Авторизация
 

Школьніцы з Дзісны перамаглі ў абласным конкурсе "Юны натураліст"

 Без любові і беражлівых адносін да роднай прыроды не будзе любові да радзімы ўвогуле. Фарміраванне адказных адносін да навакольнага асяроддзя – састаўная частка грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў Дзісненскай сярэдняй школе.

Экалагічная адукацыя і выхаванне экалагічнай культуры адбываюцца праз даследчыцкую дзейнасць, заняткі аб’яднання па інтарэсах «Сябры лесу», асветніцкую работу з бацькамі. Пастаянна ўдзельнічаем у працоўных і экалагічных акцыях. Сярод іх «Дапаможам крылатаму сябру», «Энергамарафон», «Дзень Зямлі», «Гадзіна Зямлі», «Ратуй дрэва – збірай макулатуру», «Тыдзень лесу», «Зробім горад чыстым», «День птушак», «Чысты лес». Праходзяць у школе Тыдзень беражлівасці, Тыдзень экалогіі. Нашы выхаванцы становяцца прызёрамі творчых конкурсаў экалагічнага напрамку. Словам, статус «Зялёнай школы» мы пацвярджаем руплівай працай.
Прадстаўляем творчыя работы вучаніцы 11 класа Паліны Зэйкан і васьмікласніцы Ксеніі Кавалеўскай, якім прысудзілі ІІ месца на абласным этапе аграбіялагічнага конкурсу «Юны натураліст» у намінацыі «Сімвалы роднага краю».


Алена КРАСОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.

 Паліна ЗЭЙКАН

На нашай зямлі расце столькі кветак!
Дзе вокам ні кінь – кожны палетак,
Бераг ці луг, ці лясная палянка –
Гэта ж адна стракатая тканка!
Васілёк і рамонак – прывычныя сімвалы.
Ды ў кожным краі ёсць расліны дзіўныя.
Хоць кожны дзень мы іх заўважаем,
Ды неяк прывыклі, і мала хто знае,
Чым жа адметныя і адмысловыя
Нашы расліны, такія тыповыя.
Я сціплыя кветачкі роднага краю
Люблю, і шаную, і вывучаю.
Лічу, што яны, такія свойскія,
Нічым не горшыя за заморскія.
Возьмем, напрыклад,
звычайную смолку.
Кветачак гэтых паўсюдна столькі,
Што проста ружовы дыван перад вамі –
Хоць шмат, ды вы іх не тапчыце нагамі.
Няхай ля Дзісны цвітуць на палетках
Пяшчотныя ладныя ружовыя кветкі.
Няхай стануць сімвалам нашага краю –
Так думаю я, калі іх заўважаю.


***
Святаяннік-зверабой
Прыкмячаем мы з табой.
Жоўтым колерам цвіце
І здароўе нам нясе.
Ён і нервы нам палечыць,
І сардэчны рытм палепшыць,
Кашаль зніме як рукой,
Гоіць раны, як жывой вадой.
Рот ім паласкаць ты будзеш –
Боль зубны уміг забудзеш.
На Святога Яна кветка зацвітае,
Таму і лекавую сілу мае.
Кветка – доктар сапраўдны як мае быць,
Яе проста права не маем забыць.


***
На выжарынах стаяць, як часавыя,
Высокія ружовыя кветкі палявыя.
Іван-чай, або скрыпень,
беларусы збіралі
І замест гарбаты яго ўжывалі.
Пажарнікам клічуць яго ў народзе,
Бо на месца палу гэта кветка прыходзіць
І залечвае раны роднай зямлі,
Каб хутчэй на ёй травы і дрэвы цвілі.
Яшчэ адна назва – то дзікі лён.
Зусім не дзіўна, бо добры быў плён:
Са сцёблаў яго палотны рабілі,
Каб потым жанчыны адзенне пашылі.
Расліна каштоўная: усе яе часткі
У ежу ўжывалі, а не толькі краскі.
Корань сырым спажывалі малыя,
З сухога ж яго муку нат малолі.
А парасткі мяккія, маладыя
Клалі ў салату – не трэба і солі!
На полі пустым стаяць, як салдаты.
Гэтыя кветкі ля закінутай хаты,
На пустыры закрываюць сабою
Голыя месцы. Хіба ж за такое
Іх нельга за сімвал радзімы прыняць?
Давайце будзем іх шанаваць!


***
Гэта расліна вядома ўсім.
Не прыкмячаем яе мы зусім.
Але, калі б знікла яна ля дарогі,
То кожны пачуў бы званочак трывогі.
Зялёны дыван рассцілае пад ногі
Спрадвечны жыхар беларускай дарогі.
Гэта трыпутнік. І лісцік ягоны
Кожнаму з нас добра вядомы.
Хто ў дзяцінстве атрыманыя раны
Не лячыў трыпутнікам старанна?!
Сокам яго змажце ўкус насякомых –
І пройдзе свербу вас пакрыёма.
Пяшчотную шышачку, як зацвітае,
Трыпутніка кожны кусцік мае.
Чаму ж не зрабіць з яго сімвал Дзісны –
Яго мы ўсе бачым: яна, ён і ты.


***
З Чырвонай кнігі прыйшла на палеткі
Яшчэ адна пекная прыгожая кветка.
Пад аховай яна ў Малдове і Польшчы,
Казахстане, Літве, Украіне і ў нас.
Арэол распаўсюджвання становіцца
большы,
Бо звярнулі ўвагу на кветку ў час.
Гладыёлус у садзе нікога не здзівіць,
Ды не знае з нас кожны, што продак яго –
Бэзавы шпажнік, пяшчотны і мілы, –
Ён заслугоўвае звання таго.
Формай сцябла ён нагадвае шпагу –
Яшчэ ў першым веку быў сімвал адвагі,
І Пліній не раз узгадае яго.
Корань-цыбулька была амулетам
Воінам слаўным у ратным баі,
І лекавай кветку лічылі пры гэтым:
Дзіцячы спалох абкурвалі ім,
Адвар прымянялі пры кашлі, бранхіце,
Цыбулька залечвала раны, апёкі…
Хіба ж нам не трэба, панове, скажыце,
На нашай зямлі шанаваць гэты зёлкі?


***
Пад плотам расце жоўтая кветка,
І ў лесе яе сустракаем нярэдка.
Падтыннікам клічуць, або
чыстацелам –
Крыху пра яе мы ведаем у цэлым:
Бародаўкі выведзе, скуру ачысціць
І мазалі застарэлыя знішчыць.
Толькі ўважлівы будзь з ёю, дружа,
Бо кветкі і сок атрутныя дужа.
Калі ж абыходзіцца з ёю ахайна,
Памочнікам стане яна табе дбайным.
Як многа карыснага ў нашай прыродзе!
Чалавек, пажадаўшы, падмогу знаходзіць
У кветках, і дрэвах, і смолах, і травах,
Калі вывучаць іх будзе рухава.
І жоўты падтыннік часта мы сустракаем –
Чаму ж не зрабіць яго сімвалам краю?


***
Наш горад стаіць на рэчках на дзвюх.
Ля іх краявіды – захопяць твой дух!
І з вады тут і там выглядаюць нясмела,
Як спадарожнікі,
гарлачык жоўты і белы.
Гайдаюцца побач са сподкамі лісця.
Пра кветкі легенды складалі калісьці.
Усе – пра няшчасную долю кахання,
Ды знік у стагоддзях аповед дазвання,
Пакінуўшы нам для вачэй асалоду –
Гарлачыкі, жоўты і белы, на водах.
Хоть кветкі гаючыя, ты іх не чапай:
У кнізе Чырвонай яны – так і знай!
Ты лепш палюбуйся на іх з берагоў,
Каб кожнай вясной зацвілі яны зноў.
Акрамя прыгажосці, карысныя ўсё ж,
Бо кветкі падкажуць, сонца ці дождж.
Калі ты на бераг Дзісны, Дзвіны ступіш,
Прыслухайся: шэпча чарот, і ты рупіш
Казку ці быль пра гарлачык дазнацца –
Чаму ж не за сімвал зямлі яму звацца?


***
Перабіраючы думкі пра сімвалы краю,
Яшчэ адну пекную кветку ўзгадаю:
Расце ля вады (бо жывём жа на рэках),
Ва ўсе гады займала чалавека.
Кажуць легенды: дробная кветка –
Слёзы блакітнавокіх дзяўчат, што нярэдка
Каханых сваіх у паход праважалі
І памяць пра іх зберагчы абяцалі.
Адгэтуль і назва – незабудка, яна
Памяць вяртала аб доме спаўна,
Аб родных, пакінутых недзе далёка,
Аб душах, якія вітаюць у аблоках.
Чацвёртага Генрыха гэта эмблема,
Ды сімвалам быць і ў нас – не праблема.
Блакітная мілая дробная кветка,
Цвіці ж ты заўжды на нашых палетках!


***
Толькі пра некалькі я расказала
Сціплых кветачак роднага краю.
Пра ўсе расказаць мне немагчыма –
Вельмі ж багата на іх радзіма.

 Ксенія КАВАЛЕЎСКАЯ

«Каб разумець жывёл, трэба быць Чалавекам…»

А. Мінчанкаў.

– Прашу цішыні! Працягваем нашу нараду. Нам неабходна вырашыць: хто ж будзе тым, каму прадстаўляць нашу маленькую радзіму, чый вобраз варты быць на ўсіх дакументах і фотаздымках, пра каго будуць гаварыць, калі ўспамінаюць пра Міёршчыну?
Прадстаўнікоў у нас шмат, край багаты і прыгожы. Але ж трэба выбраць лепшых сярод лепшых. Тых, хто сапраўды можа пераканаць Чалавека ў сваёй выключнасці. Гэта неабавязкова жывёла або птушка. Расліны і насякомыя, грыбы і бактэрыі таксама могуць быць удзельнікамі нашага пасяджэння. Пачнём… Хто першы? Хто паспрабуе здзівіць нас? Ніхто?


Тады пачну я, Вушастая сава! Усім вядома, што сава – самая мудрая птушка, бо жыве больш за 15 гадоў, а гэта не так і мала. Яшчэ я маю суперздольнасць – лётаю бясшумна. Усё, што адбываецца ноччу, я ведаю, магу назіраць за асяроддзем. Магу зазірнуць у самыя патаемныя месцы, куды ніколі не ступае нага чалавека, напрыклад, на балота ці ў гушчар. Дарэчы, я нават жыву побач з людзьмі і часта іх палохаю сваім голасам увечары. Чаму б мне не стаць сімвалам краю?


– Усё ты цудоўна гаворыш і правільна, але давай дадзём слова іншым, – заўважыў Голуб. – Я таксама важная птушка, я працаваў у Чалавека паштальёнам. У час Вялікай Айчыннай вайны дапамагаў пераносіць важную інфармацыю. У фальклоры я сімвал кахання… І ўвогуле, нас шмат, кожны ведае голуба. І колеры ў нас розныя, і жывём мы побач з Чалавекам, можам дапамагаць і цяпер.


– Ха, а вось я сапраўды выдатная птушка. Я магу вас усіх парадыраваць, і кожны гук паўтарыць змагу. Мы, Шпакі, – народ такі, у нас тонкі слых, як у музыканта. І дапамога ад нас вялікая – шкоднікаў знішчаем, сады і агароды аберагаем і песеньку спяём. Нас шмат усюды: і ў лесе, і ў вёсцы, і нават у горадзе мы ёсць. Чалавек сам нас кліча, домікі нам будуе, вясной чакае, калі мы прынясём цяпло і сонейка на крылах… А самае галоўнае, што мы ў школу ходзім з дзецьмі, урокі з імі вучым, свавольнічаем… Няма ніводнага саду ці алеі, дзе б не было нашых шпакоўняў. Чым мы не сімвалы маленькай радзімы?


– Калі ўжо загаварылі пра інтэлігентаў і адукацыю, то нам маўчаць нельга. Мы, Ластаўкі, – самыя лепшыя стылісты сярод птушак. У нас самая інтэлігентная вопратка – чорныя фракі і белыя кашулькі. Годна нясём вясну на крыльцах, спяшаемся, бо ніводная сельскагаспадарчая праца без нашага прылёту не пачынаецца. І каля чалавечага жылля мы жывём, прама па-суседстве, праз сценачку. Чуем кожную размову і адчуваем настрой у хаце, таму селімся там, дзе спакой і мір, дзе дабрабыт і згода. Чалавек нас любіць, называе – «Ластавіца»,«Красулька»… Чым не сябры?


– Прабачце, крылатыя, мы хоць і на месцы ўсё жыццё стаім, але таксама ўсё чуем, пра ўсё ведаем, Чалавек нас сам садзіць, даглядае, шкадуе. Важнае месца адводзіць каля жытла, каб побач былі плады нашы салодкія, квецень каб вока радавала. Яблыневыя кветачкі – сімвал чысціні і цнатлівасці, вясны, а сама Яблыня – сімвал урадлівасці, здароўя, жаноцкасці. Нас выкарыстоўваюць як матэрыял для вырабу каштоўных рэчаў, мастакі малююць нас і нашы яблычкі, плады даюць вітаміны для дзетак і дарослых, а як любяць людзі фатаграфавацца ля нас… Нават свята прыдумалі – Яблычны спас. Мы вельмі адданыя, і калі нават знікае дом, двор, Чалавек, наша жыццё доўжыцца як напамін пра былую сялібу, а пачастунак заўсёды знойдзецца, румяны і салодкі…


– Падтрымліваю Вас, бабуля Яблыня, мы таксама важкія ў навакольным асяроддзі, увогуле самыя-самыя. Мы сонцавы дзеткі – Рамонкі. Хто не бачыў нас? Усе ведаюць, якія мы прыгожыя, мілыя і гаманлівыя, чародкамі збягаем па полі і падворку, у гарод можам зазірнуць… Ах, а колькі замілавання мы прыносім на святы, нас і ў букеты збіраюць, і вяночкі ўюць, нават каханкі да нас прыбягаюць на раду «кахае-не кахае». І лекі з нас робяць дзеткам і дарослым, прымаюць як сімвалы сонца ў міфалогіі, як сімвал дзявочай красы… Таму і мы не супраць стаць тварам нашага куточка.


– А я таксама сонечнае дзіця. Я маленькі макет зямнога шара, начнога свяціла месяца і дзённага – сонца. Дзьмухаўцы вельмі падобныя да Чалавека: сумуюць без сонца, сочаць за ім, паварочваючыся туды, куды і сонечнае святло, свае жоўтыя тварыкі хаваюць ад нягод у непагадзь. А яшчэ мы нагадваем аб паўнаце і завершанасці, аб ідэале свету – шарыку, аб мяккасці і чысціні, аб цнатлівасці, якую так лёгка страціць. Адзін павеў ветру-гарэзы – і маленькія вандроўніцы-балерыны паляцяць па ўсёй планеце нараджаць новае жыццё. Цыкл жыццёвага кругазвароту: нараджэннне, квецень, прадаўжэнне сабе падобнага. Лічу і сябе важкім аргументам у нашай нарадзе.


– Пачакайце, а можна мне, Вожыку, таксама паўдзельнічаць? Мы звяркі ціхія, спакойныя. Жывём побач з Чалавекам, дапамагаем у барацьбе з тымі, хто атруту мае. Мы нічога не баімся, нават з гадзюкамі паспрачацца можам. Жыццё ў нас доўгае, размеранае, неімклівае, назіраем за мітуснёй збоку, не перашкаджаем. Чалавек часта да нас звяртаўся за абярэгам, лічыў, што наш калючы выгляд можа і яго абараніць ад нягоды і ліха. А яшчэ ў госці часта нас запрашалі, дзетак палячыць, у хаце злы дух уціхамірыць. Важкасць нашага брата таксама хацелася б зазначыць, мабыць, і мы дзе-небудзь зоркамі станем. Чаму б не на Міёршчыне?


…Гарэла настольная лямпа, асвятляючы раскладзеныя на стале малюнкі жывёл, птушак, раслін. Цэлы стос кніг… Дзяўчынка Ксенія смачна спала, падклаўшы аркушы паперы з творчай працай пад галаву. Мо і праўда, кожны з яе намаляваных герояў расказваў сваю гісторыю. Можа, дзіця сапраўды пабывала на прыроднай нарадзе?..

Фотаматэрыял прадастаўлены Дзісненскай школай.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 340
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 88 529
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 87 147
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 509
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 42 115
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 573
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 699
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 13 июля 2020
Андрей, Григорий, Иван, Матвей, Михаил, Петр, Степан, Тимофей, Фаддей, Дина, Яков, Филипп

Именины 12 июля 2020
Григорий, Павел, Петр

Госці краін

free counters
Партнеры сайта