Чарговы званок у рэдакцыю скіраваў па маршруце Малая Кавалеўшчына – Вялікая Кавалеўшчына – Казлы – Маляўкі, што праходзіць па гравійнай дарозе. «Грэйдар праехаў, а даволі шырокія ямы з лужынамі месцамі засталіся, што ўскладняе шлях, – заўважыў міярчанін, які часта ездзіць на дачу ў тую мясцовасць і прапанаваў рашэнне праблемы: – Дзве машыны гравію – і ўсё ў парадку будзе».
Зварочваем з трасы, не даязджаючы да моста ў Старых Круках, направа на гравійку. Нас цікавіць Вялікая Кавалеўшчына, дзе, па словах суразмоўцы, знаходзіцца праблемны ўчастак. Сапраўды, у хуткім часе паказваюцца лужыны. Аднак яны турбуюць не так, як сам адрэзак шляху даўжынёй метраў у дзесяць, што нагадвае сабой расталую шакаладку.
– Можа, далей не паедзем? – пытаюся ў вадзіцеля.
– Тут не так страшна, як здаецца, – супакойвае ў адказ, і наш рэдакцыйны легкавік хутка пераадольвае праблемны ўчастак шляху.
Далей у двух месцах сустракалі лужыны на абочыне, а ў цэлым дарога да Малявак падалася даволі камфортнай. За Маляўкамі яшчэ Сухавержжа, аднак туды не паехалі.
На шляху не сустрэлі ніводнага чалавека. Толькі некалькі сыценькіх катоў з цікавасцю пазіралі з абочын на незнаёмую машыну.