"Современная" старина
gazeta 20-03-2012, 15:44 1 731 Гісторыя краю
Рада музеяў СШ №3, гурток “Арганаўты мінулага” працягваюць выпуск “Міёрскай даўніны”. На ахвяраванні добразычліўцаў штомесяц выходзіць надрукаванае на прынтары выданне ў 100-150 асобнікаў. Гэта чатыры аркушы, якія ўтрымліваюць звесткі пра дзейнасць краязнаўцаў, пра мінулае Міёршчыны. Вось некалькі скарочаных публікацый з апошніх нумароў “даўніны”.
Канферэнцыя ў Віцебску
У Віцебскім універсітэце імя П. М. Машэрава адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя па актуальных праблемах крыніцазнаўства і айчыннай гісторыі. Яе праграма ўключала 113 дакладаў вучоных з Ізраіля, Расіі, Казахстана, Латвіі і іншых краін. У ліку іх былі выступленні настаўніка гісторыі СШ №3 В. А. Ермалёнка і выпускніцы гэтай жа школы Л. Б. Малецкай (Трыгорлавай), якая працуе настаўніцай гісторыі Полацкай гімназіі №2.
Маёнтак у Чэрасах
У Вільнюсе знойдзена апісанне Чэраскага маёнтка (інвентар), які адносіцца да 1778 года. Сядзіба ў той час уяўляла комплекс гаспадарчых пабудоў — стары дом гаспадара і будынак для эканома, свіран, пуня, хлявы, лямусы, лазня, гумны, бровар, адрыны, млын. Бліжэй да царквы размяшчалася карчма. Другая карчма старой пабудовы знаходзілася ля Басяных, пры тракце з Русі на Рыгу.
Маёнтку належалі тры палеткі, некалькі сенажацяў і агародаў, чатыры азёры — Грэцкае, Сушкі, Сілава і Трубянец, дзве сажалкі, балота Вялікі Мох з рачулкай Волта.
Кансультацыя
Сховішча экспанатаў музеяў СШ №3 наведаў экскурсавод з лініі Сталіна Андрэй Трусаў. Ён з’яўляецца выдатным знаўцам ваеннай амуніцыі часоў першай і другой сусветных войнаў. А. Трусаў дапамог у вызначэнні і датаванні мясцовых знаходак, сярод якіх рэшткі зброі, скрынкі ад патронаў, біклажкі, салдацкая амуніцыя. Госць падараваў для гістарычнага музея некалькі ўласных экспанатаў.
“Дзісенскі пярсцёнак”
“Міёрская даўніна” з нумара ў нумар працягвае апісанне турыстычна-краязнаўчага маршрута “Дзісенскі пярсцёнак”. У апошніх нумарах змешчаны звесткі пра Наўгароды, як паселішча, магчыма, заснаванае палоннымі жыхарамі Ноўгарада ў часіны Усяслава Чарадзея. Вусаўцы цікавыя гарадзішчам жалезнага веку “Грымава гара” і каменем-следавіком. У Старым Пагосце правёў дзіцячыя гады Вацлаў Ластоўскі. Непадалёку гарадзішча “Чорная гара”, маёнтак у Востраве, возера Краснае, якое Язэп Драздовіч параўноўваў з праслаўленым Міцкевічам Свіцязем.
Жыхары Старога Пагоста лічылі, што калісьці паміж іх вёскай і возерам Красным існаваў горад Багоцк, дзе быў замак, у якім жыў багаты князь. Да яго дачкі сваталася шмат жаніхоў. Аднойчы прыехаў і багаты замежны купец. Князь, каб завалодаць багаццямі чужаземца, парушыў святасць гасціннасці і загадаў слугам ноччу адсячы купцу галаву. Ён забраў каваныя скрыні з золатам, што з’яўляліся падарункам нявесце. Цела забітага і скарб былі закапаны на астраўку возера. Але і князь не вярнуўся дадому, яго забіў сквапны слуга, які і сам не ўратаваўся, патануў. Ад такіх злачынстваў зямля здрыганулася і палац праваліўся. Князёўна назаўсёды засталася пільнаваць скарбы, бо ведала пра задуму бацькі і не стрымала яго. А князь і слугі, што дапамагалі яму ў злачынстве, ператварыліся ў чорных сабак, якія пастаянна грызуцца між сабою.
Купец час ад часу паўстае з зямлі, бярэ рукой сваю адсечаную галаву за валасы і ходзіць па астраўку, свецячы ў начной цемры бліскучымі, як свечкі, вачыма. Шмат людзей імкнулася знайсці тыя скарбы. На Купалле толькі самы смелы можа пабачыць, як расступаецца гара і адчыняюцца дзверы ў палац Белай пані, што сядзіць там на каваных скрынях з грашыма і горка плача. А перад ёй чатыры страшэнныя чорныя сабакі з вялізнымі бліскучымі вачыма. Не было яшчэ смельчака, які б адважыўся падыйсці да іх. А інакш сам стаў бы багатым і Белую пані ашчаслівіў.
Некаторыя людзі расказвалі, што на ўласныя вочы бачылі Белую пані і шмат людскіх касцей тых, хто, не ведаючы “слова”, спрабавалі завалодаць грашыма.
Падрыхтаваў Ігар МАТЭЛЕНАК,
студэнт факультэта
журналістыкі БДУ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.