Авторизация
 

4 сакавіка — Дзень міліцыі. Зазірнём у Міёрскае аддзяленне Дэпартамента аховы

  Прафесійнае свята ў панядзелак адзначаць дзевятнаццаць міліцыянераў Міёрскага АДА. Некаторыя ўпершыню сустрэнуць Дзень міліцыі на службовым пасту.

У Міёрскім аддзяленні Дэпартамента аховы Максім ПЛАТОНАЎ і Сяргей ДАРОНДА нядаўна, аднак ужо зарэкамендавалі сябе на службе і папоўнілі скарбонку спартыўных поспехаў.

Пасля дзяжурства — на трэнажоры

Міліцыянер страявога падраздзялення Максім Платонаў толькі вярнуўся з начнога дзяжурства. У восем вечара заступіў на пост у Міёрскай цэнтральнай раённай бальніцы і змяніўся раніцай наступнага дня. Дванаццаць гадзін без сну. Выглядае стомленым, трымаецца бадзёра.


— Дзяжурства прайшло спакойна. За ноч у прыёмны пакой даставілі двух чалавек, паводзілі сябе належным чынам, — расказвае субяседнік.— У бальніцы пост аховы з’явіўся мінулым летам. На мой погляд, ён неабходны. Як медыкам справіцца са скандальнымі пацыентамі? Фізічную сілу мне прымя- няць не даводзілася. Дастаткова прысутнасці міліцыянера, каб супакоіліся.


Дзяжурства ў бальніцы заключаецца не толькі ў дапамозе супрацоўнікам прыёмнага пакоя. Трэба сачыць, каб не ўчынялі крадзяжы з аб’екта, кожную гадзіну рабіць абход тэрыторыі. У дапамогу — відэаабсталяванне. Акрамя ўстановы аховы здароўя міліцыянеры заступаюць на пасты ў аддзяленні Белаграпрамбанка, судзе, аддзеле прымусовага выканання. Чарговасць вызначае графік.


 Распісаныя па гадзінах дні для Максіма Платонава напачатку былі нязвыклымі. У ахову прыйшоў з грамадзянскай прафесіі. Выпускнік факультэта фізічнай культуры і спорту Віцебскага дзяржуніверсітэта ўзначальваў ФСК “Міёры”. Чытачы раённай газеты памятаюць Максіма як аўтара матэрыялаў спартыўнай тэматыкі. Змяніць сферу дзейнасці вырашыў у 2017 годзе. У снежні накіравалі ў вучэбны цэнтр Дэпартамента аховы, а ў пачатку мая 2018-га прыступіў да службовых абавязкаў. Атрымлівае новы вопыт і працягвае ўдасканальваць фізічную форму.
Кожны тыдзень Максім наведвае трэнажорную залу, пастаянна выступае за каманду аддзялення аховы на спартыўных спаборніцтвах. Сёлета ўдзельнічаў у “Міёрскай лыжні”, дзе ўзялі трэцяе месца. У валейболе сярод мужчын ахоўнікі абышлі многіх канкурэнтаў і сталі другімі. Нядаўна вярнуліся з кубкам пераможцаў з Браслава, абыгралі ў баскетболе каманды суседняга раёна.


— Свае плюсы і мінусы ёсць у кожнай справе. У цэлым службай задаволены, — гаворыць міліцыянер. — Нягледзячы на пэўныя складанасці застаецца час і для самаразвіцця, і для сям’і.


З дзяжурства Максіма чакаюць жонка Вольга і дачушка Жэня, якой ідзе другі год. Маладую сям’ю аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы—абодва прыхільнікі актыўнага ладу жыцця. Таму з разуменнем ставяцца да захапленняў адзін аднаго. Напрыклад, Вольга 14 лютага, у Дзень закаханых, адпусціла мужа ў Барысаў на футбольны матч Батэ-Арсенал. Згода ў сям’і дадае сіл на службе. 

 Камуфляж змяніла форма міліцэйская

У маі мінулага года міярчанін Сяргей Даронда дэмабілізаваўся з арміі. Служыў ва ўнутраных войсках. Там і з’явілася жаданне звязаць будучыню з міліцэйскай справай. Пасля трохмесячнай падрыхтоўкі ў вучэбным цэнтры маладога хлопца прынялі ў Міёрскае АДА.
— Як служыцца? — цікаўлюся ў субяседніка.


— Выдатна, — не задумваючыся, гаворыць у адказ. — Калектыў дружны, з абавязкамі спраўляюся. Што да начных дзяжурстваў, то пакуль нескладана — у маладосці спаць не хочацца.


Сяргей прыгадвае, што ў школе не вызначаўся прыкладнымі паводзінамі, былі праблемы з дысцыплінай. Добрай загартоўкай стала служба ў арміі, на многае змяніліся погляды. Цяпер сам сочыць за парадкам. Затрымлівае парушальнікаў за дробнае хуліганства, ужыванне алкагольных напояў у грамадскім месцы і іншыя правапарушэнні.


У вольныя дні сяржант міліцыі накіроўваецца ў спартзалу. Займаецца на трэнажорах, гуляе ў тэніс, футбол, баскетбол. Дарэчы, быў капітанам каманды, якая перамагла на спаборніцтвах па баскетболе ў Браславе.


Як і большасць маладых людзей, Сяргей часта заходзіць у інтэрнэт. Не толькі дзеля забавы. Трэба рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання. Вырашыў паступаць у Магілёўскі інстытут МУС. 

***
Начальнік Міёрскага аддзялення Дэпартамента аховы Міхаіл Пракопчык характарызуе маладых супрацоўнікаў як адказных, надзейных, перспектыўных. Заўважае, што па выніках мінулага года АДА стала лепшым у вобласці. На высокія паказчыкі працуе ўвесь калектыў. Ёсць на каго раўняцца моладзі. Напрыклад, шмат год у ахове камандзір страявога падраздзялення міліцыі Сяргей Маляўка, міліцыянер-вадзіцель Юрый Рубанік, міліцыянер-кінолаг Віктар Стома.


— Усіх супрацоўнікаў аддзялення, якія носяць міліцэйскую форму, і нашых ветэранаў — з прафесійным святам! — віншуе калег Міхаіл Часлававіч. — Баявога настрою, поспехаў на службе, утульнасці ў дамах. Асобныя словы ўдзячнасці за разуменне і надзейны тыл адрасую сем’ям нашых супрацоўнікаў. Падтрымка блізкіх дапамагае спраўляцца са складанасцямі службы.

Фотаматэрыял аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

XML error in File: https://www.calend.ru/img/export/today-names.rss
XML error: at line 0

Госці краін

free counters
Партнеры сайта