Дорога по маршруту Малая Ковалевщина - Суховержье все же требует ремонта

 Тыдзень таму давялося праехаць па маршруце Малая Кавалеўшчына – Сухавержжа праз вёсачкі Вялікая Кавалеўшчына, Казлы, Маляўкі. Яшчэ не мінула месяца, як каталіся тут па рабочых справах, вывучаючы стан дарогі, наконт праблемных участкаў якой быў званок у рэдакцыю. Абазначанае ў сярэдзіне кастрычніка пытанне ў пачатку лістапада набыло яшчэ большую актуальнасць.


Праблемныя ўчасткі шляху знаходзяцца ў вёсцы Вялікая Кавалеўшчына. Шырэй і глыбей сталі лужыны. На краі адной з іх, што на абочыне, заўважылі два даволі вялікія камяні. Відаць, хтосьці пакінуў папярэджанне: тут лепш не ехаць. Яшчэ ў адным месцы лужыны абступілі дарогу з абодвух бакоў, пакінуўшы ў цэнтры вузкую палоску глейкай сушы. У праблемных месцах дарога стала больш разбітай і рызыкоўнай. І падобна цяпер не на расталую шакаладку, як мы пісалі ў матэрыяле «Грэйдар прайшоўся, ямы засталіся» («Міёрскія навіны» № 82 за 22 кастрычніка), а на ўзбіты шакаладны крэм, месцамі шчодра паліты светла-карычневай глазурай, што ніяк не застыне.

  

Апублікаваны ў кастрычніку матэрыял рэдакцыя накіравала ў ДРБУ № 203 з просьбай патлумачыць, якія меры будуць прыняты для вырашэння праблемы. Днямі атрымалі адказ, дзе значыцца наступнае:

«У сувязі з незапланаваным бягучым рамонтам аўтамабільных дарог Н-3400 Дрэтунь – Дзісна – Празарокі і Н-3006 Тычкі – Пераброддзе тэрмін выканання работы па падсыпцы і прафіляванні участка дарогі Малая Кавалеўшчына – Вялікая Кавалеўшчына – Казлы – Маляўкі будзе выкананы да 25 лістапада 2022г.».

 

 Падрыхтавала Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий