Ведущий охотовед Миорской районной организации "Белорусское общество охотников и рыболовов" о промысле
gazeta 21-04-2016, 14:36 0 Прырода і экалогія

З гэтым пытаннем звярнуўся да вядучага паляўнічазнаўцы раённай арганізацыйнай структуры дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў" (РАСДГ "РТПР") А.А. СЕЛЯХА.
—У першую чаргу прываблівае магчымасць мець здабычу, а мужчына ў нас заўсёды здабытчык, —пачаў загінаць пальцы Алег Аляксандравіч,—яшчэ—мець зносіны з аднадумцамі на прыродзе. З сабачкам пахадзіць—гэта занятак для душы. Калі хочаце—кліч продкаў. Колькі разоў чуў ад іншых аматараў і на сабе пераканаўся пра справядлівасць выказвання: збіў за выхадныя ногі—затое галаве лягчэй стала.
А ў нас паляваннем можна займацца практычна круглы год. Заўсёды дазваляецца здабываць драпежнікаў -- янота, лісіцу і ваўка, хаця больш вынікова гэта робіцца зімой, калі добра бачны сляды звера. З верасня да красавіка працягваецца сезон на бабра, які распладзіўся нават занадта.
Дзікоў таксама можна адстрэльваць круглы год, але іх засталося вельмі мала, выяўляем толькі ў самых цяжкадаступных месцах. Аднак трэба ўлічваць наступны момант: чым менш назіраецца нейкіх відаў дзічыны, тым больш актыўнай становіцца іх міграцыя. У першую чаргу гэта мае дачыненне менавіта да ваўкоў і дзікоў. Таму калі іх недзе не заўважылі сёння, гэта не азначае, што яны не могуць там з'явіцца заўтра.
Вось цяпер пачалося веснавое паляванне на самцоў вальдшнэпа, петушкоў глушца і цецерука, вуцякоў. Здабыча самцоў гэтых відаў апраўдана тым, што яны не ўдзельнічаюць у вырошчванні патомства, іх не павінна быць надта шмат.
Вельмі папулярнае паляванне на пералётных гусей з укрыццяў у месцах кармлення на палях з пасевамі, ля вадаёмаў.
Але нават дазволеныя віды нельга здабываць на некаторых тэрыторыях—у так называемых зонах цішыні, дзе дзічына адпачывае і размнажаецца, птушак—на рамсарскіх угоддзях, якімі ў нашым раёне з’яўляюцца, напрыклад, заказнік "Ельня", іншыя ахоўваемыя прыродныя аб'екты. Што да петушкоў глушцоў і цецерукоў, то ўвогуле іх мала, для здабычы неабходна пераканацца ў багацці такавішчаў.
—Не здарыцца так, што іх зусім не стане?
—Звычайна ўлік дзічыны штогод праводзіцца ў канцы зімы, калі падлічваем сляды звяроў і птушак, апытваем паляўнічых і насельніцтва. Па выніках, а яны пакуль не выклікаюць трывогі, робяцца прагнозы на аб’ёмы магчымага дазволу на здабычу. Цяпер можна сказаць, што колькасць ласёў, казуль, баброў паступова павялічваецца, ёсць і птушка. А вось цецерукоў мала, глушцоў і зусім адзінкі. Ім трэба ствараць ўмовы для размнажэння.
Яшчэ вельмі важна, як весці адстрэл. Вось, напрыклад, у адзін нядаўні сезон суседзі-браслаўчане непасрэдна пасля адкрыцця палявання на працягу двух тыдняў здабылі адразу каля 50 ласёў, а нашы паляўнічыя ледзь не ўсю зіму рэалізоўвалі дазволы на 20. Спытаеце, дзе лепш арганізавана паляўнічая гаспадарка? Адкажу: у суседзяў. І патлумачу чаму: там фактар неспакою быў меншым і захавана кармавая база на халодны снежны перыяд.
Трэба ўлічваць таксама, што казулі баяцца вялікага снегу, для ласёў небяспеку ўяўляе сельскагаспадарчая тэхніка і звычайныя аўтамабілі, для абодвух відаў—драпежнікі, бо яны найперш вынішчаюць моладзь.
Таму мы звычайна просім паляўнічых і нераўнадушных да прыроды людзей паведамляць, дзе з'явіліся ваўкі і, вядома, браканьеры.
—Ну вось, паступова мы пераходзім ад аб'ектаў да суб'ектаў палявання. Хто на Міёршчыне займаецца здабычай дзічыны?
—У раёне тры паляўнічыя гаспадаркі—наша БТПРаўская, лясгасаўская і прыватная "Абстэрна". У нас шэсць пярвічных калектываў—Даўгінаўскі, Дварнасельскі, Мікалаёўскі, Павяцкі, Туркоўскі і Якубаўшчынскі. Толькі дзікія звяры граніц не ведаюць, таму для ўсіх гаспадарак і непасрэдна паляўнічых патрабаванні аднолькавыя, яны грунтуюцца на "Правілах вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання", дакуменце, што зацверджаны на дзяржаўным узроўні ў 2014 годзе. Па яго веданні арганізатары палявання і паляўнічыя здаюць экзамены. Самыя жорсткія патрабаванні да захавання мер бяспекі. Першае правіла, якое людзі са зброяй у руках пры любых умовах павінны захоўваць: не бачу звера—не страляю. Вядома, у лесе могуць аказацца адпачывальнікі, грыбнікі і ягаднікі, леснікі і нарыхтоўшчыкі драўніны, аднак ахвярамі паспешлівага стрэлу часцей за ўсё становяцца менавіта самі паляўнічыя. Асабліва небяспечныя паляванні пры дрэннай бачнасці: у тумане, на змярканні ці світанні, ноччу. Адсюль і меры перасцярогі, абмежаванні, забароны.
—Толькі паляўнічыя не заўсёды ходзяць па лясах са стрэльбамі і сабакамі. Чым яны яшчэ займаюцца ў сваіх угоддзях?
—Найперш біятэхніяй, пад гэтым тэрмінам маецца на ўвазе цэлы комплекс мерапрыемстваў па ахове дзікіх жывёл, назапашванні кармоў і стварэнні падкормачных пляцовак, саланцоў. Затым ідзе стварэнне стралковых ліній, будаўніцтва вышак і многае іншае.
Паляўнічыя разумеюць: трэба найперш дапамагчы дзікой жывёліне, падтрымаць яе ў цяжкі перыяд бяскорміцы—чым багацейшы жывёльны свет навокал, тым больш цікавае і выніковае паляванне. А таму жорсткія патрабаванні не пакідаць падранкаў, не чапаць матак і маладняк. Вялікі грэх страляць у ласіху з цяляткам, тым больш, калі цялятак двое. Бо з іх вырасце пладавітае патомства. Толькі такім чынам можна захаваць папуляцыю самых цікавых аб'ектаў палявання ў нашых мясцінах—ласёў.
—Да гэтага ліку аленяў не адносіце?
—У прыродзе іх пакуль мала, а ў прыватных гаспадарках пераважна адбываецца толькі размнажэнне.
—Ад чаго тады залежыць багацце паляўнічых угоддзяў?
—Калі гаварыць увогуле, ад правільнага вядзення паляўнічай гаспадаркі. Сярод асобных момантаў выдзеліў бы рэгуляванне колькасці драпежнікаў, у першую чаргу ваўкоў і лісіц. Яны "выразаюць" найперш моладзь. А ўвогуле на аднаго "шэрага" трэба мець статак ласёў каля сотні галоў. Лічу, што наша паляўнічая гаспадарка развіваецца правільна, раз на палях мы можам часцей пабачыць казуль і радзей—лісіц. Адсюль вывад: пры развітай паляўнічай гаспадарцы шчыльнасць дзікіх жывёл заўсёды большая. Так, мы здабываем дзічыну, але не столькі, колькі яе нішчаць драпежнікі.
—У захаванне дзікіх звяроў можа рабіць свой уклад насельніцтва, напрыклад, калі выратуе адзінокую ці хворую малую казулю, парасятка або ласяня?
—Да такога маладняку дзікіх жывёл нельга нават дакранацца, бо такім чынам перадаем ім свой пах. Калі маці некага з гэтых малых потым знойдзецца, яна не прызнае і сваё дзіця, яно загіне. Шматлікія прыклады "ўратавання" лясных жыхароў сведчаць, што з гэтага нічога добрага не атрымліваецца, толькі дарэмная трата часу і сродкаў пры плачэўным выніку. Прыручаны звер губляе навыкі выжывання ў прыродным асяроддзі, ён годны адно для заапарка.
Таму падкармліваць ласёў, казуль, іншую дзічыну трэба толькі ў цяжкі перыяд бяскорміцы і толькі на спецыяльных пляцоўках.
—Гэта ўжо абавязкі егера?
—Не толькі, пра паляўнічую дзічыну павінны клапаціцца ўсе паляўнічыя. А ў абавязках егера найперш арганізацыя паляўнічай справы. Я б назваў яго рабочым па доглядзе за дзікімі жывёламі і па арганізацыі непасрэдна палявання. Такімі ў нашай гаспадарцы з'яўляюцца Канстанцін Малыш, Дзмітрый Богуш і Генадзь Атрошка.
Лічу, што кожны чалавек павінен ісці ў лес, са зброяй ці без яе, з добрымі думкамі і намерамі, не хваліцца сваімі здольнасцямі і магчымасцямі. У гэтай сувязі назаўсёды захаваўся ў памяці адзін выпадак. Перад паляваннем, якое праводзіў, здавалася, вельмі вопытны егер, гэты арганізатар запэўніў, што ніколі не страляе міма цэлі. Але потым атрымалася так, што на яго выйшаў вялікі гурт дзікоў, дзясяткі з два асобін імкліва прабеглі злева і справа, чатыры разы паспеў ён стрэліць у іх і ні разу не трапіў…
Гэта я пра тое, што ўсе мы дзеці прыроды і не трэба перад ёй выхваляцца.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота К. БЛАЖЭВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.