладыя Дырэктар турыстычнага агенцтва “Халберг” Наталля Іванаўна Будзько расказала пра турыстычныя паслугі, запрасіла маладых актыўна ажыццяўляць падарожжы па розных куточках Беларусі. Наша гісторыя багатая, умяшчае шмат цікавых звестак пра падзеі, якія ў старажытныя часы адбываліся на беларускіх землях. Нясвіж, Мір, Навагрудак, Полацк — толькі некаторыя з духоўных скарбаў, адрасы для турыстычных паездак.

 

Дырэктар ААТ “Пад’ельцы” Антон Валер’евіч Чарвінскі ў нядаўнім мінулым сам выпускнік, цяпер займае адказную пасаду. Нарадзіўся ён у Оршы. У 2005 годзе па размеркаванню трапіў у саўгас “Міёрскі”.

 

— Працаваў галоўным аграномам, — гаварыў ён, — выдзелілі жыллё. Здаецца, усё для маладога спецыяліста было нядрэнна. Давялося вучыцца гаспадарыць у сельскай мясцовасці. Не ўмеў паліць грубку, нарыхтоўваць дровы. Хутка навучыўся. З арганізацыяй адпачынку многае залежыць ад маладых. На базе мясцовай школы пачалі праводзіць фізкультурныя заняткі, знайшлі месца для настольнага тэнісу. Потым арганізавалі каманду, якая пасля непрацяглых трэніровак прыняла ўдзел у раённым турыстычным злёце. Выступілі нядрэнна. Арганізавалі пярвічку БРСМ.

 

Закончыў сваё выступленне малады кіраўнік заклікам: “Працуйце натхнёна, жывіце весела”.

Трэба дадаць, што на пасадзе дырэктара Антон Валер’евіч два гады. Ён перакананы ў перавазе маленькіх гарадоў, дзе можна хутчэй праявіць сябе, быць бліжэй да прыроды.

 

На вахце — маладыя Антон Вітольдавіч Ермалёнак настаўнічае ў Міёрскай СШ №3, выкладае гісторыю. Нарадзіўся і вучыўся ён у Міёрах. Закончыў гістарычны факультэт БДУ, адслужыў у арміі. Юнак лічыць, што для маладога чалавека вельмі важна самаразвівацца. Для гэтага патрэбен вольны час. У маленькім горадзе яго больш. Цяпер Антон атрымлівае дыстанцыйна другую вышэйшую адукацыю. Будзе праграмістам. Маладым спецыялістам пажадаў поспехаў у працы, кар’еры і душэўнай раўнавагі.

 

Эмацыянальна і нават у нейкія моманты паэтычна выступаў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вячаслаў Анатольевіч Бялько.

— Бачу ў вашых вачах бляск, — казаў ён, — і гэта цудоўна. Значыць, у вас пульсуе энергія, якую накіроўвайце ў патрэбнае рэчышча. Працуйце з натхненнем, старанна ўладкоўвайце свой быт.

Расказаў аб перспектывах працы, даплатах. Падкрэсліў, што Міёршчына сапраўды ўнікальны куточак Беларусіі. Непадалёку старажытны духоўны цэнтр Полацк, дзе захоўваюцца мошчы слыннай дачкі беларускага народа Еўфрасінні Полацкай. Не менш гістарычная і Дзісна. Сёлета ў самым маленькім горадзе Беларусіі адбылася кананізацыя святара Жданава. Трэба ведаць набыткі гісторыі, вывучаць яе, каб лепш зразумець тое асяроддзе, у якое трапілі.

 

На вахце — маладыя Пасля юнакі і дзяўчаты наведалі музей Міёрскай СШ №3. Думаецца, многія папоўнілі багаж ведаў па гісторыі.

На плошчы Загінуўшых барацьбітоў маладыя аддалі даніну памяці тым, хто загінуў пры вызваленні Міёршчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Усклалі гірлянду да падножжа помніка.

На заканчэнні культурна-забаўляльная праграма, якая праходзіла ў кафэ “Брыганціна”.

 

 

 

На вахце — маладыя

 

 

На здымках: 1. На сустрэчы.

2. Юлія Ісаенка і Ірына Гром закончылі Столінскі аграрна-эканамічны каледж, атрымалі спецыяльнасці юрыста і эканаміста. Па размеркаванню накіраваны ў ААТ «Сіцькова». У гаспадарцы для маладых спецыялістаў выдзелілі жыллё ў катэджы. Апякае маладых спрактыкаваны спецыяліст Зінаіда Уладзіміраўна Пад`ельская.

3. Кіраўнік турыстычнага агенцтва «Халберг» Н. І. Будзько.

4. Настаўнік Міёрскай СШ №3 А. В. Ермалёнак.

5. Ганна Кулагіна і Аляксандра Пашкевіч атрымалі сярэднеспецыяльную адукацыю і накіраванне на працу ў ААТ «Узмёнскі край».

6. Дзве аршанкі Ірына Арлоўская і Аня Губская ўліліся ў працоўны калектыў ільнозавода.

 

 

 Людвіг КАСАТЫ.

 

 

 

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.