Міліцыянер-кінолаг Павел ШАНІН заступае на дзяжурства са сваім чацвёраногім калегам па мянушцы Грэй. Да службы ў ахове сабакі ў Паўла не было. Гэта не перашкодзіла стаць міліцыянерам-кінолагам, навучыцца разумець характар і настрой чацвёраногіх таварышаў, вучыць іх выконваць каманды і браць след.
У МІНУЛЫМ ГОДЗЕ Павел Шанін адзначыў першы службовы юбілей — пяць год. У Грэя выслуга меншая. Двухмесячным шчанём Павел прывёз яго з гадавальніка службовых сабак абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы. Цяпер нямецкай аўчарцы тры з паловай гады. Можна сказаць, яшчэ падлетак. Энергічны, эмацыяльнальны. Па тым, як радуецца свайму гаспадару, бачна, што Грэю не заўсёды проста, так бы мовіць, трымаць сябе ў лапах.
— Да службы прывучаў паступова. Спачатку браў з сабой на некалькі гадзін, затым павялічваў час, — расказвае міліцыянера-кінолаг.
ПАЎЛУ доўга прывыкаць да дысцыпліны не давялося. У міёрскую ахову ўладкаваўся адразу пасля арміі. Да гэтага паўгода паспеў папрацаваць аграномам у адной з гаспадарак Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Туды накіравалі пасля Лужаснянскага аграрнага каледжа.
— Вырашыў вярнуцца ў свой горад. Якраз у ахове была вакансія, — гаворыць Павел. — Знаёмыя здзіўляліся, што ў кінолагі пайшоў. У мяне нават сабакі свайго не было. Аднак усё атрымалася.
ПРАФМАЙСТЭРСТВА міліцыянер-кінолаг і яго чацвёраногі калега перыядычна павышаюць на спецыяльных курсах у Віцебску. Браць след, шукаць па паху рэч ці чалавека, якому яна належыць — такія службовыя патрабаванні да сабакі. Два разы на тыдзень Павел паўтарае з Грэем стандартныя каманды — "сядзець", "ляжаць", "стаяць", "голас", "да мяне", "апорт". Адольваюць паласу перашкод. Грэй лёгка скача праз двухметровы бар'ер.
— Па правілах, сабаку трэба трэніраваць на адлегласці 15-20 метраў. Ён павінен разумець каманды, пададзеныя і голасам, і жэстамі. І слухацца толькі свайго гаспадара,—расказвае міліцыянер-кінолаг. — Грэй — здольны вучань. Аднак часам бывае не ў настроі. За поспехі частую яго ласункамі.
РАЗАМ з Паўлам Грэй заступае на дзяжурства па горадзе і займае сваё месца ў патрульнай машыне. Часта выязджаюць на месцы злачынстваў у раён. Неяк у адной вёсцы з магазіна ўкралі спіртное і прадукты харчавання. Грэй каля кіламетра ішоў па следзе злодзеяў і не памыліўся.
ВЫХАДНЫЯ дні Павел праводзіць са сваёй сям'ёй. Дома сустракаюць жонка Марына і трохгадовая дачушка Саша. Грэй адпачывае непадалёку на дачы. Павел прыносіць яму корм, выгульвае. У супрацоўніка аховы адносіны з сабакам выходзяць за рамкі службовых.
— Перш за ўсё Грэй — гэта сябар, — заўважае міліцыянер-кінолаг.
ДВОЙЧЫ Павел і Грэй удзельнічалі ў абласным конкурсе прафмайстэрства. Пакуль што лепшы вынік — сёмае месца з дваццаці двух. Перамогі яшчэ наперадзе.
Фота аўтара.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.