Авторизация
 

Шчодры дар - каляндар. 80-годдзю Міёрскага раёна прысвячаецца

 Бацькаўшчына – алтарная – наша любоў. Промнікі слоў – на зямлі сяброў. Іх на крыжах дарог народ збярог.

Дзісненшчына (цэнтр Мёры)… – стык розных культур, які пульсуе тут ад пары неаліту. Відаць, толькі на Дзісненшчыне – і нідзе больш – ляжыць ключ-адгадка да таямніц беларускага этнасу».


Промнікамі слоў ад пісьменніка, навукоўца Юрыя Пацюпы пачынаю свой аповед. 6 – 5 тысяч гадоў да н. э., у эпоху неаліту пачаліся важныя змены ў жыцці нашых далёкіх продкаў. Сведчанне гэтаму і навуковая ацэнка ручніка-абярэга Параскі Белавус, народжанай у 1896-ым у сям’і Івана Пірага з вёскі Забалотцы каля Дзісны: «Выявы Берагіні і Вясны-Лады – памяць русалляў з ХI – ХII стагоддзяў. Ідыяграма вады – знак з эпохі неаліту».


Рака не мяжа… Баравую карону агучылі сэрцы і продкаў званы.
Хто з мёрскай зямлі? Уплятайцеся ў крону. Абапёрся камель на падкову Дзвіны.
545 гадоў – з 1475-га згадваецца Язна. Да яго юбілейнай даты далучае сваё 70-годдзе мастак Міхаіл Ляўковіч, народжаны ў Язне 9.03.1950.


 Маці мастака Віктара Жаўняровіча (27.08.1918 – 27.02.2005) паходзіць з Дзісны, бацька з Друі. А сам Віктар з Парыжа прамаўляў так: «…Але беларускае Язна, дзе мне давялося падрастаць, зрабіла на мяне асаблівае ўражанне».
Нездарма ў Мёрах у гонар суайчынніка была зладжана выстава «Тут засталася сэрца часцінка». А няўрымслівы краязнавец Вітольд Ермалёнак правёў тады пошукавую экспедыцыю па мясцінах, якія ўзгадваў славуты мастак.


 Са старажытнай язненскай зямлёй спалучаны лёс Пятра Сіняўскага (10.07.1946 – 8.02.2008) – празаіка, драматурга, журналіста. Будучы казачнік вучыўся ў Язненскай школе. Потым былі Дзісна, Мёры…
Да 1973 года на тэрыторыі Язненскага сельсавета знаходзілася вёска Загасцінне, дзе нарадзіўся Ян Гушча (24.12.1917 – 26.06.1986). Польскаму паэту, перакладчыку і я ўдзячны за ўвагу да маіх вершаў. А ў Новым Сяле (у Язненскім сельсавеце) – нарадзіўся 2 жніўня 1952-га творца Людвіг Касаты.


340 гадоў памяці пра Сімяона Полацкага – Самуіла Пятроўскага-Сітняновіча (12.12.1629 – 25.08.1680) – паэта, драматурга, перакладчыка, публіцыста, педагога, рэлігійнага і грамадскага дзеяча, які сваімі ахвяраваннямі дапамагаў з Масквы манастырам у Дзісне, у Мёрах.


 270 гадоў Беламу палацу ў Лявонпалі, які ўзнік у 1750-ым. Пісар ВКЛ граф Мікалай Тадэвуш Лапацінскі, народжаны 20.05.1715, заснаваў там сваю рэзідэнцыю. Вёска Лількі з 1506-га вядомая як Чурылавічы, а назва Лявонпаль узнікла ў 1798-ым. Лапацінскіх гербу «Любіч» было шмат. Ян Нікадэм загадаў вымураваць «слуп вялікі над Дзвіной» – помнік Канстытуцыі 3 траўня 1791. Мар’ян Ян Станіслаў Эўзэбіюш, народжаны 1.03.1882, быў бібліяфілам, калекцыянерам. Вучыўся ў Кракаўскім, Дэрптскім універсітэтах. Гісторык мастацтва працаваў у Варшаве, жыў у Вільні. З 1906-га – у Лявонпалі.


245 гадоў: дзякуючы Лапацінскім у 1775-ым закончана ўзвядзенне ўніяцкай Свята-Траецкай царквы. Лявонпальскую бажніцу называлі ўніяцкай царквой Спаса, царквой Святой Жыццепачатнай Троіцы, Троіцкім праваслаўным храмам. І я там прымаў хрост у 1942-ім ад святара Пятра Хрышчановіча, прычасце – ад айца Мікалая Меляха.
Я перад вамі ў поўным зборы. Што Бог паслаў – усё са мной.
У памяці Лявонпаль, Мёры і зоры над маёй Дзвіной.


  210. І скульптарам, і рэвалюцыянерам абвяшчалі Генрыка, сына Міхала Дмахоўскага (26.10.1810 – 26.05.1863), народжанага ў маёнтку Забалацце Дзісненскага павета (на сёння – у Перабродскім сельсавеце Мёрскага раёна). Генры Д. Сондэрс – пад такім псеўданімам працаваў наш зямляк у Амерыцы. Там стварыў для будынка Кангрэса ЗША бюсты Франкліна, Вашынгтона, Касцюшкі, Пуласкага, Джэферсана. Яго творчае дыханне адчувалі Вільня, Познань, Лондан, Львоў, Люблін, мясціны Францыі, Аўстрыі… Камісара Дзісненскага павета карнікі пакаралі ў маёнтку Парэчча (сучасны Докшыцкі раён). Быў данос на змагара за ўсіхнюю вольнасць.


180 гадоў таму – у 1840-ым – пачаўся бунт лявонпальскіх, узмёнскіх вернікаў супраць пераводу з уніятаў у праваслаўе. Стогадовая бабка Сцепаніда, маці Альжбеты Фролаўны Панізьнік з вёскі Бабышкі, якая захавала першапачатковую рэлігійнасць, калісьці тлумачыла прычыны сваёй вернасці: «А прымаць новую веру – грэшна!»
Падковамі пазначыць хачу мяжу зімы.
Нас нельга перайначыць: калі ўжо мы,то мы!


170: сярод асоб мёрскага Пантэона значыцца і Вайніслаў Казімір Суліма-Савіч-Заблоцкі (15.03.1850 – пасля 1893-га) з маёнтка Панчаны Дзісненскага павета. Ён жа і Гаўрыла з Полацка, Грамадзянін Беларусі, Павел Завішша…Беларускі і польскі пісьменнік служыў адраджэнню беларускай мовы і культуры, нацыянальнаму станаўленню беларускага народа.
І папросіць у Бога ратай:
– Зерне памяці ў долю мне дай!


130: у вёсцы Дзедзіна (Перабродскі сельсавет) нарадзіўся Ідэльфонс Бобіч – Пётра Просты (22.01.1880 – 28.04.1944) празаік, публіцыст, драматург, перакладчык, выдавец, доктар філасофіі, педагог, рыма-каталіцкі святар у суполцы ксяндзоў-беларусаў. Служыў душпастырам на Дзісненшчыне (1917– 1920). Быў арыштаваны нямецкімі акупантамі і пасаджаны ў турму. Памёр у Іўі.
Некалькі слоў пра Вінцука Адважнага – Язэпа Германовіча (4.03.1890 – 26.11.1978).

 Служыў ксяндзом на Дзісненшчыне. Вядомы як паэт, празаік, перакладчык.
У вёсцы Летнікі Дзісненскага павета (цяпер Залескі с/с Глыбоцкага р-на) нарадзіўся Янка Пачопка (26.10.1890 – 29.05.1977) – паэт, празаік, фалькларыст.
Нарадзіўся 18.05.1945 у вёсцы Дзедзіна Ян Рышард Курыльчык – інжынер-будаўнік, польскі пісьменнік. Анатоль Бутэвіч пераклаў на беларускую мову яго кнігі «Нязломны з Назарэта», «Славянскі світанак».


125 гадоў таму – у 1895 – у Кракаве выдадзена кніга «Беларускія песні з Дзісненскага павета Віленскай губерні». Яе аўтар – Адальф Чэрны (19.08.1864 – 27.12.1952) – чэшскі вучоны-славіст.
Супыняюцца імгненні нашым позіркам прыўкрасным…


З Дзісной спалучаны лёс Эдварда Будзькі (22.03.1882 – 14.08.1958) – паэта, публіцыста, выдаўца, грамадска-палітычнага дзеяча. Вучыўся ў Дзісненскай гімназіі (у 1920-х).
У Дзісненскім касцёле (1917) ужываў беларускую мову ў богаслужэнні Адам Станкевіч (6.01.1892 – 21.11.1949), «Сваім родным мястэчкам» называў Дзісну Вацлаў Ластоўскі (8.11.1883 – 23.01.1938), народжаны ў засценку Калеснікаў. У 1859-ым наведаў Дзісну Павел Шпілеўскі – этнограф, кандыдат багаслоўя, перакладчык.


Згадаем і літаратара Пятра Яленскага – Пётру Беларуса з хутара Міршчына Дзісненскага павета. Некаторы час ён адтуль адсылаў у «Нашу Ніву» вершы, апавяданні, жарты. У 1914-ым у Вільні выдадзена кніжачкай яго апавяданне «Якім Бяздольны».
У 1824 годзе Адам Міцкевіч (24.12.1798 – 26.11.1855) наведаў фальварак Дарошкавічы каля Дзісны, гасцяваў у Людвікі Кастравіцкай. Там у сядзібнай капліцы напісаў верш «Матрос». А вось і выказванне польскага паэта беларускага паходжання, прафесара «Калеж дэ Франс» : «На беларускай мове, якую называюць русінскай, гавораць каля 10 мільёнаў чалавек. Гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, якая ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана».


 Узгадаем і мастака, краязнаўца Станіслава Арцімовіча (13.03.1897 – 14.01.1974). Нарадзіўся ён у вёсцы Орцы Дзісненскага павета. На Мёршчыне запісваў легенды, паданні, склаў нарыс па гісторыі Мёршчыны. У 1944-ым пераехаў у Польшчу.
З Дзісненскага павета і шукальнік спадчынных скарбаў Фадзей Шымуковіч, народжаны ў вёсцы Баркоўчына 27.02.1935. Краязнаўца і яго сын Сяргей, кандыдат гістарычных навук, народжаны 28.05.1974.


Дзісненскі мацярык вялізны. 23.01.1930 у вёсцы Балбекі нарадзіўся будучы краязнавец Кліменцій Кожан. Даследаваў развіццё адукацыі на Дзісненшчыне. Помняцца незвычайныя сустрэчы на чароўных «Дзісненскіх чытаннях», дзе ён прысутнічаў.
… У вялікім даўгу я перад мовазнаўцам, лексіколагам, народжаным у Дзісне Мікалаем Крыўко (16.07.1949 – 7.12.2012). Ён апрацаваў і дапамог надрукаваць сабраныя мной лексічныя скарбы Мёршчыны.


Не знікаюць з памяці сустрэчы з цудоўнай Алай Майсяёнак – педагогам, краязнаўцам. Гэта ў створаны ёй музей пры Дзісненскай школе-інтэрнаце перадаў дакументы, уручаныя мне ўраджэнкай Дзісны Вольгай Грыцук-Дуброўскай (29.10.1923 – 24.04.2019), аўтаркай кнігі «І жыве Беларусь на чужыне» (2007).


110: і яшчэ адна славутасць Мёрскіх абшараў – Генадзь Цітовіч (7.08.1910 – 20.06.1986) – харавы дырыжор, этнамузыкант, народны артыст (1968). На яго радзіме, у Новым Пагосце каля Мёраў, у 1982-ім пачаў дзейнічаць школьны музей імя Генадзя Цітовіча.
105 гадоў ад нараджэння Паўла Марцінята – былога байца Расонскай партызанскай брыгады, заслужанага настаўніка Беларусі, дырэктара Лявонпальскай школы. Пра інтэлігента прыдзвінскага я, яго вучань, пісаў у газету «Чырвоная змена»: «…Акрыляў жа ён нас, падлеткаў, нягучным словам, сціплай паставай, праніклівым позіркам». Яго вучаніцай была і сёлетняя юбілярка (нарадзілася ў Лявонпалі 5.01.1945) Галіна Загурская. Дачка Місніка заўсёды пры нагодзе запрашала былога дырэктара на сустрэчы выпускнікоў школы.
Пасля таго былі сустрэчы-святы: здзіўляліся ў журботную пару – не патушыў юнацкую іскру – у сівізне – настаўнік Марцінята.


60: у 60 – 70-х гадах я збіраў фальклорныя скарбы на Прыдзвінні. Запісы песень ад пявунь з Бабышак, Латышоў, Даўгінава, Ільмовікаў, Лявонпаля знаходзяцца ў зборніку «Беларускі фальклор. Вып. 2», 2015 г., пад загалоўкам «Песні, далучаныя да вечнасці: са збораў Сяргея Панізьніка». Там змешчана і «У суботу Янка», запісаная мною ў 1960-ым у вёсцы Латышы ад Ядзвігі Сялюн 1922 г. н. Пазней стала вядома пра песню Мікалая Пятрэнкі «Ручнікі» – на словы Веры Вярбы.
Над ракой туманы // Ходзяць па зямлі.
А па хвалях цёплых // Ручнікі плылі. (Нашы! Па хвалях рэчкі Волта.)


20: вясной 2000 года ў Мёрах каля будынка школы № 1 адчынілі мемарыяльную дошку ў гонар паэта Пятра Сушко (1.01.1937 – 11.19.1996). Падахвоціў раённае кіраўніцтва на ўвекавечанне імя пісьменніка-земляка Франц Сіўко, тагачасны старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Для суайчыннікаў быць родным –
Больш, чым і талент, і прызванне.
Пятро Сушко.


20:
Святкуюць землякі Тысячагоддзе
Хрыстовага крыжа ля іх дарог.
Не забудзем, што лявонпальскі Палаца-паркавы комплекс у 1960-ым атрымаў статус Рэспубліканскага помніка гісторыі і культуры.
Мною ў былым, але не пагаслым мястэчку Лявонпаль пры Цэнтры культуры і адпачынку 26.11.1999 быў заснаваны Музей Радзімазнаўства. Спрычыніўся я і да такой падзеі: 12.07.2000 у дзень святых апосталаў Пятра і Паўла стараннямі ўсяго Мёрскага раёна адзначана Тысячагоддзе Лявонпаля. У гонар 2000-годдзя Хрысціянства ўстаноўлены Еўфрасінеўскі крыж, асвечаны праваслаўнымі і каталіцкімі святарамі.


А пленэр мастакоў «У пошуках Атлантыды. Лявонпаль» праходзіў 30 ліпеня – 6 жніўня 2005 года. Арганізатарам была Кацярына Мяснікова, але вялікія высілкі ахвяравалі дзеля поспеху не толькі лявонпальцы. У філіяле Музея Радзімазнаўства «Хата бабкі Ядзвінні» знайшлі прытулак мастакі – шукальнікі творчай Атлантыды. На мёрскай зямлі, дзе пульсуе натхненне ад пары неаліту, заіскрылася міфічная дзяржава атлантаў, радавод якой пачынаўся 9 500 гадоў да н. э. Але як жа пералічыць сапраўдных атлантаў на мёрскім мацерыку?


Буклет «Лявонпаль і маладыя мастакі» ў знак падзякі радзіме яго продкаў стварыў Аляксандр Аніськовіч, 5.04.1972 г. н. Ён шчыра, узнёсла і сёння даследуе гісторыю і культуру Мёршчыны.
З крыжом прыўкраснай Еўфрасінні
і з божай ласкаю жывём!


Яшчэ будзем ушаноўваць юбілярку Галіну Тычка, народжаную ў вёсцы Сташулі 11.11.1955-га, – пісьменніцу, філолага, прафесара. Высока ацэньваюць творчасць дачок і сыноў Мёршчыны: Алены Масла, Наталлі Бучынскай, Алены Басікірскай, Франца Сіўко. У газеце «Сцяг працы» быў надрукаваны і мой першы верш, і верш Святаслава Крупенькі. Абдымачамі-атлантамі варта назваць Уладзіміра Пучынскага, Ігара Кандратовіча… Усіх і не ўзгадаць!


Продкі зналі з неаліту: скарбамі зямля наліта і любоўю апавіта. Сёння мы – Радзімы вецце: адно з другім цясней, бліжэй… За Бацькаўшчыну што на свеце радней, шчымлівей, даражэй?
А юбілеі не стамляюць, бо:
Запалены кадзільні над спадчынай жытла.
Была малой радзіма, а з намі – узрасла.
І стала абнадзейнай, зямлёй не на пастой, –
Айчынай непадзельнай… Вялікаю… Святой!

Фотаматэрыял прадастаўлены аўтарам.
Сяргей, сын Сцяпана Панізьніка з Бабышак.
Студзень 2020.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 178
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 85 619
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 80 067
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 336
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 41 115
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 437
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 583
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 9 апреля 2020
Александр, Иван, Макар, Павел, Ефрем

Именины 8 апреля 2020
Авраам, Василий, Гавриил, Степан, Алла, Анна, Лариса, Прасковья

Госці краін

free counters
Партнеры сайта