Как работают и что преодолевают миорские мелиораторы?
gazeta 4-02-2019, 13:43 841 Грамадства
На снежаньскім пасяджэнні аблвыканкама разгледзелі пытанне аб стане і развіцці меліярацыі на Віцебшчыне. Асушаныя землі і галіну ў цэлым невыпадкова назвалі нацыянальным багаццем, бо толькі ў вобласці эксплуатуецца 1318 асушальных сістэм.
Працягласць закрытай сеткі складае 282 тысячы кіламетраў, каналаў — 23 тысячы, нямала дамб, дарог, мастоў, рэгулюючых збудаванняў, вадаёмаў і іншага. Падтрымліваць гэту вялікую гаспадарку даводзіцца ва ўмовах скарачэння фінансавання. Як пераадольваюць цяжкасці, з якімі вынікамі ўступілі ў новы год меліяратары, расказвае ўдзельнік пасяджэння аблвыканкама, начальнік Міёрскага ПМС Уладзімір НІКАЛАЁНАК.
— Наша прадпрыемства працягвае працаваць у звычайным рабочым рытме, — запэўніў Уладзімір Пятровіч. — Умовы для меліяратараў ніколі не былі простыя, імкнёмся пераадольваць новыя выклікі. Хаця новымі іх назваць цяжка, проста абвастрыліся даўнія праблемы. Тым не менш, па выніках мінулага года выканалі падрадных работ на 1 мільён 413 тысяч рублёў, непасрэдна меліярацыйныя работы займаюць 42,7%. Па гэтым паказчыку мы на чацвёртым месцы ў вобласці пасля аднатыповых прадпрыемстваў Лепеля, Глыбокага і Віцебска, на ўзроўні з меліяратарамі Дуброўна і Бешанковіч.
Выручка ад рэалізацыі з улікам аказаных паслуг дасягнула 1 мільёна 924 тысяч рублёў, чысты прыбытак склаў 47 тысяч пры рэнтабельнасці продажу 1,8%. У разліку на аднаго працуючага выручка таксама салідная — 26 тысяч рублёў. Больш толькі ў віцебскіх калег. Па сярэдняй заработнай плаце мы таксама ў ліку лепшых у вобласці, хаця хацелася б большую.
Якія работы летась выконвала Міёрскае ПМС?
— Найперш — профільныя. Мы займаліся тэхнічным доглядам меліярацыйных сістэм на Міёршчыне, а таксама ў Полацкім і Расонскім раёнах. Рэканструявалі мясцовыя асушальныя сеткі ў ААТ “Чэрасы” і “Райаграсэрвіс”, КУП “Сяляўшчына” Расонскага і СВК “Жвіранка” Шаркаўшчынскага раёнаў. Зараз пачалі займацца гэтым у КУП “Язна”.
Але толькі фінансуемымі з бюджэту работамі цяпер не пражыць. Таму ўдзельнічалі ва ўзвядзенні буйнога малочнатаварнага комплексу “Клясціцы” на Расоншчыне, займаліся бетоннымі работамі, добраўпарадкаваннем і падсыпкай тэрыторыі, пракладкай водаправода і каналізацыі. Дарэчы, працягваем там працаваць і цяпер.
Такая ж сітуацыя з рэканструкцыяй аўтадарожнага пагранічнага пункта “Урбаны” на Браслаўшчыне, працавалі і будзем працягваць работы.
Увогуле імкнуліся быць карыснымі для іншых і мець заробак для сябе на мностве іншых аб’ектаў. У іх ліку заканчэнне будаўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы ў Міёрах і кемпінгу ў Зачарэўі, удзельнічаем ва ўзвядзенні металапракатнага завода. Не губляем сувязі з “Нафтанам”.
Такім чынам, размова пра плаўны пераход ад зробленага да пачатага.
— Такая сітуацыя ў нас часта: заканчэнне каляндарнага года далёка не заўсёды супадае з завяршэннем, уводам нейкага аб’екта. І цяпер працягваем доглядныя работы на меліярацыйных аб’ектах у сваім і Расонскім раёнах, а там нам перадалі 300 кіламетраў парослых хмызнякамі каналаў, чаго на Міёршчыне зусім няма. Падсыпаем унутрыгаспадарчыя дарогі, разбіваем валы на асушаных плошчах ва УП “Чэрасы” і ля вёсак Моцеўкі-Дзеверкі ААТ “Любінова”.
Вы адзначылі вялікую выручку ў разліку на аднаго работніка. Хто забяспечвае высокую прадукцыйнасць працы?
— Разумею і падтрымліваю людзей, якія жадаюць і імкнуцца больш зарабіць. На нашым прадпрыемстве такіх нямала. Умеюць належным чынам арганізаваць працу прарабы Мікалай Лаўрыновіч і Уладзімір Захарэвіч. Залатыя рукі ў электрагазазваршчыка Міледзія Мацюка, ён выканае любую работу, заўсёды і ўсюды хуткі. Надзейныя ў справе машыністы экскаватараў Сяргей Мінін і Мікалай Усціновіч, машыністы бульдозераў Уладзімір Харытовіч і Віктар Томас, вадзіцелі Сяргей Шокель і Леанід Мурзіч, трактарыст Сяргей Каснарэвіч. Назваць можна і многіх іншых. Спраўляюцца са сваімі абавязкамі інжынерна-тэхнічныя работнікі.
На пасяджэнні аблвыканкама прагучала, што сёлета запланавана ўвесці ў эксплуатацыю 800 гектараў новых асушаных зямель у чатырох раёнах, у тым ліку Міёрскім. Непасрэдна вашаму ПМС даручана стварыць участак у Расонах. Такія дадатковыя задачы калектыву па сілах?
— У цяперашніх эканамічных умовах ніхто не адмаўляецца ад фінансуемых аб’ёмаў работ. Мы некалькі гадоў не вялі новае асушэнне, таму аб’ект “Праўда-2” прыкладна ў 70 гектараў на тэрыторыі падсобнай гаспадаркі ААТ “Райаграсэрвіс” — як падарунак. Значная яго частка — гэта забалочаныя хмызнякі паблізу ММПЗ.
Увогуле 2019-ы будзе для ПМС напружаным. У ліку нашых увадных аб’ектаў рэканструкцыя меліярацыйных сістэм “Мічурына” ў 136 гектараў у Міёрскім раёне і “Сяляўшчына” ў 91 га ў Расонскім, рамонт асушальных сетак “Марачкова” і ”Гальніца” на Расоншчыне. Сярод пераходных— рэканструкцыя вялікай меліярацыйнай сістэмы “Кірава” ў ААТ “Узмёнскі край”.
Хаця ўвадных, пераходных і іншых аб’ектаў названа шмат, для поўнай загрузкі прадпрыемства давядзецца шукаць і іншыя дадатковыя, профільныя і не зусім, пашыраць і рэкламаваць паслугі.
Што да стварэння ўчастка ў Расонах, то гэта “абкатка” на нашым прыкладзе эксперыменту па аптымізацыі колькасці і ўзбуйненні меліярацыйных прадпрыемстваў вобласці. Па ўсім бачна, такім шляхам потым пойдуць Ушацкі, Пастаўскі, Сенненскі, Докшыцкі ПМСы. Ён няпросты, бо, напрыклад, нам ад калісьці вялікай меліярацыйнай арганізацыі ў Расонах перайшло намала тэхнікі, але сярод яе толькі дзве спраўныя тэхнічныя адзінкі — лізінгавыя экскаватар і трактар, а яшчэ паўтара дзясятка работнікаў. З іх трэба стварыць дзеяздольнае падраз- дзяленне. З усім астатнім там разбіраецца крызісны кіраўнік.
Сітуацыя ўскладняецца і тым, што гэта не адзіная праблема для меліяратараў, у нас канкрэтна і ў цэлым па вобласці. Найперш непакоіць скарачэнне фінансавання галіны, несвоечасовыя разлікі за выкананыя намі работы і аказаныя паслугі староннімі арганізацыямі, вялікі знос тэхнікі, кадравы голад на спецыялістаў рабочых прафесій, на ІТР. Імкнёмся іх пераадолець.
Фота з архіва рэдакцыі.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.