Слесарь Миорского района газоснабжения Анатолий АЗЕВИЧ: 25 лет в газовой службе
gazeta 6-09-2021, 09:34 374 Грамадства / Наш гонар
Першая нядзеля верасня адзначана ў календары дзвюма адметнымі падзеямі. У краіне традыцыйна святкуюць Дзень беларускага пісьменства. Віншаванні з прафесійным святам гучаць у адрас работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Слесар аварыйна-аднаўленчых работ Міёрскага раёна газазабеспячэння Анатоль АЗЕВІЧ прыме іх у 25-ы раз.
Верасень для Анатоля Азевіча – пара асаблівая. Менавіта ў гэтым месяцы – другога чысла, якраз напярэдадні прафесійнага свята – стаў супрацоўнікам газавай службы. У другую нядзелю верасня святкуе Дзень танкістаў. Службу ў танкавых войсках праходзіў юнаком у Польшчы. Нашмат пазней як напамін пра армейскія дні купіў шлем танкіста. Цяпер яго любяць прымяраць унукі.
У розныя прафесіях паспрабаваў сябе Анатоль Іванавіч. Скончыўшы школу ў роднай вёсцы Атрубок, што ў Докшыцкім раёне, паехаў у сталічнае вучылішча, дзе атрымаў прафесію шкловыдзімальшчыка. Першае рабочае месца – Барысаўскі крыштальны завод. Завіхаўся ля печы для каляровага шкла, з якога выраблялі келіхі.
Пасля арміі Анатоль скіраваўся ў Мінск, працаваў на падшыпнікавым заводзе. Ужо тады ў яго была каханая. З міярчанкай Алінай пазнаёміўся падчас армейскага водпуску. Маладая педагог працавала па размеркаванні ў Докшыцкім раёне. Выбіраючы месца для сямейнага жыцця, спыніліся на Міёрах. Тут з 1983 года. У газавую службу ў 1996-м Анатоля Іванавіча запрасіў колішні дырэктар прадпрыемства Валерый Булаўскі.
– Я тады токарам працаваў у меліярацыі. Прапанову прыняў, – расказвае субяседнік. – Два з паловай месяцы адвучыўся на спецыяльных курсах і прыступіў да работы. На адаптацыю да новых месца, калектыву, абавязкаў спатрэбілася каля года. Затым час паляцеў, і 25 гадоў мінулі, здаецца, незаўважна. Калі пачынаў, у калектыве 70 работнікаў налічвалася, зараз 40. Тых, хто ўладкоўваўся на службу разам са мной ці гады на два-тры пазней, цяпер каля дзясятка працуе.
Задача слесара аварыйна-аднаўленчых работ – лакалізацыя і ліквідацыя аварый і здарэнняў на сістэме газазабеспячэння, выкананне заявак па рамонце газавыкарыстальнага абсталявання. Выязджае на выклікі ў шматпавярховыя і прыватныя дамы, сочыць за спраўнай работай сістэм на газаразмеркавальных пунктах. У дадатак разам з калегамі займаецца добраўпарадкаваннем ля адміністрацыйнага будынка, абкошвае вялікі сад на тэрыторыі, абразае дрэўцы. За змену працягласцю ў 24 гадзіны паспявае справіцца з клопатамі.
Працяглы працоўны шлях Анатоля Азевіча адзначаны граматамі мясцовага і абласнога ўзроўняў. Яны захоўваюцца ў сямейным архіве. Між тым газавік заўважае, што самае важнае для яго – належна выконваць службовыя абавязкі. Вольныя дні Анатоля Іванавіча ў цёплую пару заняты справамі на дачы. Часам вудзіць рыбу на азёрах, хоць да кагорты заўзятых рыбаловаў сябе не адносіць. Куды больш вабіць ціхае паляванне. Па грыбы звычайна выпраўляюцца разам з жонкай. Спадзяюцца, што ў хуткім часе саставяць кампанію двое ўнукаў і ўнучка.
Дочкі Алена і Марына са сваімі сем’ямі жывуць у Міёрах. На суседняй з бацькамі вуліцы. Бачацца ледзь не штодня, а ў дні нараджэння, на Новы год і ў іншыя адметныя даты календара традыцыйна збіраюцца ра- зам. Сёлета ўсёй дружнай сям’ёй сустракалі 60-гадовыя юбілеі Анатоля Іванавіча і Аліны Мечыславаўны.
Прафесійнае свята для Анатоля Азевіча таксама сямейнае. У Міёрскім РГЗ слесарам службы эксплуатацыі вонкавых газаправодаў і збудаванняў на іх заняты зяць Яўген. Таму першая нядзеля верасня – яшчэ адна нагода правесці час разам з роднымі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота з архіва Міёрскага РГЗ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.