Конкурс автолюбителей "Журавлиный драйв"
gazeta Вчера, 10:13 272 Грамадства / На Міёршчыне
Традыцыйна ў рамках экасвята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» праходзіць конкурс аўтааматараў «Жураўліны драйв». Паспаборнічаць у тэорыі і на практыцы сёлета сабралася сем удзельнікаў з шасці арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Удзельнікі конкурсу – Андрэй Алейнікаў з Міёрскага раёна электрасетак, Ігар Хадасевіч з райвыканкама, Ганна Пажарская з ЦРБ, Таццяна Касевіч са станцыі хуткай дапамогі, Юлія Дзярко з Міёрскага раёна газазабеспячэння, Ігар Дзярко і Анастасія Фёдарава з металапракатнай кампаніі. Іх чакаюць тэарэтычны экзамен па правілах дарожнага руху і практычныя выпрабаванні. Некаторым удзельнікам гэта ўжо знаёма, хтосьці на конкурсе ўпершыню.
– Першы раз удзельнічаю, цікава, – гаворыць Анастасія Фёдарава з металапракатнай кампаніі. – Канешне, хочацца месца заняць. Аднак калі не атрымаецца, то нічога. З практычных іспытаў для мяне найбольш складаны – «змейка» задам, цалкам з ім не справілася.
Таксама за гэты элемент перажывала фельчар хуткай дапамогі Таццяна Касевіч.
– Напярэдадні конкурсу два дні трэніравалася на аўтадроме. Са «змейкай» справілася без памылак. Што больш за ўсё палохала, тое найлепш атрымалася, – заўважае яна. – У конкурсе ўдзельнічала ў пазамінулым годзе. Вырашыла зноў паспрабаваць, каб павысіць свой узровень. Крыху хвалююся, аднак справілася лепш, чым у мінулы раз.
Разам на конкурсе сямейная пара Ігара і Юліі Дзярко. У мінулым годзе Юлія стала пераможцай «Жураўлінага драйву», а Ігар заняў другое месца.
Сёлета тройка лідараў выглядае так: першае месца ў Ігара Хадасевіча, на другім зноў Ігар Дзярко, трэцяе заняла Таццяна Касевіч. Найлепшыя вынікі па тэорыі ў Таццяны Касевіч (1 месца) і Ігара Хадасевіча (2 месца).
Дыпломы і падарункі пераможцам уручыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Жук. Пажадаў поспехаў у паўсядзённасці і бяспекі на дарозе.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.