Жудасныя эпiзоды ў памяці назаўсёды

«Вёскі палілі ноччу. Як цяпер бачу. Адразу відна-відна стала. Усе загаласілі, закрычалі. Спачатку наша Дзенісова гарэла, за ім – Мнюхі, пасля Сухавержжа», – расказвае Ала Сяргееўна. Ёй было тры гады, калі пачалася вайна. Цяжкія, страшныя саракавыя захаваліся ў памяці да цяперашніх дзён.

Дбайная гаспадыня
На адной з вуліц Чэрасаў прыгожы сельскі домік. З гародчыкам, кустамі маліны, мноствам кветак, рознакаляровымі шкельцамі ў аконцах веранды. Вясной двор засцілае маляўнічы дыван цюльпанаў, нарцысаў і прымул, якія пасля саступаюць месца летнім і асеннім краскам. Радуюць позірк кветкі на вокнах, у хаце петуніі цвітуць нават зімой. Не зважаючы на паважаны ўзрост, гаспадыня Ала Сяргееўна Грэцкая пастаянна ў справах. Аднавяскоўцы паважаюць яе за руплівасць і працавітасць, за мудрасць, чуласць і дабрыню.
Некалькі гадоў, як засталася без мужа. Дачка жыве ва Узмёнскім сельсавеце, а дом сына – праз дарогу. Часта наведваюцца ўнукі з праўнукамі, бабуля ўсім рада.

У хаце ўтульнасць і парадак. На засцеленым абрусам стале ляжыць «Новы запавет». Яго старонкі чытае штодня. Моліцца Богу ў мясцовай царкве, куды то пешшу ідзе, то сын падвязе. Стараецца ніводнай службы не прапускаць.
Сцены пакояў аздоблены сямейнымі фотаздымкамі і адметнымі вышыванкамі. Мастацтву маляваць іголкай па тканіне вучылася доўгімі зімовымі вечарамі. Творчы занятак дадаваў яркіх фарбаў у сямейнае жыццё з яго звыклай паўсядзённасцю. Такой, пра якую ў гады вайны толькі марылі.

Паратунак у бабулінай хаце

– Нас чацвёра ў бацькоў было: дзве дачкі і двое сыноў. Самаму малодшаму браціку сем тыдняў споўнілася, як немцы вёску спалілі, – успамінае суразмоўніца. – Адно ў нас шчасце было – бабуліна хата ў лесе. Карова і конь у яе засталіся. Таму жабраваць не давялося. Іншым людзям бабуля дапамагала, чым магла. Каму зерня дасць, каму мукі. Удзень па імхах, па кустах хаваліся. Накрываліся сасновымі лапкамі, каб з самалёта не заўважылі. На ноч да бабулі прыходзілі, у хаце на падлозе сядзелі.
Ніхто з сям’і не трапіў ні на прымусовыя работы ў Германію, ні ў канцлагер. А дома, як кажуць, і сцены лечаць. Позняй восенню 1943 года родных сцен не стала.
– У нашай вёсцы 12 дамоў было. Усе спалілі. Мы пасля глядзець хадзілі: толькі коміны засталіся і адзін зруб, – расказвае Ала Сяргееўна. – Зіму тую ў бабулі перажылі. Затым тата разам з мамінымі братамі хатку паставіў. Невялікую, нават за лазню меншая. Спачатку без вокнаў, пасля прарэзалі. У бабулі салома была – дах накрылі, падлогу глінай выслалі. Наступную зіму ўжо ў гэтай хатцы зімавалі. Печку без таты рабілі, ён ужо на вайне быў. Дапамагалі стрыечны брат таты з жонкай. Іх дачку ў Германію забралі, а сына забілі. Дачка пасля вярнулася дадому.

Прыйшоў з вайны і тата Алы Сяргееўны. Дакладней, прыехаў на веласіпедзе, што знайшоў у адным з дамоў Берліна. Падарункі прывёз.
– Чатыры метры белага шоўку, чатыры – з чырвонымі кветкамі, тры кавалкі нейкага іншага матэрыялу. А на тым веласіпедзе мы, як падрасталі, катацца вучыліся, – усміхаецца суразмоўніца.
Уся сям’я перажыла вайну. Аднак яна яшчэ доўга нагадвала пра сябе. У палях знаходзілі трупы людзей, збіраючы на балоце журавіны, натыкаліся на чалавечыя чарапы.
– Адна бабуля на кані на поле прыехала і пазнала сваю дачку. Забрала і павезла пахаваць, – прыгадвае сяльчанка.
***
«І часта, часта ў чыстыя іх сны ўрывацца будуць галасы вайны». Гэтымі радкамі завяршаецца верш Пімена Панчанкі «Дзеці вайны». Да тых, хто глядзеў на вайну дзіцячымі вачыма, яна прыходзіць не толькі ў снах. Назаўсёды засталася жыць ва ўспамінах. І цяпер памятае Ала Сяргееўна, як плакала мама, калі немцы забралі ў іх вялікага чорнага парсюка. Яе прасілі супакоіцца, каб самой уратавацца. Адну гаспадыню, што хацела ў ворага сваю курыцу адабраць, адразу застрэлілі. Памятае злую ўсмешку немца, які зняў са сцяны ў іх хаце дыван, абкрыўся ім і вонкі пайшоў. Памятае смак піражкоў з крухмалу, што вясной збіралі па палях, дзе засталася на зіму бульба. Памятае холад зямлі, па якой хадзілі босымі нагамі. Лапці, звязаныя мамай з льняных нітак і «начыненыя» старымі анучамі, толькі зімой насілі. Памятае, таму што такое не забываецца.

Кацярына РЫНКЕВІЧ

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.