Соказаготовка

Соказаготовка Самы гарачы перыяд нарыхтоўкі бярозавага соку ў Дзісенскім лясгасе пачынаецца ў першыя тыдні красавіка, калі ўсталёўваецца цёплае надвор'е і па жылах дрэў пачынае актыўны рух жывічная вільгаць. А самыя першыя літры саладкаватай на смак вадкай лесапабочнай прадукцыі лясніцтвы нашага раёна атрымліваюць у сярэдзіне сакавіка.

 

Вось і сёлета ўжо паспелі назапасіць яе больш за тры тоны (на 23.03.2015 г.) і адправіць на перапрацоўку на Шаркаўшчынскі кансервава-агароднінасушыльны завод. Гэта адзінае прадпрыемства, якому мясцовы лясгас пастаўляе бярозавы сок. Агульны аб'ём нарыхтовак сёлета павінен скласці каля 60 тон. Частку гэтай прадукцыі рэалізуюць праз лясніцтвы насельніцтву раёна. Дарэчы, ужо можна скарыстацца такой магчымасцю.


Як паведаміла эканаміст лясгаса Марына Гардзееўна Жынь, рэнтабельнасць соканарыхтоўкі складзе каля 7%, бо рэалізацыйная цана на "слёзы бярозы" невысокая: для грамадзян — па 978 рублёў за літр пры заборы соку з лесасекі і па 1050 рублёў — пры набыцці яго са складоў лясніцтваў. Шаркаўшчынскае перапрацоўчае прадпрыемства закупляе прадукцыю (з улікам лясгасаўскай дастаўкі) па 1248 рублёў. 
Найбольшыя аб'ёмы бярозавага соку нарыхтоўваюць Язненскае, Дзісенскае, Навапагосцкае і Міёрскае лясніцтвы.


Эліза БЛАЖЭВІЧ. 

 

Бярозавік карысны, калі… 

 

Бярозавы сок карысны заўсёды, вось толькі дорага парушаць прыродаахоўнае заканадаўства пры яго нарыхтоўцы.

А таму ведайце, што гэтым займаюцца ў насаджэннях, прызначаных для высечак галоўнага карыстання не менш чым за 5 гадоў да высечкі, а таксама з дрэў на ўчастках для іншых высечак і высечак прамежкавага карыстання непасрэдна перад імі. Для соканарыхтоўкі юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі павінны мець лясны білет.
Насельніцтва можа займацца бярозавікам бясплатна, але на вызначаных для гэтага ўчастках і з захаваннем устаноўленых правіл. Пра іх вам паведамяць і патлумачаць у бліжэйшым лясніцтве ці лясгасе.


На дрэве таўшчынёй 20-26 см можна рабіць адну адтуліну ў 1 см дыяметрам і глыбінёй 2-3 см, пры таўшчыні 27-34 см — дзве адтуліны, 35-40 см — тры. Бураў пускаюць у справу з пачаткам руху соку, жалабок з нержавейкі ці парасткаў арэшніку, клёна або ліпы даўжынёй 12-20 см устанаўліваюць пад нахілам. Пад ім павінна быць шкляная (эмаліраваная) ёмістасць, поліэтыленавы мяшок.


Новая адтуліна свідруецца за 20 і больш см ад старой. Сок збіраюць па меры напаўнення посуду, але не радзей за адзін раз за суткі.
Пасля заканчэння сезона соканарыхтоўкі жалабкі здымаюць, адтуліны закрываюць драўлянай пробкай ці замазваюць варам, садовай маззю, глінай з вапнай, жывіцай з 15-20% драўлянага вугалю для папярэджання захворвання дрэў.


Нельга нарыхтоўваць сок у населеных пунктах; у ахоўваемых месцах знаходжання дзікіх жывёл і росту раслін, што занесены ў Чырвоную кнігу; на тэрыторыі арганізацый аховы здароўя; у месцах масавага адпачынку насельніцтва; у прыбярэжных палосах водных аб'ектаў; у палосах адводу чыгункі і аўтамабільных дарог. Парушэнне гэтых забарон караецца штрафамі ад 4 да 35 базавых велічынь на грамадзяніна, яшчэ больш — на прадпрымальніка і юрыдычную асобу.

 

Іван РУНДА, начальнік раённай
інспекцыі прыродных рэсурсаў
і аховы навакольнага асяроддзя.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.