Всем нужны согласие и мир. Митинг в поддержку выбранного страной курса прошел в Миорах

 У пятніцу, 21 жніўня, у абедзенны перапынак міярчане паступова сталі збірацца на цэнтральнай плошчы райцэнтра Памяці загінулых барацьбітоў. Прыходзілі прадстаўнікі працоўных калектываў, арганізацый і ўстаноў, проста гараджане. Тут павінен быў адбыцца мітынг у падтрымку захавання выбранага краінай курсу, за мір і спакой. Як яго ўдзельнікі ацэньваюць сітуацыю ў краіне?

 

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аксана ПАДЗЯВА расказвае:

 
– Учора я была на аналагічным мерапрыемстве ў Віцебску. Паўсюдна людзі заклапочаны будучым краіны, цяперашняй неспакойнай сітуацыяй у дзяржаве і лёсам сваіх дзяцей. Але беларусы – народ адэкватны, яны не падтрымліваюць надуманыя заклікі, што не адпавядаюць нашаму ладу жыцця і палітычным поглядам, не маюць грунтоўных падстаў і матывацый.

 
– Вядома, сітуацыя ў краіне напружаная, з яе неабходна як мага хутчэй шукаць шляхі выйсця, якія задавальняюць усё грамадства. Аднак я і мая сям’я супраць разрыву сувязей з суседняй Расіяй, нельга дапусціць украінізацыі падзей. Беларусь павінна застацца незалежнай і мірнай краінай не толькі для нас, але і для нашых дзяцей і ўнукаў. Нам патрэбны мір і яшчэ раз мір, – выказала меркаванне ветэран працы Галіна КУРЫЛЬЧЫК. Яна не толькі жонка і маці, але і бабуля чатырох унукаў.

 
 – Мы, беларусы, не чакалі і не заслужылі такога негатыву ў сваёй краіне, бо шмат намаганняў у свой час аддалі ўмацаванюю яе аўтарытэту і абароназдольнасці, – засведчыў кіраўнік грамадскага аб’яднання воінаў-афганцаў Вячаслаў СТОМА. – Сітуацыю трэба як мага хутчэй стабілізаваць. Нельга праліваць кроў суайчыннікаў дзеля нейкіх нявызначаных і непрывабных мэт. Краіна павінна развівацца ціха і спакойна.

 
 – Нас, медыкаў, негатыўныя з’явы на рабоце нібы не закранулі: як працавалі, так і працуем, – засведчыў урач-хірург Іван ГАРБАЧОЎ. – Але і ў грамадстве нельга дапусціць падзелу паміж людзьмі па іх палітычных поглядах. Дзяржава павінна быць кіруемай.

 
Гэтыя думкі прадоўжыў першы выступоўца на мітынгу – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Тронькін: «Мы не хочам, каб наш народ расстаўлялі па розныя бакі барыкад. Жадаем жыць у мірнай краіне, імкнёмся зрабіць рэспубліку і наш горад яшчэ больш прыгожымі. Мы – за Беларусь!»

 
Першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання БРСМ Вікторыя ФУРС пачала выступленне са сцвярджэння, што моладзь працуе на розных вытворчасцях, мае не аднолькавыя палітычныя погляды, аднак гэта не павінна раз’ядноўваць. Мы проста абавязаны ісці ўсе разам цывілізаваным шляхам, каб захаваць і памножыць дасягнутае. Яна заклікала любіць усіх людзей і сваю краіну.


  Кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў КАШКУР падкрэсліў, што для людзей старэйшага пакалення, якія не забыліся пра нягоды ваеннага ліхалецця, Радзіма на першым месцы. Калі разам, усе нягоды народ адолее. Агульнымі намаганнямі мы забяспечылі 75 гадоў мірнага жыцця. Гэты мір і спакой абавязаны перадаць сваім дзецям і ўнукам. Нам не патрэбны супрацьстаянні паміж людзьмі, суседзямі, краінамі.

 
Свой самастойны працоўны шлях Галіна Шынкевіч пачала ўжо ў незалежнай Беларусі. Як старшыня сельвыканкама і дэпутат цяпер імкнецца падтрымліваць кожнага чалавека, найперш старых і дзяцей. І ў гэты напружаны перыяд вяскоўцы сеюць і аруць. Ёй як дачцэ, жонцы, маці і бабулі патрэбны толькі мір і бяспека.

 
 Уладзімір Мяделец – галоўны аграном ААТ «Дрыгучы» – сцвярджаў, што на мерапрыемства трапіў выпадкова, аднак сваю грамадзянскую пазіцыю выказау: ён за жыццё ў міры, згодзе і працы. У аграрным сектары ніколі не было лёгка, але галоўнае для яго – мірнае неба над галавой, без якога не можа быць стваральнай працы.

 
 Інвалід па зроку Соф’я Гуз не бачыць сонечнага святла, аднак жыве паўнацэнным жыццём: расціць дзяцей, займаецца гаспадаркай у аграгарадку Узмёны, удзельнічае ў спартыўных спаборніцтвах і складае вершы. Нарадзілася ва Украіне, аднак Беларусь стала яе другой радзімай. Прыехала ў райцэнтр, каб заклікаць удзельнікаў мітынгу жыць у міры. Яна за незалежнасць краіны, спакой паміж людзьмі, найлепшую долю. 

 
 Усё жыццё прысвяціў службе ў арміі райваенкам Сяргей Жабёнак. Ён паважае меркаванні і погляды іншых людзей, аднак цяпер гаварыў прытрымаць эмоцыі, каб не паўтарыць сумны прыклад Югаславіі ці Украіны. Не паддацца на замежныя сцэнарыі, на заклікі тых, хто сам не служыў у беларускім войску. І ў нас цяперашнія запужванні – гэта не дэмакратыя. Ён як афіцэр гатовы стаць у строй сённяшніх абаронцаў Айчыны. А ўдзельнікаў мітынгу заклікаў да разважлівасці.

 
Старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў падзякаваў люзям, што сабраліся на мітынг ля брацкай магілы воінам і партызанам, што загінулі пры вызваленні роднай зямлі ад захопнікаў. Мы ўсе розныя, гаварыў Ігар Валер’евіч, але настаў час разам абараняць родную Беларусь. На нашай Міёршчыне агульнымі намаганнямі зроблена шмат, а трэба яшчэ больш.

 
Кіраўнік раёна пажадаў землякам спакою і дабра, працоўных поспехаў.
Да гранітных пліт з імёнамі загінулых воінаў леглі жывыя кветкі.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.