Краеведение

Экспедыцыя

Музей СШ №3 наведала навуковая экспедыцыя супрацоўнікаў Яўрэйскага гістарычнага інстытута ў Польшчы на чале з яго дырэктарам Кшыштафам Бяляўскім і факультэта гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Я. Купалы, якія займаюцца стварэннем віртуальнага музея гісторыі яўрэяў на Беларусі. В. А. Ермалёнак правёў для гасцей экскурсіі па цікавячым іх напрамку, азнаёміў з прадметамі мясцовай матэрыяльнай культуры, што знаходзяцца ў экспазіцыях. У райцэнтры прыезджыя цікавіліся дамамі яўрэяў, якія захаваліся да гэтага часу, пабывалі на магіле ахвяр фашызму.

Госці дапамаглі прачытаць надпісы на іўрыце, зрабілі здымкі мясцовых рарытэтаў, якія будуць змешчаны на партале “Віртуальны штэтл”.

 

Юбілей

У СШ №3 адбылося святкаванне юбілею нашага знакамітага земляка Сяргея Сцяпанавіча Панізьніка. Вядучыя — дзесяцікласніцы Наталля Аляксеева і Наталля Афанасьева пазнаёмілі прысутных з біяграфіяй паэта. Прагучала шмат яго вершаў, іх прадэкламавалі вучні розных класаў. Гучалі песні на словы Сяргея Сцяпанавіча з дыска “Арэлі”, фальклорныя запісы, зробленыя краязнаўцам у родных мясцінах.

 

Настаўнік гісторыі В. А. Ермалёнак пазнаёміў вучняў з самаахвярнай працай С. С. Панізьніка, яго краязнаўчай дзейнасцю і рознабаковымі захапленнямі.

 

Сцэнарый свята падрыхтавалі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алена Іванаўна Панізьнік і Наталля Леанідаўна Гагалінская. А ў школьным музеі да гэтага мерапрыемства была падрыхтавана выстава, якая расказвала пра творчы шлях С. С. Панізьніка. На ёй прадстаўлены кнігі паэта, фотаздымкі, розныя дакументы, нават частка яго калекцый канвертаў, паштовак і этыкетак. Захаваўся ранец, з якім хадзіў будучы паэт у школу. Цікавасць выклікалі шматлікія кнігі беларускіх пісьменнікаў з аўтарскімі аўтографамі-пажаданнямі С. С. Панізьніку.

 

Канферэнцыя

У Віцебску адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Вайна 1812 года: падзеі, лёсы, памяць”, якую арганізавалі навукоўцы гістарычнага факультэта педуніверсітэта імя П. М. Машэрава. На ёй прагучалі 83 даклады гісторыкаў і краязнаўцаў з Віцебшчыны, Магілёва, Гродна, Мінска, Брэста, нават з Францыі, Латвіі, Украіны. Асабліва шырока была прадстаўлена Расія.

На канферэнцыі з дакладам “Міёршчына ў вайне 1812 года” выступіў  кіраўнік музея СШ №3 В. А. Ермалёнак.

Пасля той вайны мінулі два стагоддзі, але па-ранейшаму захавалася шмат “белых плямаў” і міфаў. Даследаванні, праведзеныя для канферэнцыі, спрыялі лепшаму асвятленню тэмы. Асабліва цікавымі былі выступленні А. Лукашэвіча пра расійскую тактыку выпаленай зямлі на беларускіх землях, М. Баўтовіча “Генерал Кульнёў: стварэнне міфа”, А. Бубалы пра падзеі на Дзісеншчыне.

 

Рупліўцы

Краязнаўца з Даўгаўпілса Мікола Паўловіч заўсёды дзеліцца з музеямі СШ №3 сваімі экспанатамі. Нават размова з апантаным калекцыянерам і збіральнікам старажытнасцей заўсёды змястоўная і карысная. Вось і на гэты раз ён наведаўся з цэлай калекцыяй манет замежных краін, большасці з якіх не было ў нашых фондах. Для гістарычных экспазіцый госць перадаў падсвечнік, нямецкую пячатку часоў Першай сусветнай вайны, камплекты савецкіх паштовак пра пісьменнікаў, экзэмпляр часопіса “Ілюстраваная Расія”, які выйшаў у 1937 годзе ў Францыі, розныя значкі з Латвіі, Нарвегіі, Ірландыі. Абмеркаваны планы сумесных пошукаў з юнымі “арганаўтамі” на Браслаўшчыне.

 

Калекцыю віншавальных паштовак перадалі музею Антаніна Канстанцінаўна Лявіцкая і яе ўнучка Карына. Арыгінальнымі экспанатамі сталі скураны шлем ваеннага лётчыка, малітоўнік.

 

В. ЕРМАЛЁНАК.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.