В то время на Миорском металлопрокатном заводе

 На мінулым тыдні цэлую старонку Міёрскаму металапракатнаму заводу прысвяціла галоўная газета краіны — “СБ. Беларусь сегодня”. Загаловак гучны — “Круто, просто жесть”. З інфармацыі пра будоўлю, якую яшчэ не агучвала раёнка, наступнае: да 1 студзеня 2020 года першы ліст металу таўшчынёй да 0,1 міліметра, пакрыты слоем волава, павінен сысці з завадскога канвеера; у Міёрах цэны на жыллё цяпер вышэй, чым у Маскве; гэты аб’ект самы буйны ў Віцебскай вобласці за апошнія 30 гадоў; ехаць сюды працаваць нікога ўгаворваць не трэба, заробак і бытавыя ўмовы добрыя; лінія зваркі для атрымання суцэльнай стужкі пракату ўжо паступіла з Японіі. Панарамны здымак дае ўяўленне пра маштабы пляцоўкі і стан аб’ектаў на ёй.

Са спасылкай на генеральнага дырэктара Пятра Шымуковіча прадоўжым знаёміць са станам спраў непасрэдна на аб’ектах ММПЗ. Кожная падзея, магчыма, не такая маштабная, аднак усе разам яны з кожным днём мяняюць аблічча будучага прадпрыемства.


На будынку асноўнага лістапракатнага цэха, а гэта гмах даўжынёй у 420 і шырынёй у 120 метраў, працягваюць мантаж сцен. На даху плошчай больш за 39 тысяч квадратных метраў поўнасцю ўклалі прафнасціл, іншымі словамі — чарнавую страху. Яна пакрываецца зверху “слаёным пірагом” з мінеральнай ваты для ўцяплення і гідраізаляцыйнай мембранай ад вільгаці. Такім чынам, поўнасцю дах гатовы на плошчы звыш 28 тысяч “квадратаў”.


Расійскія спецыялісты з Перваўральска пад кіраўніцтвам і наглядам нямецкіх прадстаўнікоў фірмы-вытворцы вядуць мантаж першага пракатнага стана RСМ. Тэхналогія вытворчасці вельмі дакладная, таму работы з вялізнымі і надта важкімі дэталямі выконваюць старанна, з даводкай да сотых доляў міліметра. З выкарыстаннем магутных, да 36 тон, кранаў. Дарэчы, восем з дзесяці патрэбных для вытворчасці кранаў ужо ў дзеянні.


Унутры цэха праклалі трубы ацяплення і вентыляцыі. Агульная працягласць такіх інжынерных сетак увогуле павінна перабольшваць шэсць кіламетраў, больш за палову ўжо занялі належнае месца. Для большай нагляднасці: вага канструкцый інжынерных сетак 4040 тон, засталося ўсталяваць 1580. Адначасова электрыкі займаюцца асвятленнем.


Выраб фундаментаў для ўсіх каўпаковых печаў, а іх будзе 10, завяршылі. У першай дэкадзе лістапада пачнуць мантаж саміх печаў. Але бетоншчыкам спраў хапае, яны заканчваюць заліваць фундаменты для абсталявання лініі электралітычнай ачысткі ЕСL, у высокай ступені гатоўнасць фундамента і для станаў карэкціроўкі таўшчыні металічнага ліста DСR і лініі электралуджэння ЕТL.


Уздоўж асноўнага гмаха замест часовай уладкоўваецца аўтамабільная дарога на пастаяннай аснове, а гэта каля паўкіламетра трасы, якая павінна вытрымліваць самы вялікагрузны транспарт. Каб мець пра яго ўяўленне, Пётр Мікалаевіч паведамляе пра дастаўку з Варонежа двух электратрансфарматараў фірмы “Сіменс” расійскай вытворчасці, знешне нібы і не надта вялізных, але ўсё ж яны негабарытныя, кожны вагой у 48 тон. Запатрабавалі спецыяльных шматвосевых трэйлераў, суправаджэння па беларускіх дарогах, не кажучы пра мытнае афармленне і іншыя дадатковыя клопаты.


Размова пра трансфарматары невыпадковая, ММПЗ будзе спажываць 45 мегават электраэнергіі, а вось гэтыя — для галоўнай паніжальнай падстанцыі ад лініі ў 110 кілавольт. Следам пойдуць менш магутныя, каб падаваць для тэхналагічнага абсталявання напругу ў 380 ці 400 вольт.


У будучым адміністрацыйным будынку зрабілі ўнутраныя перагародкі, залілі падлогу, заклалі патрубкі для камунікацый. Знешні выгляд павінны памяняць фасадныя канструкцыі, прыбыцця якіх чакаюць.


Цэнтральныя майстэрні гатовы да зімы, для іх дастаўлена і падключаецца мабільная кацельня. Памяшканне склада масла рыхтуецца да ўнутраных работ ва ўмовах пахаладання. Такая ж сітуацыя з будынкамі гаражоў, кампрэсарнай. Разгортваюцца работы на апошніх аб’ектах — гэта водападрыхтоўка. Неабходная дакументацыя ёсць, а далей — прывычныя сваі, ростверкі, інжынерныя сеткі…


Будучы завод — вялікае прадпрыемства, шмат спраў і на іншых участках. А паралельна працягваецца падбор будучых спецыялістаў, вучоба персаналу. Зараз праходзяць стажыроўку ў Швейцарыі пяць чалавек, рыхтуюцца да паездкі ў Германію ў лістападзе восем. 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.