Авторизация
 

Уражанні з экасцежкi не толькі пазіiтыўныя

Уражанні з экасцежкi не толькі пазіiтыўныя
Калі ўвесці ў пошукавы радок «адметнасці Міёрскага раёна», на кожным інтэрнэт-рэсурсе знойдзеш інфармацыю пра экасцежку на балоце Ельня. Да прыкладу, на сайце райвыканкама ў пераліку цікавых мясцін Міёршчыны яна займае другую пазіцыю пасля візіт-цэнтра заказніка «Ельня». Гэта адно з найбольш цікавых у раёне месцаў для турыстаў. Значыць, трэба пастаянна падтрымліваць тут парадак.

Нядаўна да знаёмай прыязджалі сваякі з Гродна. За адпачынкам і ўражаннямі скіраваліся на экасцежку. Падыхаць чыстым паветрам, палюбавацца прыгожымі пейзажамі, пазнаёміцца з незвычайным балотным светам. Экскурсія спадабалася, Ельню пабачылі ўпершыню, асабліва ўразіў выгляд з вышкі. Аднак запомніліся не толькі пазітыўныя моманты. Звярнулі ўвагу на парослую высокай травой зону адпачынку ля экасцежкі, зламаныя ў многіх месцах дошкі на насціле.
– Сорамна было перад гасцямі. Папулярнае для турыстаў месца, і ў такім недагледжаным стане, – гаворыць міярчанка. – Па сцежцы мы не адны гулялі. Размінуліся з некалькімі экскурсійнымі групамі. Прыязджаюць сюды сем’ямі, у тым ліку з маленькімі дзецьмі. Вязуць іх у калясках па насціле з прарэхамі. 

Здымкі з экасцежкі дасылалі падпісчыкі нашых інтэрнэт-рэсурсаў. Таксама акцэнтавалі ўвагу на непрывабных момантах.
Мы вырашылі азнаёміцца з праблемай увачавідкі і завяршыць першы дзень працоўнага тыдня прагулкай па балоце. Зусім не спадзяваліся кагосьці тут сустрэць у панядзелак пад вечар. Між тым на стаянцы пяць легкавых аўтамабіляў. Два з расійскімі нумарамі, два з гомельскімі «тройкамі», адзін з нашай «двойкай». Адразу прыцягнулі ўвагу перапоўнены кантэйнер для смецця, якое сыпалася долу, і размешчаны насупраць стэнд з надпісам «НЕ СОРИТЕ В ЛЕСУ».

Ад стаянкі да экасцежкі вядзе 

драўляны насціл. Крочыць па ім зручна і прыемна. Раней шлях па сцяжынках і каляінах у абход лужын быў не такім камфортным. Месцамі ўздоўж насцілу няма парэнчаў. Дзе ў траве ляжаць, дзе проста пуста. Ці то ад рук няўдзячных гасцей пацярпелі, ці то моцных парываў ветру не вытрымалі. Хто ведае, у чым тут справа.
Насустрач ідзе сямейная пара. Просім падзяліцца ўражаннямі.
– Мы з Гомеля прыехалі. Першы раз тут. Вельмі прыгожа, – гавораць турысты. – З’яўляецца адчуванне нейкай першабытнасці. Не дзіўна, балоту 9 тысяч гадоў. Дзякуючы стэндам азнаёміліся з мясцовымі флорай і фаўнай.
– Нашы падпісчыкі пісалі, што на сцежцы ў многіх месцах дошкі зламаныя ці зусім іх няма і можна праваліцца. Без праблем дайшлі?
– Мы ў ботах, таму праваліцца не баяліся, – смяюцца суразмоўнікі. – У некаторых месцах дошкі прагнілі, добра было б іх замяніць. У цэлым жа шлях не быў цяжкім. Аказваецца, на пляцоўцы побач са сцежкай можна палаткі ставіць. Няхай бы для гэтага драўляны насціл зрабілі. На сырой зямлі некамфортна.

Тэрыторыя зоны адпачынку побач з экасцежкай выглядае зусім не прывабна. Трава вырасла, уваход у альтанку аздабляе сакавіты высокі куст крапівы, красуецца пякучка і ўздоўж лавак пад павеццю. Наўрад ці каму будзе прыемна пачаставацца тут гарбатай з бутэрбродамі пасля прагулкі па балоце. Уздоўж сцяжынкі, што вядзе да вышкі, таксама расце крапіва ледзь не ў рост чалавека.
Крочым на балота. Прыемна пружыняць пад нагамі дошкі. Напэўна, колькасць людзей, якія прайшлі па іх за час існавання экасцежкі, у дзясяткі разоў перавышае ўзрост Ельні. Гля- дзім не столькі навокал, колькі пад ногі. Чым далей – тым часцей сустракаюцца ўчасткі, дзе дошкі трэснулі, праламаліся ці ўвогуле іх няма. Шлях гэта не абцяжарвае, але на ўражанні ўплывае. На самым нізкім участку сцежкі, што часам бывае падтоплены вадой, заўважаем пакладзеныя зверху дошкі. Іх выдралі ў іншых месцах і прынеслі сюды. Напэўна, вынаходніцтва турыстаў.

– Хочаш падрамантаваць дарогу ў адным месцы, разбяры ў другім, – жартам заўважае калега.
Між тым сустракаемся з яшчэ аднымі падарожнікамі. Сям’я прыехала з Масквы. 
– Едзем у Браслаў адпачываць. Шукалі ў інтэрнэце, што можна паглядзець у ваколіцах, і натрапілі на інфармацыю пра экасцежку на Ельні, – расказваюць яны. – Паветра тут цудоўнае! Цікава назіраць, як змяняецца навакольны пейзаж. У пачатку сцежкі адзін выгляд, а на фінішы зусім іншы. Спадзяваліся кагосьці з балотных птушак убачыць, але не ўдалося. 
Уражаныя непаўторнай Ельняй масквічы не надалі значэння недапрацоўкам у добраўпарадкаванні экасцежкі і тэрыторыі ля яе.
На зваротным шляху мы зноў разміналіся з турыстамі, якіх з розных куточкаў вабіць да сябе ўнікальнае верхавое балота. Па ўсім відаць, гасцей тут шмат і ў будні, і тым больш у выхадныя. Яшчэ больш наведвальнікаў стане восенню. А ці будзе парадак? І для гасцей, і ў першую чаргу для сябе.
рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 27 января 2023
Адам, Андрей, Аристарх, Вениамин, Давид, Иван, Илья, Иосиф, Макар, Марк, Моисей, Павел, Сергей, Степан, Агния, Нина

Именины 26 января 2023
Максим, Петр, Марфа, Афанасий, Яков

Госці краін

free counters
Партнеры сайта