У каждого правда своя

Гэты артыкул працяг апублікаванага ў нумары за 10 верасня 2013 года матэрыяла пад назвай "Дзе вырашаць сямейныя праблемы?". Распавядалася там пра няпростыя ўзаемаадносіны паміж роднымі людзьмі. Сястра і маці абвінавачвалі свайго брата і сына. Гаварылі, што той не дапамагае маці, а калі бачыць яе на вуліцы, адразу на другі бок дарогі пераходзіць. І  ва ўсім гэтым, па іх меркаванні, вінаватая сужыцельніца, якая не дазваляе падтрымліваць адносіны з блізкімі.

 

Праз некаторы час пасля выхаду газеты ў рэдакцыю прыйшлі Дзмітрый з сужыцельніцай Вольгай (імёны зменены). Для таго каб расказаць, што не ўсё так, як паведамілі па тэлефоне жанчыны. Цяпер Дзмітрый сапраўды стараецца не мець зносін з маці і сястрой, толькі штомесяц па пошце перасылае грошы за кватэру. І сустрэчы на вуліцы з пажылой жанчынай для Дзмітрыя і Вольгі нярадасныя.

— Яна адразу пачынае лаяцца, словы грубыя ў наш адрас кідае. Людзі ўвагу звяртаюць. Вядома, гэта непрыемна, таму і стараемся пазбягаць такіх сустрэч, — кажуць яны.

 

Разам Дзмітрый і Вольга жывуць ужо трэці год. Да гэтага мужчына пражываў з маці. Спачатку, калі толькі сышліся, запрашалі яе ў госці і самі наведваліся, дапамагалі. Толькі пажылая жанчына заўсёды была чым-небудзь не задаволена. Яна тэлефанавала на работу сына і сужыцельніцы, пастаянна скардзілася на іх. Як ні стараліся наладзіць з ёй нармальныя адносіны, нічога не атрымлівалася. Таму з часам і аддаліліся.

 

Вось так выглядае сітуацыя з пазіцыі Дзмітрыя і Вольгі. У іх свая праўда, сваё меркаванне. Вядома, непрыемна тое, што так склаліся адносіны з маці. А для таго, каб іх наладзіць, уменне ісці на кампрамісы патрэбна ад кожнага героя гэтай сямейнай гісторыі.

 

Кацярына СУРАВЕЦ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.