В Миорский райисполком обращаются на "горячие и прямые" телефонные линии

 У жніўні райвыканкам разгледзеў пытанне "Аб рабоце са зваротамі, якія паступілі падчас "прамых тэлефонных ліній" і "гарачых ліній" ад грамадзян і юрыдычных асоб, у Міёрскім раённым выканаўчым камітэце". Пракаменціраваць прынятыя дакументы рэдакцыя папрасіла кіраўніка сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Жанну СУШКО.

— У раёне прымаюцца меры па ўмацаванні сувязі мясцовай улады з насельніцтвам, — падкрэсліла Жанна Аляксандраўна. — Штотыднёва па суботах з 9 да 12 гадзін будуць працягвацца "прамыя тэлефонныя лініі" са старшынёй райвыканкама і яго намеснікамі. З начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў, старшынямі гарсельвыканкамаў — у адпаведнасці са што-квартальнымі графікамі. Паведамленні пра іх рэгулярна размяшчаюцца на афіцыйным сайце райвыканкама і друкуюцца ў раённай газеце. Работнікі нашага сектара дзяжураць ля тэлефона 4 14 55 "гарачай лініі" ў рабочыя дні з 8.00 да 18.00, а ў суботу—з 9 да 13 гадзін.


У нашы абавязкі ўваходзіць справаводства па зваротах і штоквартальны аналіз пытанняў ад насельніцтва. Гэтым жа па сваіх напрамках дзейнасці займаюцца структурныя падраздзяленні райвыканкама і гарсельвыканкамы.


—Райвыканкам, у адпаведнасці са змяненнямі ў заканадаўстве дзяржавы, зацвердзіў абноўленую інструкцыю аб парадку вядзення справаводства па зваротах у час "прамых" і "гарачых" тэлефонных ліній. Але патрабаванні ахопліваюць больш шырокі спектр пытанняў, пачынаючы з прынцыпаў узаемаадносін. Якія моманты трэба ўлічваць пры тэлефонных зваротах да прадстаўнікоў улады вашым патэнцыяльным суразмоўцам?
—Найперш адзначу, што пры асабістых зваротах на "прамую" і "гарачую" тэлефонныя лініі абавязкова паведамляць прозвішча, імя і імя па бацьку, месца жыхарства і (ці) работы (вучобы). Прадстаўнік юрыдычнай асобы таксама абавязаны пачынаць размову з паведамлення прозвішча, імя і імя па бацьку, назвы юрыдычнай асобы і яе адраса, сваёй пасады. Потым задаваць пытанне. З ананімам размаўляць не будуць. Акрамя выпадкаў, калі паведамілі пра злачынства, якое рыхтуецца ці ўчынена.


Размову неадкладна спыняць, калі з тэлефоннай трубкі прагучалі лаянка, зняважлівыя словы ці выразы.
На пытанні адпаведныя службы абавязаны даць поўныя і вычарпальныя адказы. Але ёсць выключэнні з правіла. Зварот не рэгіструецца і на яго пісьмовага адказу не будзе, калі праблема ўжо разгледжана кампетэнтнымі органамі і паведамленне аб тым адпраўлена, а новых фактаў і момантаў не абазначана. Неабгрунтаваныя званкі па суботах нярэдкія і часта ад адных і тых жа грамадзян.


Зварот пакінуць без разгляду, калі пытанне належыць вырашэнню ў адпаведнасці з заканадаўствам аб канстытуцыйнай судавытворчасці, грамадзянскім, грамадзянскім працэсуальным, гаспадарчым працэсуальным, крымінальна-працэсуальным ці адміністрацыйным заканадаўствам. Калі гэта зварот работніка да наймальніка або заканадаўства прадугледжвае іншы парадак яго разгляду.
Калі зварот не прымаецца для разгляду, пісьмовае паведамленне аб гэтым з тлумачэннем прычыны адпраўляецца заяўніку на працягу пяці рабочых дзён з даты рэгістрацыі.


Калі для рашэння пытання неабходны пэўныя дзеянні (выкананне работ, аказанне паслуг, атрыманне інфармацыі з іншай дзяржавы і г.д.), выкананне якіх патрабуе шмат часу, грамадзяніну ці юрыдычнай асобе накіроўваецца паведамленне аб прычынах падаўжэння тэрміну разгляду. Такі ж падыход да выпадкаў, калі патрэбны дадатковы час на вывучэнне сітуацыі.


Калі апошні дзень разгляду звароту выпадае на выхадны ці свята, то разгляд трэба закончыць у першы рабочы дзень пасля іх.
—Дзякую за тлумачэнні.

Статыстыка ў тэму
За 8 месяцаў старшыня райвыканкама, яго намеснікі і кіраўнік спраў правялі 29 "прамых тэлефонных ліній". Паступіла 26 зваротаў па 28 пытаннях. 12 па жыллёва-камунальнай гаспадарцы, 6 — дарожнай службе, па 2 — аграпрамысловага комплексу, гандлю і аказанні паслуг. Жыхароў раёна непакоілі праблемы аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння, дзейнасці транспарта, жыллёвага заканадаўства, газіфікацыі, дастаўкі паліва.


На "гарачую лінію" звярнулася 12 грамадзян (летась за такі час — 16) па 13 (14) пытаннях. Хваляваліся за рамонт дарог, арганізацыю збору малака ў насельніцтва, падтрымку ў апрацоўцы агародаў, водазабеспячэнне на вёсцы, адсутнасць патрэбных тавараў у сельскіх магазінах.
Усе звароты задаволены.

Фота для ілюстрацыі.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.