Авторизация
 

У штомесячніка «Міёрская даўніна» соты нумар!

 Выданне рады музеяў СШ № 3 імя Я. Томкі і гуртка «Арганаўты мінулага» штомесячнік «Міёрская даўніна» адзначыла юбілей. Пабачыў свет соты нумар. Шчырыя віншаванні з гэтай нагоды заснавальніку, рэдактару, аўтару большасці матэрыялаў і выдаўцу ў адной асобе Вітольду ЕРМАЛЁНКУ. Пажаданні далейшага плёну ў яго шматграннай дзейнасці. 

У пэўнай ступені змест юбілейнага нумара традыцыйны: паведамленні пра шматлікія экскурсіі і візіты, гістарычныя канферэнцыі і конкурсы, знаходкі і набыткі экспанатаў, архіўныя звесткі. Вітольд Антонавіч адзначаны абласным дыпломам першай ступені ў конкурсе па краязнаўчай тэматыцы. З такой жа ўзнагародай вярнулася яго падапечная, выпускніца Юлія Грыгор’ева, з краязнаўчых чытанняў у Віцебску. Папоўнілі экспанатамі школьныя музеі супрацоўнік музея «Лінія Сталіна» Андрэй Трусаў, настаўнік Міхаіл Закрэўскі, антыквар Алег Сухамера, калекцыянер з Даўгаўпілса Мікола Паўловіч, першакласнік Уладзімір Мілашэвіч і іншыя. Вітольд Антонавіч ганарыцца набыццём у мясцовага калекцыянера знойдзенай у наваколлі Новага Пагоста рымскай манеты – сестэрцыя імператара Максіміліяна, якую можна датаваць 236 – 238 гадамі нашай эры.


Шэраг матэрыялаў прысвечаны 75-годдзю вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Самая вялікая публікацыя – «Дзісенскі павет у складзе Віцебскай губерні», яе падрыхтаваў аспірант Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Бараноўскі. Прыводжу ў скарачэнні.


«У канцы лістапада 1918 года Дзісенскі павет вызвалены ад нямецкіх войск. Адразу сюды быў накіраваны член Невельскага РКП(Б) Я. Я. Новікаў, пры яго непасрэдным удзеле прайшлі выбары ў Саветы, арганізаваны камуністычныя ячэйкі. У пачатку снежня ўтвораны павятовы камітэт РКП(б) пад старшынствам У. А. Маняка, які адразу звярнуўся ў Віцебскі губкам РКП(б) з просьбай аб аказанні дапамогі кадрамі і літаратурай, а таксама заказаў штэмпель і круглую пячатку. Імі пачалі пацвярджаць дакументы ўжо ў студзені 1919-га. Перад савецкімі і партыйнымі органамі напачатку стаяла задача па ўмацаванні на вызваленых тэрыторыях савецкай улады, ліквідацыі наступстваў акупацыі, разгортванні гаспадарчага і культурнага будаўніцтва.


 Пасля ўтварэння ССРБ у студзені 1919 года Дзісенскі павет, як і ў цэлым Віцебская губерня, уваходзілі ў склад Беларускай рэспублікі. Але кіраўніцтва губерні прынцыпова выступала супраць стварэння ССРБ і па рашэнні з Масквы ўжо 16 студзеня Віцебшчына адышла да РСФСР. 27 студзеня ЦК КП(б) у тэлеграме губкаму і губвыканкаму паведамляла, што адмаўляецца «як у савецкіх, так і ў партыйных адносінах ад Віцебскай губерні».


Кіраўніцтва Віцебскай губерні спрабавала захаваць у сваім падпарадкаванні Дзісеншчыну. Непасрэдна ў Дзісну ў канцы студзеня быў накіраваны член прэзідыума Віцебскага губкама РКП(б) А. А. Шыфрэс. Аб выніках паездкі ён далажыў 2 лютага на пасяджэнні губкама і паставіў пытанне: аддалены Дзісенскі павет адносіцца да Віцебскай губерні ці да ССРБ? Вырашылі, што да Віцебска ён бліжэй, і губкам пастанавіў «узбудзіць… хадайніцтва аб далучэнні Дзісенскага павета да Віцебскай губерні».


2 – 3 лютага 1919 года ў Мінску адбыўся Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які канчаткова замацаваў вяртанне Віцебскай губерні ў склад РСФСР, а таксама прыняў рашэнне аб аб’яднанні ССРБ і Літоўскай ССР у адну дзяржаву. Такім чынам Дзісенскі павет аказаўся ў складзе Мінскага павета Літоўска-Беларускай ССР. Толькі такое рашэнне не задавальняла кіраўніцтва Дзісенскага павета. Павятовыя канферэнцыя камуністаў і з’езд Саветаў рэзка выказаліся супраць гвалтоўнага вываду з Віленскай губерні. Павятовы партыйны камітэт некалькі разоў накіроўваў тэлеграмы ў ЦК КП(б) ЛіБ з хадайніцтвам аб далучэнні Дзісеншчыны да Віленскай губерні. Адна з іх (ад 23.04.1919) вельмі эмацыянальная: «Мінск пасылае нас у Вільна, а Вільна ў Віцебск, а Віцебск сам мае патрэбу ў няньках, і мы без сродкаў і без прамой сувязі з пэўным цэнтрам вымушаны прасоўвацца чарапашымі крокамі». Далей ішла просьба даць згоду на далучэнне павета да Віленскай губерні. На наступны дзень яна была задаволена. Такое ж рашэнне прынята на міжведамаснай нарадзе пры эканамічна-прававым аддзеле Наркамата па замежных справах РСФСР.


Вільню неўзабаве акупіравалі польскія войскі, і Віцебскі губвыканкам 22 мая 1919 года прыняў пастанову аб уключэнні Дзісенскага павета ў склад Віцебскай губерні. Але 31 мая Наркамат унутраных спраў Літоўска-Беларускай ССР тэлеграмай адказаў, што Дзісенскі павет з 24 красавіка далучаны да Віленскай губерні, значыць, уваходзіць у склад Літоўска-Беларускай ССР.
Тым не менш, Наркамат унутраных спраў РСФСР 5 чэрвеня 1919 года з прычыны адарванасці Дзісенскага павета ад Віленскай губерні часова далучыў яго да Віцебскай. Старшыня УЦВК М. І. Калінін, які ў гэты час праездам знаходзіўся на Віцбшчыне, гэтае рашэнне падтрымаў, аднак адмовіўся прызнаць далучэнне без згоды кіраўніцтва Літоўска-Беларускай ССР.


Праз некаторы час Віцебскі губвыканкам атрымаў тэлеграму ад аддзела мясцовай гаспадаркі Наркамата ўнутраных спраў строга выконваць пастанову міжведамаснай камісіі пры наркамаце па замежных справах ад 24 красавіка. Згодна з ёй, Дзісенскі павет уваходзіў у склад Літоўска-Беларускай ССР.


Тэлеграфныя перагаворы па гэтым пытанні працягваліся даволі доўга, не ўсе дакументы па іх захаваліся. Канчаткова адміністрацыйна-тэрытарыяльная прыналежнасць Дзісенскага павета вызначана 29 жніўня 1919 года. Пастановай Наркамата ўнутраных спраў ён часова далучаны да Віцебскай губерні. Такая сітуацыя захоўвалася да другога абвяшчэння незалежнай Беларусі як БССР, якое адбылося 31 ліпеня 1920 года. Тады Дзісеншчына ўвайшла ў склад Мінскага павета БССР.


Такім чынам, Дзісенскі павет са снежня 1918-га па студзень 1919-га знаходзіўся ў складзе Віленскай губерні, аднак яго партыйныя і савецкія органы падпарадкоўваліся Віцебскаму губкаму і губвыканкаму. З 20 жніўня 1919-га па 31 ліпеня 1920-га павет часова знаходзіўся непасрэдна ў складзе Віцебскай губерні».

Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 14 мая 2021
Герасим, Ефим, Игнатий, Макар, Нина, Тамара

Именины 13 мая 2021
Василий, Игнатий, Климент, Максим, Никита, Яков, Ефрем

Госці краін

free counters
Партнеры сайта