Задачи масштабные

Задачи масштабные Пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна ў 2012 годзе, выкананне даведзеных прагнозных паказчыкаў у вытворчай сферы, неабходнасць умацавання дысцыпліны, пра развіццё прамысловых прадпрыемстваў, добраўпарадкаванне населеных пунктаў расказаў старшыня райвыканкама Ігар Валер’евіч Кузняцоў жыхарам Завуцця падчас чарговай сустрэчы, якая адбылася 27 лістапада. Вяскоўцы скарысталіся магчымасцю звярнуцца да кіраўніка са сваімі праблемамі.

 

І. В. Кузняцоў адзначыў, што аб’ём прамысловай вытворчасці ў бягучых цэнах склаў да мінулагодняга 218%, а ў асобныя месяцы гэты паказчык уздымаўся і да 230%. Прычына зніжэння — няпростая сітуацыя на мясакамбінаце, дзе ў апошні час прадукцыя стала неканкурэнтназдольнай з-за высокага кошту. Значна зменшыліся аб’ёмы продажу мяса ў Расію. Рэалізацыя ў суседнюю краіну каўбасных вырабаў  у цэлым не зменшылася, але рэнтабельнасць з ранейшых 18% «спаўзла» да +6,2% за 10 месяцаў.

 

На мясакамбінаце нарэшце пачынаецца будаўніцтва новага халадзільніка, што дазволіць захоўваць тушы жывёлы не ў замарожаным выглядзе, а ў ахалоджаным, і рэалізацыйная цана на такое мяса намнога вышэйшая. Пад новы аб’ект залілі фундамент. Запланавана запусціць у работу халадзільнік у снежні 2013 года, але работа будзе праводзіцца ў актыўным рэжыме, каб справіцца да жніўня.

 

Не менш важнае пытанне — будаўніцтва мясакамбінатам свінагадоўчага комплексу, дзе гадавая вытворчасць мяса складзе да 4 тысяч тон. Шэсць аналагічных аб’ектаў ужо дзейнічаюць у рэспубліцы. Падпісаны бізнэс-план і інвест-дагавор. Узвядзенне аб’екта (на былым аэрадроме за в. Блажкі — у напрамку Верхнядзвінска) плануецца ў наступным годзе.

 

Задачи масштабные Правядзём мадэрнізацыю вытворчасці на камбікормавым заводзе. Падпісана рашэнне Саўміна па будаўніцтве на прадпрыемстве лініі па выпуску грануляванага камбікорму. Давядзецца ўзводзіць новыя вытворчыя памяшканні, якія “захопяць” тэрыторыю былога лесазавода, вядзецца іх расчыстка. Завод прыпыняць толькі на невялікі перыяд пры завяршэнні мантажу новай лініі.

 

На хлебазаводзе таксама плануецца ўстаноўка новага абсталявання, што дазволіць пашырыць асартымент выпускаемай прадукцыі.

У ліку прамысловых вытворцаў і УП ЖКГ, якое тры гады назад адкрыла дрэваапрацоўчы цэх і з кожным годам пашырае віды вырабляемай прадукцыі. Камунгасаўцы прапануюць пакупнікам дошкі, зрубы розных памераў, альтанкі і іншае.

 

Старшыня райвыканкама расказаў пра аб’ёмы будаўнічых работ у нашым раёне, даў тлумачэнні, па якіх прычынах стрымліваецца ўзвядзенне жылых дамоў у Дзісне і Міёрах. У райцэнтры сёлета здадзены дом па вул. Я. Томкі. Пад новы 40-кватэрны заліты фундамент. Яго будаўніцтва пачнецца ў наступным годзе. Толькі ў 2013-ым удасца завяршыць і будаўніцтва шматкватэрнага дома ў Дзісне. Старшыня райвыканкама выказаў задавальненне тым, што ПМК-55 не дапусціла адтоку кадраў, як гэта адбылося ў суседніх раёнах, і з’яўляецца моцным вытворчым звяном. Будаўнікам прадстаіць многае зрабіць, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы, дзе намечана будаўніцтва ферм з малочнымі заламі. У раёне сёлета праведзена рэканструкцыя 19 МТФ і па аб’ёмах выкананай работы мы лідары ў вобласці. З абласнога бюджэта на гэтыя мэты сёлета выдзелена 38 мільярдаў рублёў, асвоена — больш за 20 млрд. і работы працягваюцца.

 

На будаўніцтве новай бальніцы асвоена з пачатку года 10,5 мільярда рублёў, нядаўна выдзелена яшчэ 1,8 млрд. На наступны год з абласнога бюджэту выдаткоўваецца на гэты аб’ект 50 млрд. Аднак для завяршэння работы грашовых сродкаў патрэбна ўдвая больш. Калі будзе дадатковае фінансаванне, то ўжо ў наступным годзе здадуць аб’ект, у іншым выпадку — толькі ў 2014-ым. Зараз вырашаюць пытанне з Міністэрствам аховы здароўя па закупцы медабсталявання для новай бальніцы і ў лістападзе 2013-га пачнецца яго дастаўка ў раён.

Усе старыя будынкі медыцынскага прызначэння ў райцэнтры трэба абнаўляць. На іх бягучы рамонт на 2013 год выдзелена 2,5 млрд. рублёў.

 

Сёлета з-за праліўных дажджоў загінула шмат лёну. Не ўдалося атрымаць і запланаваную ўраджайнасць збожжа. Тым не менш, павялічылі вытворчасць зерня на 6 тысяч тон — такой колькасці хопіць, каб загрузіць работай наш камбікормавы завод на два месяцы.

 

Усе сельгаставарыствы з улікам дзяржаўных датацый сёлета працуюць рэнтабельна, а без такой падтрымкі стратныя толькі КУП “Язна”, ВУПКУ “Юбілейны” і ААТ “Наўгароды”. Праблем хапае, але яны паступова вырашаюцца. І тут галоўнае — адказнасць работнікаў. Найбольш клопатаў там, дзе няма дысцыпліны. Менавіта таму ў ААТ “Папшулі” нізкая прадукцыйнасць працы, а заробкі ў работнікаў невысокія.

 

І. В. Кузняцоў акцэнтаваў увагу на выкананні задання  па выпуску інавацыйнай прадукцыі. Дарэчы, па гэтай пазіцыі мы ў ліку лепшых у вобласці. Але многія задумкі яшчэ не рэалізаваны. Ужо ў наступным годзе плануецца атрымаць першыя тоны паліўнага брыкету на новым торфаперапрацоўчым прадпрыемстве, узводзіць якое будзе ААТ “Міёрскі райаграсэрвіс” і латвійскае прадпрыемства. Магутнасць — 120 тон у суткі. Новае швецкае абсталяванне ўжо закуплена.

 

Ва ўсіх на слыху весткі пра ўзвядзенне ў райцэнтры металургічнага камбіната. У 2014 годзе запланавана завяршыць будаўніцтва першага этапу і задзейнічаць  50% магутнасцяў. А гэта не толькі выпуск вельмі патрэбнай у рэспубліцы прадукцыі, але і добрыя паступленні ў раённы бюджэт, і дадатковыя рабочыя месцы для мясцовага насельніцтва. Камбінат будзе забяспечваць машынабудаўнічыя заводы БЕЛАЗ, МАЗ, МТЗ  і іншыя прадпрыемствы чорнай бляхай. Плануецца і выраб белай — яе выкарыстоўваюць для тары для харчовай і парфумернай прамысловасці і на іншыя мэты. Цяпер у нашай краіне яна ўвогуле не выпускаецца, а імпартуецца. Завод забяспечыць рэспубліканскія прадпрыемствы такой прадукцыяй на 60%.

 

Жыхары Завуцця звярнуліся да старшыні райвыканкама з хвалюючымі мясцовае насельніцтва пытаннямі. Віктар Францавіч Вершалоўскі прасіў дапамагчы з рамонтам дарог Завуцце — Шатраўкі і Чарапы — Папшулі. На адным участку трэба зрабіць падсыпку і грэйдзіраванне, а на другім—заладзіць ямы на асфальтавым пакрыцці. Ігар Валер’евіч патлумачыў, што будзе праведзены ямкавы рамонт з засыпкай выбоін шчэбенем. А “гравійку” трэба папярэдне абследаваць, каб дакладна ведаць, які аб’ём работ. Гэтым зоймуцца працаўнікі дарожнай службы.

 

Пра неабходнасць перадачы мясцовай свідравіны на баланс УП ЖКГ гаварыла Вольга Мікалаеўна Баслак. Цяпер аб’ект належыць мясцоваму сельгаставарыству, але для вытворчых патрэб не выкарыстоўваецца, вада падаецца толькі ў школу і жылыя дамы. Кіраўнік раёна паабяцаў даць адказ пасля ўзгаднення гэтага пытання з камунальнай службай.

 

З-за аварыйнага стану памяшкання Завуццеўскі магазін перамешчаны ў будынак  былога ФАПа. Ніна Міхайлаўна Кухцінская пацікавілася, калі ў іх вёсцы пачнецца будаўніцтва новай гандлёвай ўстановы. Але раённае спажывецкае таварыства цяпер не мае для гэтага сродкаў.

 

Ігар Валер’евіч падзякаваў тым, хто прыйшоў на сустрэчу, і заўважыў, што людзям актыўным і ініцыятыўным пад сілу вырашыць многія пытанні, а раённае кіраўніцтва заўсёды будзе садзейнічаць гэтаму.

 

ХХХ

29 лістапада сустрэча з кіраўніком раёна адбылася ў Наўгародах.

Мясцовыя жыхары задаволены шчырай размовай, у ходзе якой не толькі даведаліся шмат цікавага пра развіццё раёна, але і атрымалі важную параду — навучыцца самім зарабляць грошы. Мясцовае сельгаставарыства ААТ “Наўгароды” не мае прыбытку ад вытворчасці ўласнай прадукцыі. А таму ўзнікае праблема нават з  выплатай зарплаты. Трэба карэнным чынам мяняць адносіны людзей да работы.

 

Пытанняў да Ігара Валер’евіча было нямнога. Іван Іванавіч Мароз выказаў прэтэнзіі АТП №15 за тое, што няма пастаяннага графіка руху аўтобуса праз Наўгароды. Іншы раз можна заехаць раніцай у райцэнтр, а вось назад вярнуцца нечым. Занепакоены вясковец і станам дарог, якія патрабуюць рамонту. Ганна Станіславаўна Беразоўская выказала заклапочанасць тым, што няма сеткавага радыё.

 

Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што зададзеныя пытанні не застануцца без увагі, будзе дадзена даручэнне кампетэнтным службам разабрацца і даць адказ.

 

Э. БЛАЖЭВІЧ.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.