Гидрологическому заказнику «Ельня» исполняется 50!
gazeta 5-11-2018, 08:30 3 199 Прырода і экалогія
Гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Ельня” ўтвораны Пастановай Савета Міністраў БССР ад 18 лістапада 1968 года №342. Сёлета спаўняецца паўстагоддзя, як самаму вялікаму балотнаму масіву на Міёршчыне нададзены дзяржаўны статус. У чым яго каштоўнасць?
Балота Вялікі Мох для мясцовага насельніцтва нешта спрадвечнае, тыпова беларускае, а таму здаўна часцінка іх жыцця. У гады ліхалецця яно бараніла ад няпрошаных гасцей, толькі і само станавілася недаступным з-за мноства ручаін, пераўвільготненых лясных зарасляў і дрыгвы. Вялікія прасторы для ягаднікаў і грыбнікоў, паляўнічых і рыбаловаў суседнічалі з малаўраджайнымі навакольнымі палямі хлебаробаў у невялікіх і небагатых вёсачках. Ці не таму спатрэбілася так шмат часу, каб па-сапраўднаму ацаніць прыроднае багацце Ельні, яго уплыў на навакольную экалогію, захаваць масіў ад суцэльнага асушэння і ператварэння ў радовішча торфу?!
Заказнік “Ельня” — унікальны балотны масіў плошчай 18 тысяч 794 гектары з комплексам рэдкіх і тых, што пад пагрозай знікнення, відаў раслін і жывёл. Яшчэ гэта самае вялікае верхавое балота Беларусі і адно з буйнейшых у Еўропе. На ім шмат азёр і азяравак, у тым ліку вялікія Ельня і Чорнае. Тут выяўлена больш за чатыры сотні сасудзістых раслін, 15 з якіх занесены ў рэспубліканскую Чырвоную Кнігу. Гэта рэліктавыя карлікавая бяроза, марошка прыземістая, журавіны дробнаплодныя, цыбуля мядзведжая ці чарамша, сфагнум мяккі, баранец звычайны, касацік сібірскі і іншыя. Балота дае прытулак 24 відам рэдкіх жывёл, у тым ліку чатыром — насякомых, 18 — птушак і яшчэ 14-і відам птушак, стан якіх у Еўропе ацэньваецца як нездавальняючы. Толькі на Ельні можна пабачыць чорную гагару, белую курапатку, залацістую ржанку, сокала дзербніка ў натуральных умовах. У час веснавой і асенняй міграцыі тут кормяцца і адпачываюць дзясяткі тысяч птушак не менш за 150 відаў.
Вось таму Пастановай Савета Міністраў БССР ад 1 красавіка 1981 года №103 граніцы заказніка пашыраны больш чым на пяць тысяч гектараў. Сусветная прыродаахоўная асацыяцыя прызнала яго ўгоддзі тэрыторыяй, важнай для птушак. Заўважце, “Ельня” гэтага дабілася адной з першых у краіне! А з 2002-га заказнік атрымаў статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння — Рамсарскай тэрыторыі.
З 27 снежня 2007 года “Ельня” пераўтворана ў ландшафтны заказнік плошчай 25 тысяч 301 гектар. У ім выдзелена 10 катэгорый асабліва каштоўных супольнасцей, якія ў сукупнасці займаюць 69% тэрыторыі: экасістэма самага буйнога верхавога балота, участкі пераходных балот, вялікаўзроставыя хваёвыя лясы (сасновыя і яловыя), такія ж шырокалісцёвыя (з ясенем, дубам, клёнам, ліпай, вязам) і дробналісцёвыя (асіннікі, бярэзнікі і алешнікі на ўскраінах), азёрна-мачажынныя комплексы.
Наш заказнік невыпадкова называюць лёгкімі Еўропы. Разлікі сведчаць, што ён яшчэ і сапраўдная кладоўка чысцюткай прэснай вады, па аб’ёмах супастаўная з буйнейшым возерам Беларусі Нарач. Ад “здароўя” “Ельні” залежыць стан рэк Дзісна і Дзвіна.
Разам з тым ландшафтны заказнік — надзвычай тонка адладжаная экасістэма. Каб адрадзіць і захаваць існуючую на працягу стагоддзяў біяразнастайнасць, у наш час пад эгідай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аб’ядналі намаганні навукоўцаў Інстытута практычнай батанікі і балотазнаўцаў, актывістаў і валанцёраў грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, эколагаў, мясцовых і прыезджых абаронцаў прыроды пры будаўніцтве водазатрымальных плацін, якое пачалося ў 2002 годзе. Фінансавую дапамогу аказалі міжнародныя арганізацыі і фонды, а таксама замежнае прадпрыемства “Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь”.
Новым этапам развіцця заказніка стала стварэнне 30 студзеня 2005 года па рашэнні райвыканкама дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Ельня”, якая каардынуе агульныя намаганні па вырашэнні экалагічных пытанняў і развіцці экатурызму. Сярод важнейшых падзей апошняга часу рэалізацыя праекта “Уратуем Ельню разам!”, якая дазволіла ў 2007-2009 гадах сіламі валанцёраў узвесці каля 40 плацін на ўскрайках балотнага масіву. У 2010-м завершаны работы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму ў цэнтры заказніка за кошт малых грантаў ААН. Галоўным вынікам гэтых намаганняў лічу павышэнне ўзроўню грунтовых вод і “люстэркаў” вадаёмаў, а таксама папярэджанне верхавых пажараў. Апошні раз агонь тут быў у 2002-м.
Дзякуючы фінансавай падтрымцы ЕС/ПРААН у 2012-2015 гадах рэалізоўваліся меры па ўстойлівым развіцці экатурызму і функцыянаванні дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Ельня”. З’явілася экалагічная сцежка да Азяравак, аформлены сучасны візіт-цэнтр, устаноўлены штучныя гняздоўі для рэдкіх птушак. Вынікам ажыццяўлення праекта ГЭФ/ПРААН “Тарфянікі-2” у 2016-м стала аднаўленне плацін і будаўніцтва 48 новых. Для гэтых мэт выкарыстоўваліся не толькі прыродныя, але і штучныя матэрыялы.
Тым не менш, зробленае — толькі пачатак вялікай работы. Праблемы і планы на будучыню абмяркуем з прадстаўнікамі ўладных структур і спонсараў, навукоўцамі і эколагамі, актывістамі грамадскіх арганізацый і фарміраванняў за “круглым сталом” напярэдадні юбілею заказніка. Планаў шмат, вельмі разлічваю, што чарговым праектам стане ўзвядзенне першай на Міёршчыне станцыі па зарадцы электрамабіляў, бо яны — наша будучыня.
У тэму:
У наступным годзе ў вёсцы Абчак пад Мінскам на заводзе “Юнісон” пачнецца масавая вытворчасць кітайскіх электрамабіляў. А ў самы бліжэйшы час Аб’яднаны інстытут машынабудавання НАН прадставіць доследны ўзор айчыннага камерцыйнага электрамабіля. Станцыя іх зарадкі стане запатрабаванай, пакуль будзе пабудавана?
Фота з архіваў ДПУ "Ельня".
Іван БАРОК,
дырэктар ДПУ “Ельня”.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.