По следам Вацлава Ластовского

Вось і здзейснілася мая мара. Я вучуся ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава. І гэтаму бясконца рада. Вучоба мне даспадобы, хоць і бываюць нейкія цяжкія моманты, але іх трэба пераадольваць.

 

Але як бы ні прывабліваў горад, вучоба, сябры, нішто і ніколі не заменіць тое месца, дзе нарадзілася. Бо там жывуць бацькі, якіх люблю ўсім сэрцам. Я заўсёды са сваімі думамі, марамі, надзеямі ў вёсачцы Стары Пагост, дзе вельмі прыгожа, утульна і спакойна. Нездарма там вучыўся некаторы час Вацлаў Ластоўскі — беларускі гісторык, грамадскі і палітычны дзеяч, член Рады Беларускай народнай рэспублікі, прэм’ер-міністр БНР (1922-1925гг.), акадэмік і сакратар Акадэміі навук БССР, рэдактар першых беларускіх газет.

 

Нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі ў 1883 годзе ў фальварку Калеснікі Дзісенскага павета Віленскай губерніі ў небагатай сям’і арандатара.  “Паміж Мнютай і Авутай “ — так азначыў ён месца свайго нараджэння. Калі казаць дакладней, то нарадзіўся ён на хутары Калеснікаў, што знаходзіцца справа ад дарогі паміж рэкамі Мнютай, якая ўпадае ў возера Пліса, і Аутай, прытокам Дзісны.

 

У 1923 годзе ў першым нумары часопіса “Крывіч” быў надрукаваны артыкул Вацлава Ластоўскага “Старабеларуская вясковая школа”. У ім аўтар падзяліўся з чытачамі ўспамінамі пра школу ў вёсцы Стары Пагост Дзісенскага павета, якую ён наведваў з 1892 па 1894 год. Публікацыя з’яўляецца каштоўнай крыніцай інфармацыі па гісторыі беларускай педагогікі.

 

Тады школьны будынак амаль нічым не адрозніваўся ад іншых вясковых хат, хіба толькі, як піша Ластоўскі, большай сваёй старасцю і кляймом нейкай архаічнасці. Складаўся ён са святліцы, дзе праходзілі заняткі, сяней і каморкі, у якой жыў вартаўнік. У святліцы стаялі лаўкі,  асобна для хлопцаў і дзяўчат. Шмат месца займала вялікая глінабітная печ, на якой, даўшы вучням заданне, любіў падрамаць настаўнік. Наогул, школьны персанал складаўся ўсяго з двух чалавек: з “дырэктара” (настаўніка) і “дасціпула” (вартаўніка), які сачыў таксама за парадкам. У часы Ластоўскага настаўнікам тут быў былы выхаванец гэтай самай школы, адстаўны фельдфебель па прозвішчы Рубаха.

 

Школьны год пачынаўся за тыдзень да Пакроваў. Настаўнік склікаў старэйшых вучняў, даваў ім у рукі кошычкі і адпраўляў збіраць тых, каму надышла пара ісці да школы. Хлопцы па чарзе абыходзілі хаты, дзе меліся дзеці школьнага ўзросту, спачатку спявалі гаспадарам валачобныя песні і расказвалі вершы, у якіх хвалілі навуку, а затым заклікалі будучага школьніка ісці разам з імі. Бацькі клалі ў кошычкі гасцей пачастункі і адпраўлялі сваё дзіця з тым гуртам. У канцы абыходу збіралася з паўсотні дзяцей, якія затым накіроўваліся да школы. Прынесеныя дары раскладалі на патэльні, сталы засцілалі абрусамі, за іх садзілі малых гасцей, і пачыналася бяседа. Разам з дзецьмі садзіліся вучыцель і “дасціпул”. Настаўнік казаў “навуку”, затым усе частаваліся, а пасля гулялі.

 

Са шкадаваннем Ластоўскі завяршае свае ўспаміны паведамленнем аб тым, што пазней Старапагосцкая школа была перароблена пад царкоўнапрыходскую. Мовай выкладання ў ёй была ўжо руская.

 

Але самае цікавае тое, што гэта школа захавалася да нашага часу. Стаіць яна насупраць маёй хаты. І вось калі я выходжу на вуліцу і бачу гэты будынак, мне адразу хочацца сказаць: “Вось тут вучыўся Вацлаў Ластоўскі“. Хоць мая вёсачка і маленькая, але гісторыя яе вельмі вялікая…

 

Анжэла АПАЛЬКА, 

студэнтка 1 курса Віцебскага

дзяржуніверсітэта

імя П. М. Машэрава.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.