Дрэйдл — детская игра
gazeta 24-11-2015, 15:55 0 Гісторыя краю
Нягледзячы на тое, што да вайны ў Міёрах жыло каля тысячы яўрэяў, а пасяліліся яны ў нашым краі яшчэ ў 16 стагоддзі, знаходак экспанатаў, звязаных з гэтым народам, вельмі мала. Даводзіцца набываць найбольш цікавыя артэфакты на аўкцыёнах. Вось такую рэч па маёй просьбе купіў студэнт 3-га курса БДУ Ігар Кандратовіч. Гэта дзіцячая цацка-ваўчок, якая называецца на ідышы дрэйдл, а на сучасным іўрыце—сэлівон. Дарэчы, апошнюю прыдумаў Бен-Аві, сын нашага земляка, заснавальніка іўрыту Бен-Іегуды.
Гуляюць з гэтай цацкай яўрэйскія дзеці пад час Ханукі, свята ў гонар вызвалення Ізраіля ад сірыйскага цара Анціоха ў 164 годзе да н.э.. Калі ізраільскія паўстанцы на чале з братамі Маккавеямі захапілі храм Саламона, яго трэба было ачысціць, бо сірыйцы, каб прынізіць яўрэяў, у іх святыні рэзалі свіней, нячыстую для ізраільцян жывёлу. І тады здарыўся цуд: масла для свяцільніка было толькі на адзін дзень, але па волі Бога агеньчык гарэў восем дзён. Таму і свята Ханука доўжыцца такі тэрмін. Яно адзначаецца ў месяцы кіслеў, па нашым календары гэта канец лістапада - снежань, калі самыя кароткія дні і доўгія вечары. Каб іх было цікавей правесці дзецям, і з'явілася гульня ў 16 стагоддзі.На свята малым дораць дробныя манеты і прысмакі, якія і выкарыстоўваюцца ў гульні.
Ваўчок—дрэйдл—мае чатыры грані, на кожнай выбіты літары іўрыту— нун, гімель, хэй і шын, якія азначаюць "Цуд вялікі здарыўся тут", альбо для тых, хто жыве за межамі Ізраіля,—"Цуд вялікі здарыўся там". Правілы гульні вельмі простыя. Калі выпадае літара нун—ніхто не выйграе, гімель—выйграе той, хто круціць ваўчок, хэй— той, хто пускае ваўчок, забірае палову стаўкі, а пры шын ён сам аддае стаўку.У часы праследавання яўрэяў такім чынам дзеці вывучалі літары іўрыту.У банк гульні ставілі манеты ці цукеркі, іншыя прысмакі.Набыты намі дрэйдл знойдзены ў г. Высокае Камянецкага раёна на Брэстчыне. Перад вайной там жыло звыш паўтары тысячы яўрэяў, якіх знішчылі фашысты. Ваўчок, які будзе знаходзіцца ў экспазіцыі нашага музея, мае грані ў 10 мм па шырыні, даўжыня 11 мм, вышыня ўсяго дрэйдла 22 мм. Выраблены ён з волава, таму выдатна захаваўся, літары добра чытаюцца. Спадзяюся, што здымак дапаможа выявіць падобную рэч і ў нашых мясцінах.
Вітольд ЕРМАЛЁНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.