О чём писали с фронта земляки на Миорщину

О чём писали с фронта земляки на МиорщинуУ музейных фондах і сямейных архівах захоўваюцца пісьмы салдат, дасланыя дадому з франтоў Вялікай Айчыннай вайны. Жаўцее папера, блякнуць рукапісныя радкі. Ад таго пісьмы яшчэ больш каштоўныя і цікавыя.

 

 

"Здравствуй, дорогая супруга Варя…"

 

На выставе "Буду памятаць!" у раённым гісторыка-этнаграфічным музеі размешчаны два пісьмы ў вёску Касабукі 2 Мікалаёўскага сельсавета. Імя адрасанта — Павел Пачопка. Пісаў сваёй жонцы Варвары. Адно пісьмо адпраўлена ў жніўні, другое ў верасні 1944 года. 

 

Пажоўклыя лісткі паперы складзены ўчатыры. Шмат дзе на згібах і па краях папера парвана. Уверсе невялікім шрыфтом і чырвоным курсівам надрукавана — "Смерть немецким захватчикам!"
Асцярожна разгортваю вестку з вайны. Почырк неразборлівы. Напісаны алоўкам тэкст без знакаў прыпынку зразумець складана. Асобныя словы скарочаны.


"… Здравствуй, дорогая супруга Варя … посылаю супружеский привет и желаю всего хорошего вашей жизни еще клан наследнику … и кланс своей мамаше … еще уведомляю дорогая супруга что я убежал от немцев нахожусь теперь в Красной армии нахожусь в Латвии … еще дорогая супруга гляди за своим сыном Лёней он будет ваш кормитель … жив и здоров того и вам пожелаю Пока До свидания ваш муж Павел Пачопко".
Пра тое, як склаўся лёс Паўла Пачопкі, інфармацыі ў музеі няма. У кнізе "Памяць" звесткі пра франтавіка з вёскі Касабукі 2 Мікалаёўскага сельсавета адсутнічаюць.

 

О чём писали с фронта земляки на Миорщину"Целую вас всех крепко"

Захоўваюцца ў фондах раённага музея два пісьмы салдата-франтавіка Пятра Лакоткі з вёскі Ільмовікі былога Мальцаўскага сельсавета. Адно адрасавана сястры Лідзе ў вёску Даўгінава. 

Пісьмо складзена трохвугольнікам. Час не сцёр чарніл. Почырк разборлівы, пісьмо чытаецца лёгка. Нягледзячы на шматлікія арфаграфічныя памылкі. У вестках з вайны мае значэнне толькі змест.
Надрукуем пісьмо па правілах арфаграфіі і пунктуацыі.


"Дня 24/ІІІ 1945 года.
Здравствуй, дорогая сестра Лида. Шлю тебе низкий привет. Я, слава Богу, пока жив и здоров. Я нахожусь в Красной Армии. Прошу, дорогая сестра, передай привет в Ильмовики. Папе, маме … и всем остальным. Пока что больше писать нечего. Затем до свидания. Оставайтесь живы и здоровы. Целую вас всех крепко.
Твой брат Пётр Лакотко.


Знакомые со мной есть. Из Слободы Лях Серафим и из Барсуков Томашевич Михаил".
Другое пісьмо адрасавану бацьку Ігнату Ігнатавічу ў Ільмовікі. Пётр піша, што знаходзіцца ва Усходняй Прусіі і спадзяецца хутка вярнуцца дадому.
Захоўваецца паведамленне бацьку Пятра Лакоткі з датай 30.09.46 пра тое, што яго сын прапаў без вестак у маі 1945 года.
Прозвішча земляка змешчана і ў кнізе "Памяць". Там жа ёсць звесткі пра яго знаёмага Серафіма Ляха са Слабады. Указана, што ён загінуў 24 красавіка 1945 года ў пасёлку Пілау ў Германіі. Інфармацыя пра Міхаіла Тамашэвіча ў кнізе "Памяць" адсутнічае.

 

Паштовая картка з Зэльвы

На абеліску ў вёсцы Сіцькова ёсць прозвішча Мікалая Васільевіча Федарца. У кнізе "Памяць" таксама. У раздзеле "Загінуўшыя воіны-землякі":

"Федарэц Мікалай Васільевіч, н. у 1914 годзе, рад., стралок, п\я 48, г. Зэльва, прапаў без вестак 9.1944."
Вясной 1944-га дадому ў Капыльшчына ад франтавіка прыйшла паштоўка. Яна захоўваецца ў музеі Сіцькоўскай школы. Загадвае ім пляменніца зніклага салдата Раіса Шымуковіч. Вось што яна расказвае пра лёс свайго дзядзькі і змест адзінай дасланай дадому весткі з вайны:
-- Мой тата Аляксандр і дзядзька Мікалай былі роднымі братамі. Жылі ў Капыльшчыне, працавалі на сваёй зямлі. Іх бацькі мелі вялікую гаспадарку, наймалі работнікаў. Вясной 1939 года братоў прызвалі ў польскую армію. Трапілі ў розныя часці. Служылі нядоўга. У верасні тэрыторыя Заходняй Беларусі адышла да Савецкага Саюза. Адносіны палякаў да беларускіх салдат змяніліся. Ім не давяралі, не дазвалялі ўдзельнічаць у баях. Аляксандр трапіў на Урал і там усю вайну працаваў у тыле. У родныя мясціны вярнуўся ў 1946-м. Мікалая з польскага войска адправілі дадому. Ён ажаніўся з каханай дзяўчынай Таццянай. Шчасце было нядоўгім. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Мікалая забралі на фронт. У лютым 1942 года Таццяна нарадзіла сына і назвала яго імем бацькі. Мікалай яго так і не пабачыў.


На паштовай картцы, якая прыйшла ў Капыльшчына вясной 1944 года, указаны адрас — Зэльва. Мікалай пісаў, што жывы і здаровы, што размясціліся яны ў летніх бараках, харчуюцца разам, атрымалі казённае адзенне, але сваё таксама пры іх; што сумуе па доме. Невядома, што здарылася з ім пасля. Да гэтага часу лічыцца зніклым без вестак.


У пасляваенны час майго дзеда маглі раскулачыць. Але пашкадавалі з-за таго, што сын не вярнуўся з фронту. Можна сказаць, так зніклы салдат выратаваў свайго бацьку.
Сын Мікалая жыве ў Капыльшчыне. Сёлета адзначыў 75-гадовы юбілей. У яго дзве дарослыя дачкі. Адна жыве ў Літве, другая ў Швейцарыі. Унукаў трое. Прыязджаюць у вёску, але часцей трымаюць сувязь праз скайп.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

На здымках: пісьмы землякоў-франтавікоў.

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.