Наследие Геннадия Цитовича: Праздник песни, семьи и памяти

 Менавіта так называлася свята, якое арганізавалі Анастасія Юнгіна, праўнучка Генадзя Цітовіча, разам са сваім мужам Канстанцінам пры падтрымцы Сінадальнага аддзела па пытаннях сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства Беларускай Праваслаўнай царквы. Імя Генадзя Іванавіча ­– харавога дырыжора, кампазітара, этнамузыказнаўцы, народнага артыста СССР, народнага артыста БССР, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, стваральніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь – добра знаёма аматарам беларускай народнай песні.

Панаванне творчасці, песні і танца, цёплых сямейных стасункаў і новых знаёмстваў – так можна ахарактарызаваць атмасферу мерапрыемства. Першыя два дні – 6-7 лістапада – прайшлі ў вёсцы Крукаўшчына Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. З уступным словам выступіла Анастасія Юнгіна, якая прывітала ўсіх нашчадкаў з роду Цітовічаў і гасцей свята. Іерэй Мікалай Бондар, настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы г. Смалявічы правёў малебен і паніхіду. Канстанцін Юнгін расказаў пра род Цітовічаў, які, па звестках, сабраных сям’ёй Юнгіных, пачынаецца з пачатку 19 стагоддзя. Генеалагічнае дрэва настолькі шырокае, што заняло значнае месца на сцяне! Родныя прыехалі з Шаркаўшчыны, Пастаў, Мінска. Юлія Тарарака расказала пра паездку па значных мясцінах рода Цітовічаў, якая адбылася ў кастрычніку 2025 года.
Дырэктар Новапагосцкай СШ Вольга Усціновіч пазнаёміла ўсіх прысутных з музеем імя Генадзя Цітовіча, які працуе ў школе з 13 мая 1992 года, і запрасіла на экскурсію. 

Святлана Цітовіч падзялілася ўспамінамі аб жыцці і творчай дзейнасці бацькі.

Быў арганізаваны прагляд фільма аб творчай дзейнасці Генадзя Цітовіча «Тры тысячы песень», а потым ад самога стваральніка гэтай стужкі Уладзіміра Арлова, вядомага беларускага кінарэжысёра, сцэнарыста, пісьменніка – пачулі гісторыю здымачных падзей, прыгод, звязаных з правядзеннем Дэкады мастацтва БССР, дзе набыў вядомасць хор вёскі Вялікае Падлессе, асабістага сяброўства з Генадзем Цітовічам.

Асалоду атрымалі прысутныя ад выступлення Узорнага ансамбля песні і танца «Зорачка» пад кіраўніцтвам Алы Навіцкай, у якім спяваюць і танцуюць шасцёра прапраўнукаў Генадзя Цітовіча – Аня, Эдзік, Марына, Галя, Вольга і Грыша. Яго рэпертуар на працягу многіх гадоў складаецца з песень, танцаў, пацешак беларускага фальклору, большая частка якіх сабрана этнографам Генадзем Цітовічам. А пасля выступлення артыстаў Ала Міхайлаўна правяла майстар-клас па развучванні беларускіх народных танцаў «Падэспань», «Кракавяк», «Полька ўлева – полька ўправа», «Вальс» (ногі аж самі ў пляс ішлі).

«Хор імя Г. Цітовіча сёння» – з такой тэмай выступіла салістка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь Наталля Базарэвіч, а потым выканала песню «Ды што ў садзе лялеіцца», якую Генадзь Цітовіч запісаў у 1932 годзе ад сваёй бабулі Прузыны.
Аб захаванні песеннага багацця распавядала Анастасія Юнгіна, а яе сын Іван сыграў на баяне варыяцыі на песню «Ой, рана на Йвана».

Сям’я Юнгіных сабрала вялікі архіў інфармацыі аб жыцці і творчай дзейнасці Генадзя Цітовіча. Анастасія пазнаёміла са значнымі і цікавымі дакументамі, фотаздымкамі: выпіска з рашэння агульнага сходу калгаснікаў аб прысваенні ў 1980 годзе Генадзю Іванавічу ганаровага звання «Заслужаны калгаснік» Падлескага калгаса імя Леніна за шматгадовую і актыўную працу ў калгаснай вытворчасці (Генадзь Іванавіч вельмі гэтым ганарыўся); паштоўкі з-за мяжы падчас гастроляў хору; сямейныя фотаздымкі; кнігі, якія падарылі Генадзю Іванавічу яго сябры – Ніл Гілевіч, Янка Брыль, Рыгор Шырма, Рыгор Барадулін, Сяргей Новік-Пяюн, Адам Русак, Адам Мальдзіс, з подпісамі ад аўтараў.

Паміж выступленнямі ладзіліся музычныя паўзы: ігралі на музычных інструментах і спявалі беларускія песні трыа прапраўнукаў Генадзя Цітовіча – Іван, Эдуард і Галіна Юнгіны, творчы калектыў бардаўскай песні, у складзе якога таксама прапраўнукі Генадзя Цітовіча Іван, Эдуард, Марына, Оля і Ксюша. Разам з імі спявалі ўсе, бо хто не ведае вядомыя песні «Ой, рэчанька, рэчанька», «Лявоніха», «Мой родны кут», «Юрачка», «Трэба дома бываць часцей», «А ў полі вярба».

8 лістапада сход прадоўжыўся ў Мінску. Спачатку ўсклалі кветкі на магілу Генадзя Іванавіча, які пахаваны на Усходніх могілках. Затым Анастасія Юнгіна правяла захапляльную экскурсію па Свята-Пятра Паўлаўскім саборы. Запамінальным стала наведванне Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, які размешчаны ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Завяршыўся сход нашчадкаў Цітовічаў наведваннем Свята-Елісавецінскага манастыра.

На працягу мерапрыемства прысутныя дзяліліся ўспамінамі і звесткамі аб жыцці, творчай дзейнасці вялікага этнографа, распавядалі цікавыя гісторыі з жыцця Генадзя Іванавіча. Гучала наша родная беларуская мова, менавіта на ёй хацелася размаўляць.

Тры дні праляцелі хутка. Родныя і госці дзякавалі сям’і Юнгіных за арганізацыю свята. Стасункі з цікавымі, апантанымі людзьмі пакінулі незабыўныя ўражанні і станоўчыя эмоцыі ва ўсіх удзельнікаў сходу, якіх аб’яднаў Генадзь Цітовіч – руплівы даследчык народнай творчасці, адзін з нямногіх, хто з'яўляецца глыбай беларускай культуры, і дзякуючы яму ў нас ёсць багатая песенная спадчына.

«Сонца яснае ўзышло, 
У сінім небе зіхаціць,
Людзям радасць прынясло.
На зямлі так добра жыць!»

Вольга УСЦІНОВІЧ, 
дырэктар Новапагосцкай СШ імя Г. Цітовіча.

0 комментариев

Добавить комментарий