Аист Ася
gazeta 9-01-2014, 11:44 0 Прырода і экалогія
Ля ганка вясковай хаты на адной назе стаяў з апушчаным крылом бусел. Ён зусім не звяртаў увагі на курэй і індычак, што мітусіліся непадалёку.
Зайшоў у чысты і дагледжаны двор, які ўпрыгожвала мноства кветак. Радаснай усмешкай, што свяцілася дабрынёй, сустрэла гаспадыня. Валасы цёмныя, з сівізной. Цёмныя бровы-паўмесяцы падкрэслівалі яркасць блакітных вачэй.
— Васіліна, — назвалася яна. — Маё імя нязвыклае, бацька чакаў сына і імя яму падабраў, Васіль, але нарадзілася дзяўчынка, і мяне так назвалі.
— А вось гэта бусел Ася, — адразу прадставіла яна птушку, разумеючы маю цікаўнасць.
Надвор'е было пахмурнае, таму размову прадоўжылі ў хаце. У светлым пакоі на покуце віселі абразы, акуратна абвешаныя белымі льнянымі ручнікамі з чырвонай вышыўкай унізе. Перад імі гарэла вісячая лампада. На падлозе ляжалі даматканыя палавікі ў рознакаляровую палоску. Такія ж посцілкі аздаблялі ложак, канапу, крэслы. На стале з ільняным абрусам стаяла ваза чырвоных вяргінь. На сцяне ў рамцы віселі фотаздымкі.
Лунаў пах гарбаты і маліны. Гэта гаспадыня прынесла на падносе чай і варэнне. Заварка сабрала ў сабе кветкі мяты, ліпы, чабору і іншых траў, а пра варэнне і казаць не буду: з садовай маліны яно смачнае, але яму далёка да зваранага з лясной. Таму зразумела, чаму дзеці любяць ездзіць у вёску да бабулі.
— Па тэлевізары ад прастуды і грыпу прапануюць дзясяткі прэпаратаў, — між тым расказвала Васіліна, — а ў мяне чай асаблівы, з лясных траў, яго вып'еш — і ў аптэку хадзіць не трэба.
Паступова гаворка перайшла да бусла.
— Гэтая гісторыя пачалася 7 гадоў таму, — апавядала гаспадыня. — Я працавала ў школе тэхнічкай. А непадалёку на воданапорнай вежы сям'я буслоў звіла гняздо, у ім з'явіліся тры птушаняці. Яны ўжо пачыналі вучыцца лётаць. Што адбылося, так і застанецца невядомым, але адзін з буслянят апынуўся на зямлі. У народзе кажуць, што калі гэтым птушкам бывае цяжка выкарміць дзяцей, аднаго з іх яны выкідваюць з гнязда.
Птушаня магло і само вываліцца. А потым яно пайшло да школы, да людзей. Напэўна, голад прымусіў звярнуцца па дапамогу. Дзеці сталі падкармліваць бусляня хлебам, батонам. Яно дзюбай падымала кавалачкі з зямлі, падкідвала ў паветра, а потым спрытна лавіла на ляту. У некага аказалася з сабой сала, і яно прыйшлося даспадобы.
Блізка да людзей бусляня не падыходзіла. Я таксама яго карміла. Нават купіла ў краме замарожанай рыбы, адагрэла яе.
Не ведаю чаму, але бусляня стала браць корм у мяне з рук. Нават дазваляла пагладзіць сябе па галаве. Глядзела даверліва сваімі пацеркамі-вочкамі. А яны ў птушкі, нібы ў дзяўчат, як падведзеныя чорнай тушшу.
Неяк узяла птушку на рукі. Яна спачатку крыху паспрабавала вырвацца, а потым супакоілася і заціхла, паклаўшы галаву мне на грудзі. Нібы шукала абарону і пяшчоту. Я пагладзіла бусляня па галоўцы, так стала яго шкада: загіне зімой, а суродзічы яго не прымуць. Рашэнне з'явілася імгненна: забяру да сябе, на зіму пасялю ў хляве побач з каровай.
З бусляняткам на руках прайшла праз вёску, у двары зрабіла вышэйшай загароду на час, пакуль прывыкне. Карміла яго рыбай, батонамі. На вялікай патэльні пякла бліны. А праз тры дні выпусціла. Птушка прайшлася па двары, па прысядзібным участку. Наведала адрыны, у якіх дзверы пастаянна адчыненыя. Крочыла няспешна, нібы аглядаючы свае ўладанні. Калі знаходзіла жаб, спрытна падкідвала іх і лавіла.
Бусляня спрабавала лётаць, але вышэй электрычнага слупа не ўзнімалася і доўга не магло пратрымацца ў паветры. Мабыць, бацькі не паставілі яго на крыло.
Праз нейкі час бацянятка стала дарослай птушкай. Калі на палях настаў час збірацца яго суродзічам, мая птушка да іх не падыходзіла. Напэўна, разумела, што яе не прымуць у зграю.
Напярэдадні зімы пачала думаць, дзе мне пасяліць бусла на час халадоў. Але месца для сябе ён выбраў сам у хляве побач з каровай. Хаця днём хадзіў па двары, ля дома. Па-ранейшаму карміла яго белым хлебам, рыбай, блінамі. Птушка навучылася прасіць корм: тады прыходзіць у калідор і стукае дзюбай у дзверы.
Зіму бацян перанёс добра. Сябраваў з курамі і індычкамі, калі яму нешта падабалася, карміўся разам з імі. Але да сваіх прысмакаў іх не дапускаў, шыпеў, спрабаваў дзеўбануць. Толькі ні адну птушку не пакрыўдзіў. Паводзіў сябе як клапатлівы гаспадар.
Прыйшла вясна. Мой бусел зрабіў сабе ў хляве гняздо, часта сядзеў у ім. Калі з выраю прыляцелі іншыя буслы, адна з птушак доўга кружыла над хатай і апусцілася за адрынай побач з маёй. Да здзіўлення, яна зашыпела і паспрабавала ўдарыць крыламі і дзюбай госця. Адным словам, прагнала яго са сваёй тэрыторыі.
Бацяна я назвала Бусля. Варта было яе паклікаць, заўсёды падбягала за пачастункам — кавалачкам сала, каўбасы ці рыбы. Днём часта садзілася ў сваё гняздо, тады нават не прыходзіла есці.
Неяк курыца-квактуха вывела куранят. Яны таксама знаходзіліся ў двары. Аднойчы пачула нейкі птушыны вэрхал. Падумала, няйначай каршун з'явіўся. Выбегла з хаты і бачу: сярод курэй стаіць Бусля і ў дзюбе трымае кураня — толькі лапкі тырчаць. Вакол бегае ўстрывожаная квактуха.
Убачыўшы мяне, Бусля скіравалася ў хлеў, акуратна паклала кураня ў гняздо і сама села ў яго. А на мяне шыпела і замахвалася дзюбай, толькі ні разу не дзеўбанула. Калі стала падсоўваць руку, каб выцягнуць кураня, Бусля схапіла мяне за запясце. Пачала ёй казаць, што гэта не яе дзіця, што яго трэба вярнуць маці. Не ведаю, ці зразумела яна што, але больш куранят не крала. Толькі потым пастаянна хадзіла побач з вывадкам, нібы засцерагала курынае сямейства ад драпежных птушак. І так штогод. І ні разу каршун не ўпаляваў ні кураняці, ні маленькага індычка.
У маёй нявесткі нарадзілася дзіця. Вывозіць яна ў двор каляску на шпацыр, Бусля тут жа прыстройваецца побач і паглядае на малую. І дзіўна, дзіця амаль не плакала. Убачыць Буслю, смяецца і нешта лапоча, нібы размаўляе. Правільна кажуць, што буслы "прыносяць дзяцей".
Унучка падрасла, стала размаўляць. Яна не магла вымавіць Бусля, у яе атрымлівалася Ася. На гэтую мянушку і стала адклікацца птушка. З таго часу і мы ўсе яе так называем.
Ася вельмі ласкавая, кемлівая. Часта прыходжу з працы стомленая, прысяду на лаўку перад домам, а яна ўладкуецца ля маёй нагі, патрэцца аб яе і пакладзе галаву на калені. Глядзіць сваімі пацеркамі-вачыма мне ў вочы. Я пагладжу яе па галоўцы, па доўгай шыі, а неўзабаве і ў мяне стомленасць як рукой здыме.
Часам Ася сумуе, гэта бачу і адчуваю па ёй. Тады падыдзе да мяне, прысядзе ля ног, пакладзе галаву на калені і заплюшчыць вочы. Застаецца ў такой паставе доўга. Чую, як яна ўздыхае. Тады гладжу яе па галаве, супакойваю. У такія моманты здаецца, што птушка хоча гаварыць чалавечым голасам, многае расказаць.
А вось яшчэ дзіўны выпадак. З вясны да позняй восені Ася хадзіла са статкам кароў на пашу. Там знаходзіла сабе ежу, у асноўным жаб. Вечарам горда ішла наперадзе гурта, пазіраючы па баках. Нібы вяла статак. Заходзіць у свой двор, а за ёй ідзе мая карова.
Ася разбіраецца ў людзях: калі пастух па натуры сярдзіты, яна на пашу з ім не пойдзе.
З Асяй мы часта ходзім у краму. Яна побач са мной, а ззаду сабачка Кнопачка. Дойдзем, Ася і сабачка застаюцца чакаць, а я заўсёды куплю ім пачастунак, каўбасу ці сардэльку. Потым кармлю іх абодвух. Мясцовыя ведаюць пра птушку, а прыезджыя дзівяцца. Нябачаная справа: бусел бярэ корм з рук чалавека. Фатаграфуюць, даюць пачастунак.
Раней Ася брала корм ад чужых людзей. Але аднойчы ля дома спынілася машына і двое маладых мужчын спрабавалі яе злавіць. Яны нават дасталі нейкую сетку. Я паспела своечасова, прыстрашыла міліцыяй. Няпрошаныя госці з'ехалі. Але з таго часу Ася больш не давярае незнаёмым.
Бяда майго бусла напаткала нечакана. Калі прыйшла на абед дадому, пабачыла Асю, якая стаяла ў двары, адно крыло бездапаможна павісла ўніз. Яно было перабіта, косці паламаны. Паспрабавала паставіць яго на месца, але не атрымалася. Птушцы было балюча, але яна цярпела. Калі бралася за пашкоджанае крыло, Ася дзюбай дакраналася да маёй рукі, як бы просячы быць асцярожнай. Злы чалавек кінуў у яе каменем.
Патэлефанавала ў раённую ветлячэбніцу, просячы дапамогі. Там патлумачылі, што ў іх няма патрэбнага абсталявання і спецыяліста. Трэба было звярнуцца ў абласны цэнтр ці Мінск, дзе ёсць спецыялізаваныя лячэбніцы. Але машыны ў мяне няма.
У народзе існуе павер'е, што бусел прыносіць дзяцей. А я скажу, што ён яшчэ прыносіць у дом здароўе. Вось ужо сем гадоў як не ведаю, што такое прастуда, ціск ці іншыя болькі. Раней была частым госцем ва ўрачоў, якія знаходзілі шмат хвароб. А цяпер забылася да іх дарогу. Да трох гадоў у мяне жыла ўнучка з нявесткай, сын з горада пастаянна прыязджаў. За гэты час ніхто з іх не хварэў. І гэта ў вёсцы, дзе ніякіх выгод. А як вярнуліся ў горад, пачаліся праблемы са здароўем.
***
Я выслухаў гэтую гісторыю на адным дыханні. А потым Васіліна прапанавала пазнаёміцца з Асяй бліжэй. З задавальненнем пагадзіўся, можа і мне ўдасца яе пагладзіць.
Гаспадыня ўзяла некалькі бліноў, мы выйшлі на вуліцу. У канцы агарода прахаджвалася Ася. Васіліна ціха паклікала яе есці. Птушка ўзняла галаву і амаль подбегам кінулася на покліч. Але заўважыўшы мяне, прыпынілася. Яна здаля лавіла кавалачкі бліноў. Прысеўшы, я пастараўся наблізіцца да Асі. Працягнуў руку, каб пагладзіць, але Ася зашыпела, падскочыла і паспрабавала дзеўбануць. Адным словам, дала зразумець — не працягвай рукі.
Калі бліны закончыліся, Ася павярнулася і пайшла на агарод займацца сваімі справамі. А Васіліна паказала на кучу выкапанай бульбы ў двары — вось яе Ася ахоўвае ад курэй і індыкоў.
Я сыходзіў з гасціннага двара з добрым настроем, з пачуццём гордасці і ўдзячнасці. Ёсць людзі ў нашай краіне, якія дапамогуць, дадуць прытулак бездапаможным жывёлам, выратуюць ім жыццё. Яны нічым не вылучаюцца сярод іншых, але стануць пад кулі браканьераў, імгненна праявяць сябе ў неспадзяванай сітуацыі. І зробяць гэта не дзеля ўзнагарод і ўшанаванняў. Гэта лад іх жыцця.
На такіх людзях Зямля трымаецца. Калі ля брамкі аглянуўся, Васіліна перабірала бульбу. Побач з ёй стаяла Ася, пазіраючы па баках. Дай Бог ім большай радасці ад жыцця.
Славамір ДАРГЕЛЬ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.