Дочь не смену матери
gazeta 6-07-2013, 00:33 0 Навіны
Амаль на самым уездзе ў Орцы размешчаны магазін паўсядзённага попыту. Для мясцовых жыхароў гэта не зусім зручна, бо з другога канца вёскі, якая расцягнулася ўздоўж возера, за пакупкамі трэба ісці каля кіламетра. А вось заезджым гэта даспадобы — не трэба на машыне па сельскіх вуліцах круціцца. Тут жа зроблены і аўтобусны прыпынак. «Калі будавалі магазін, то ўлічвалі патрэбу ў гандлёвым абслугоўванні не толькі тутэйшага насельніцтва, але і суседніх вёсак Александрова, Чурылава, Дзехцярова, Стрэтава, Пацава, дзе тады было шмат маладых сем'яў і ў кожнай па двое-трое дзяцей. Цяпер там жывуць у большасці пенсіянеры, і тавары ім дастаўляе "аўталаўка", — зазначае загадчыца сельскага магазіна Галіна Іосіфаўна Саўленка. — І ў Орцах людзей паменела. Тут засталося толькі 20 сядзіб і каля 70 пастаянных жыхароў. Прыкладна столькі ж дамоў займаюць дачнікі. Летам у нас ажыўленне, а вось зімой вёска заціхае. І ў магазіне значна менш людзей, прыходзяць у асноўным толькі тутэйшыя».
З мінулага
Некаторыя скардзяцца, што ў вёсцы цяпер вельмі цяжка жыць, а таму маладыя і не затрымліваюцца. Гэта праўда. Але прычына, напэўна, усё ж такі не ў гэтым. Вось я прыгадваю сваю маладосць, калі і ў паляводстве, і ў жывёлагадоўлі было шмат ручной працы. Між тым, людзі трымаліся за зямлю, не кідаліся ў горад. Орцы лічыліся перспектыўнай вёскай, дзе многія маладыя сем'і атабарваліся на пастаяннае месца жыхарства, будавалі дамы. У нашай вёсцы працаваў і магазін. Праўда, выдзяляліся пад гандлёвую ўстанову розныя прыстасаваныя месцы то ў адным доме, то ў другім. Змяняліся і прадаўцы. А затым увогуле на тры гады "лаўку" зачынілі, — далучылася да размовы Ганна Паўлаўна Кажан, якая 29 гадоў адпрацавала ў тутэйшай мясцовасці прадаўцом (маці Галіны Іосіфаўны). — А я ў гандаль трапіла праз замужжа. Па прафесіі бібліятэкар — завочна закончыла тэхнікум. Працаваць у хаце-чытальні пачала ў 15 гадоў. Магчыма і далей засталася б у гэтай сферы, але выйшла замуж і пераехала ў Орцы. Нарадзіўся сынок, а затым і дачушка. Мае бацькі жылі далёка ад нас — у Даўгінаве, а таму разлічваць на іх дапамогу не маглі. Першынца, Славаміра, выняньчылі да 4-гадовага ўзросту разам са свекрывёй, і вучобу ў тэхнікуме закончыла. Але яна памерла і дачушку Галю мы ўжо з мужам Іосіфам Станіслававічам ставілі на ногі адны. Водпускаў па доглядзе за дзіцём тады жанчынам не давалі. І мне, і мужу трэба было працаваць. А малых дома адных не пакінеш! Старшыня Павяцкага сельсавета Ядві-га Антонаўна Альхімовіч параіла мне працаваць прадаўцом, але пры адной умове: аддаць палову дома пад магазін. У той перыяд у нашай вёсцы крамы не было і мясцовыя жыхары хадзілі за таварамі за тры кіламетры ажно ў Басяныя. Абмеркавалі гэтую прапанову з мужам і пагадзіліся: і работа на даму, і дзеці пад наглядам. Узгаднілі ўсе пытанні з сельсаветам і кіраўніцтвам сяльпа. Разгарадзілі дом. Зрабілі ўваход у магазін з вяранды ад дарогі. Завезлі тавары. І больш ужо магазін у нашай вёсцы не зачыняўся.
Ганна Паўлаўна шчыра расказвала пра жыццёвыя падзеі, радасці і праблемы. Прыгадала асобныя эпізоды з работы ў магазіне. Яна зазначыла, што ў вёсцы знікла найбольш важная катэгорыя пакупнікоў — маладыя сем'і, якія шмат набываюць розных тавараў. А пенсіянеры ў асноўным купляюць толькі прадукты харчавання, ды і то абмежавана. Зменшылася выручка ў магазіне і за кошт павелічэння колькасці гандлёвых устаноў. Ад Орцаў да Павяцця каля 5 кіламетраў. А там цяпер ажно тры крамы. І да Міёр недалёка, дзе "магазін на магазіне". Да таго ж і на рынку тавараў шмат. Амаль у кожнай вясковай маладой сям'і ёсць уласнае аўто і пры патрэбе яны не толькі ў райцэнтр могуць з'ездзіць, але і ў Полацк, Віцебск, дзе, несумненна, тавараў больш. А ў 60-80-ыя гады ў калгасах людзей было шмат, а магазінаў мала. Пра таварны асартымент і гаварыць не даводзіцца. Але пакупнікі ў магазіне заўсёды былі. Калі ж прывозілі хлеб, муку, цукар ці іншыя тавары, то доўгія чэргі выстройваліся аж на вуліцы.
— Магазін, у якім я асвойвала прафесію прадаўца, быў "хатнім" на працягу шасці гадоў, — зазначыла Ганна Паўлаўна. — І ўвесь гэты час у раёне абяцалі пабудаваць новую краму. Але ішлі гады, а справа з месца не зрушвалася. Тады мясцовы брыгадзір Іван Адольфавіч Пілецкі прапанаваў самім вяскоўцам узяцца за ўзвядзенне гандлёвай установы. Дзякуючы яго ініцыятыве і старанню мясцовых людзей у 1970 годзе на ўскрайку вёскі вырас драўляны магазінчык, падобны на вясковую хату. Меркавалася, што пазней, калі "адгрохаюць" новы будынак, гэты аддадуць пад жыллё. Але запланаванага і да сённяшняга часу няма.
Гандляваць у новым магазіне было лепш. Можна было зрабіць адпаведную выкладку тавараў на вітрынах. І для пакупнікоў месца было больш. Гаспадарыла тут Г. П. Кажан 23 гады. Праблем у рабоце хапала. Быў пастаянным дэфіцыт тавараў. Машын для развозкі не хапала, грузчыкаў і экспедытараў таксама. Прадаўцу пастаянна самому даводзілася ездзіць на базы за таварамі. А за мукой ажно ў Друю на чыгунку накіроўваліся, дзе грузілі яе прама з вагонаў. Непрыемных момантаў у рабоце было шмат. Добра, што тады так жорстка, як цяпер, не кантралявалі тэрміны прыдатнасці прадуктаў, бо некаторыя з іх даводзілася браць з запасам аж на паўгода.
— Гледзячы на працу дачкі, ведаючы асаблівасці і тонкасці сённяшняй работы гандлёвых устаноў, прыкмячаю, што і цяпер сельскім прадаўцам нялёгка. Выручкі невялікія, адпаведна і заробкі нізкія. "Душаць" спажыўкааперацыю канкурэнты! Шмат правяраючых. Але, калі Галя пачынае скардзіцца на будзённыя праблемы, прыгадваю ёй, у якіх умовах мне даводзілася працаваць, — падкрэслівае Ганна Паўлаўна. — А з даведзенымі планамі па продажы тавараў я,нягледзячы на ўсе цяжкасці, спраўлялася. Трэба было забяспечыць за месяц выручку ў 5-6 тысяч рублёў (у старых грашах), а я здавала па 7-8, а то і 10.
Не праміну адзначыць, што ў былога прадаўца магазіна Г. П. Кажан ёсць багатая скарбонка працоўных узнагарод — Ганаровых грамат, значкоў "Ударнік камуністычнай працы". Захаваўся нават пераходны вымпел пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва.
Гадзіннік імкліва адлічваў хвіліны, і Галіне Іосіфаўне трэба было спяшацца ў магазін на працу. Яна, сеўшы на веласіпед, выруліла на заасфальтаваную вясковую вуліцу. А ўслед за ёй накіраваліся і мы, каб пагутарыць. Нягледзячы на ранні час, ля магазіна ўжо былі людзі. Давялося пачакаць, пакуль прадавец абслугоўвала іх. Тым часам у мяне завязалася размова з тутэйшым насельніцтвам. Вяскоўцы з удзячнасцю адзываліся пра работу прадаўца. Дарэчы, і напярэдадні гэтай сустрэчы менавіта жыхары з Орцаў патэлефанавалі ў рэдакцыю раённай газеты з просьбай пахваліць у мясцовым друку дзвюх жанчын — маці і дачку, якія гаспадараць у мясцовым магазіне на працягу 50 гадоў (сёлета восенню у іх будзе такі сумесны юбілей).
У ліку субяседнікаў была і дачніца Наталля Іванаўна Ракіцкая, якая прыязджае сюды з Мінска. Яна таксама станоўча ахарактарызавала Галіну Іосіфаўну:
— Мясцовы прадавец — жанчына добразычлівая, уважлівая да пакупнікоў, любую заяўку на дастаўку патрэбных нам тавараў стараецца выканаць. Памяркоўная, тактоўная. Граматная, дасць тлумачэнні па кожным тавары. Ветліва абслугоўвае пакупнікоў. А вось да адміністрацыі раённага спажыўтаварыства ў мяне ёсць просьба: абнавіць знешні выгляд і ўнутраны інтэр'ер сельскай гандлёвай установы, адрамантаваць пячное абсталяванне, устанавіць вакно ПВХ з маскітнай сеткай для праветрывання. Сучасны магазін павінен мець адпаведны выгляд.
Пакуль я гутарыла, прадавец паспела абслужыць пакупнікоў, адзваніцца ў спажыўтаварыства пра ўчарашнюю выручку, пацвердзіць заяўку на тавары. Калі яна крыху "разгрузілася" ад спраў, першае пытанне да яе было пра магчымасць абнаўлення гандлёвай залы.
— Пра гэта пытаюцца многія, але адказу на яго не магу даць, бо вырашэнне праблемы не ў маёй кампетэнцыі. А рамантаваць магазін, канешне, трэба. У вёску прыязджаюць летам на адпачынак да мясцовых жыхароў родныя з розных краін. Прычым, не адзін-два чалавекі, а дзясяткі. Шмат дачнікаў. Прымае гасцей з усіх куточкаў мясцовая аграсядзіба. І мне, шчыра прызнаюся, сорамна за ўбогасць магазіна.
Жыццёвая вандроўка
Пасля заканчэння Павяцкай СШ Г. І. Кажан паехала вучыцца ў Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. Праз тры гады, атрымаўшы спецыяльнасць майстра вытворчага навучання тэхналогіі прыгатавання ежы, паехала разам з сяброўкамі па інтэрнацкім пакоі — Галінай Бялько і Таццянай Карабанавай — працаваць па накіраванні ў г. Савецк Калінінградскай вобласці. Многаму там прыемна дзівіліся: чысцюткім гарадскім вуліцам, дагледжанасцю ўсёй гарадской тэрыторыі і ружамі, якія раслі паўсюдна — такая прыгажосць! Уражваў і магутны Нёман, які межаваў з Літоўскай ССР.
Пры працаўладкаванні адразу ж размясцілі ў інтэрнаце. І дзяўчаты заняліся педагагічнай дзейнасцю — выкладалі ў гандлёва-кулінарным вучылішчы. Часта ездзілі ў іншыя гарады для агітацыі выпускнікоў. Не губляючы часу, Галіна Іосіфаўна завочна паступіла ў Калінінградскі ўніверсітэт па спецыяльнасці агульнатэхнічныя дысцыпліны і праца. Жыццё віравала. Прыйшло і каханне. У горад Савецк прыехаў да родных Леанід Саўленка, якія служыў у Мурманску на атамнай падводнай лодцы і большую частку жыцця праводзіў у акіяне. Гаваркі, ветлівы і абаяльны хлопец. Пазнаёміўшыся з Галінай (сустрэліся ў гасцях), адразу зразумеў, што гэта яго палавінка. Між тым, яго каханая, калі закончыўся тэрмін адпрацоўкі пасля тэхнікума, надоўга не затрымалася ў расійскім гарадку. Паехала ў Рыгу, дзе жыў і працаваў яе брат Славамір. У яго і размясцілася. Каб хутчэй атрымаць жыллё, працаўладкавалася ва ўпраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дзе выконвала абавязкі спецыяліста па прапісцы. Рыга будавалася, і прымала на працу шмат рабочых, якіх рассялялі ў падведамных ЖКГ сямі інтэрнатах. Тут жа і Галіна Іосіфаўна атрымала пакой. Увесь час вяла пісьмовую перапіску з Леанідам (і цяпер дома захоўваюцца тыя лісты). А яму ніяк не ўдавалася звольніцца са службы. Калі ж, нарэшце, гэта атрымалася, адразу ж прыехаў у Рыгу. Ваенную прафесію змяніў на мірную: працаваў у ЖКГ электрыкам. Вясной 1988 года справілі вяселле. А праз год маладая сям'я папоўнілася. У інтэрнацкім пакоі з'явілася дачушка Олечка. Паабяцалі ім выдзеліць кватэру ў новым доме, будаўніцтва якога завяршалася. Але плануемы жыццёвы сцэнарый быў перакрэслены нацыяналісцкімі падзеямі, якія разгарнуліся ў Латвіі. Многія прыезджыя грамадзяне, якія ўжо абжыліся на новым месцы, аказаліся там "лішнімі". Пачалі-ся масавыя скарачэнні ў калектывах. Леанід і Галіна, не будучы латвійцамі, таксама засталіся без работы, хаця той парой маладая матуля яшчэ знаходзілася ў водпуску па доглядзе за дзіцём. Аднак гэтая акалічнасць нікога не цікавіла. Давялося выселіцца і з ведамаснага інтэрната. У той роспачы Саўленкі і прынялі рашэнне збіраць усе пажыткі і ехаць у Орцы. Было гэта 22 чэрвеня 1992 года.
У родным куточку
Напачатку маладая сям`я жыла з Ганнай Паўлаўнай, якая засталася ў доме адна. Пазней пабудавалі ўласны дом на сядзібе яе бацькоў. Не было праблем з працаўладкаваннем. Матуля прапанавала дачцэ замяніць яе ў магазіне. А Леанід напачатку працаваў у сельскай гаспадарцы. Затым перайшоў у ваенізаваную пажарную службу, адкуль і пайшоў на льготную пенсію пасля выслугі гадоў. Але без справы не сядзіць. Працаваў у службе аховы. Цяпер гаспадарыць на пчальніку ў ВУПКУ "Міёрскі".
— Наша Олечка закончыла факультэт філалогіі ў БДУ, працуе ў Мінску. А сын Юра, 1995 года нараджэння, вучыцца ў БНТУ на ваенна-тэхнічным факультэце. Дарэчы, 3 ліпеня ўдзельнічаў у парадзе ў Мінску. Мамачка мая цяпер жыве адна. Некалькі гадоў, забраўшы да сябе, даглядала сваю хворую маму, якая ўжо памерла. А цяпер і ў самой здароўе не лепшае. Штодзень, калі іду на працу, а таксама ў поўдзень і вечарам абавязкова забягаю да яе, дапамагаю. Вось так адзін каля другога і жывём, — расказвае Галіна Іосіфаўна. — Аб тым, што вярнуласяў вёску, не шкадую. Настолькі прывыкла да гэтага ўкладу жыцця, да людзей, да працы, што ўсё стала часцінкай мяне. І здаецца, што інакш і быць не можа. А вясковы магазін стаў другім домам. У ім усё жыццё адпрацавала мама. Спадзяюся, што і мне ўдасца да пенсіі дапрацаваць, ужо не так шмат засталося.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.