Гости из США побывали в Миорах

 75 год таму, 2 чэрвеня 1942 года, адбылася жудасная трагедыя — нацысты расстралялі амаль усё насельніцтва даваенных Міёр толькі за тое, што яны былі яўрэямі. Ацалелі адзінкі, у тым ліку Муля і Ружа Энгелі. Жонка Мулі, Міра Энгель, якая зараз жыве ў амерыканскім штаце Каліфорнія, сёлетняй вясной прывезла свайго сына Хлойна на радзіму яго бацькі. Замежных гасцей пазнаёміў з гісторыяй мясцовых яўрэяў, паказаў іх жыллё, расказаў пра Халакост у Міёрах кіраўнік музея СШ №3 Вітольд Ермалёнак. 

Ён прадэманстраваў артэфакты яўрэйскай культуры, якія знайшлі месца ў экспазіцыях: фрагмент мацэвы, падсвечнік, рытуальны кубак, дрэйдл, кнігі на іўрыце і іншае. Потым адбылася экскурсія па горадзе. Захаваўся дом, які належыў сям'і Энгель — гэта будынак з чырвонай цэглы, пабудаваны ў 1907 годзе на рагу вуліц імя Леніна і імя Кірава. Міра Энгель пазнала дом, дзе жылі яе бацькі Ароны, якія таксама займаліся гандлем, але былі крыху бяднейшымі.


Бацькоў Мулі і Ружы расстралялі бальшавікі яшчэ перад вайною, а іх дзядулю Айзіка, 1880 года нараджэння, бабулю Хаю (1890), дзядзьку Хлойна (1924) Энгеляў расстралялі фашысты. Свайго сына і назваў Муля ў памяць пра дзядзьку. Знішчылі нацысты і сям'ю Аронаў, ацалеў толькі Іцык, які ў ЗША стаў пісьменнікам. Падчас расстрэлу Ружа ўцякла да свайго дома, дзе хавалася на гарышчы без вады і ежы тры дні, а потым знайшла прытулак у Чэрасах, адкуль трапіла да партызан. 13-гадовы Муля таксама здолеў уратавацца, пераплыўшы за касцёлам возера. Пазней яго апекаваў жыхар Дзісны Георгій Георгіевіч Марозька. Пасля вайны Муля і Ружа выехалі ў ЗША.


Госці наведалі брацкую магілу на месцы расстрэлу яўрэяў, выказалі ўдзячнасць ўладам Мёршчыны за клопат аб пахаванні. На развітанне па яўрэйскім звычаі на мармуровыя пліты былі ўскладзены каменьчыкі.


В. ЯРМОЛІНСКІ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.