Ад вёскі Грэцкія да суседняй Ліпаўкі, што на супрацьлеглым беразе возера, пешшу хвілін 15 – 20. На легкавым аўтамабілі пасля дажджлівых дзён не даедзеш. Доўгай дарогу робіць не адлегласць. Пайшоў трэці месяц, як тут чакаюць падсыпкі.Аўторак, 12 ліпеня, час блізіцца да апоўдня. Разам з дожджыкам крочым у Ліпаўку. У думках дзякую калегу за «дзяжурныя» гумовыя боты, якія трымае ў шафе кабінета. У красоўках па размоклым пяску і лужынах так сабе была б прагулка. Рэдакцыйны аўтамабіль пакінулі за Грэцкімі. Паспелі пабуксаваць, спрабуючы ехаць па пракладзеным праз поле аб’язным шляху. Ён з’явіўся па той прычыне, што ўчастак грунтавай дарогі перагароджваюць груды камянёў.
– Тыя камяні яшчэ перад Троіцай прывезлі, а Троіца 12 чэрвеня была. Так усё і пакінулі, – расказвае пенсіянерка Ларыса Ігнатаўна Пацеенак (на фота). – Наконт падсыпкі дарогі я тэлефанавала на прамую лінію да дэпутата Уладзіміра Мацвеева, калі ён у Пераброддзе прыязджаў, гэта ў маі было. Паабяцалі, што ў бліжэйшы час усё будзе зроблена.
Мясцовых жыхароў у Ліпаўцы двое. Ларысе Ігнатаўне 80 гадоў. Лізавеце Мікалаеўне Пацеенак – 86. Да даброт цывілізацыі не патрабавальныя. У радасць трапіць на службу ў чэраскую царкву. Для гэтага наймаюць машыну. Прадукты набываюць у аўтамагазіне.
– Сёння аўталаўка ледзь даехала. Вадзіцель пашкадаваў, што без хлеба застанемся. І такое было. Добра, бульбіна свая ёсць. Так і абыдзешся. Брыкет заказала. А як яго давязуць па такой дарозе? – перажывае Ларыса Ігнатаўна.
Нядаўна яна вярнулася з бальніцы. Праблемы з нагамі. Думала, устаць не зможа, але падлячылі. Ходзіць з лясачкай. З цеплынёй адгукаецца пра фельчара Чэраскага ФАПа Ірыну Варонька, якая ў любыя час і надвор’е спяшаецца на дапамогу. Два тыдні прыязджала на дом рабіць уколы.

– Камяні да гэтага часу ляжаць? – здзівілася Ірына Васільеўна, калі патэлефанавала пацікавіцца, ці лёгкі яе шлях у Ліпаўку. – На веласіпедзе даехаць можна. Была ў канцы чэрвеня. Бабулі мяне берагуць, без вострай неабходнасці не турбуюць. Калі прыязджаюць у Чэрасы ў царкву, то і на ФАП прыходзяць.
Шлях да Ліпаўкі толькі праз Грэцкія. Для вадзіцеля аўтамагазіна гэта адзін з праблемных участкаў маршруту. Расказаў, што вясной і восенню буксуе пастаянна. Здаралася, зусім даехаць не мог, трактарам выцягвалі. І развароту зручнага тут няма.
Маленькая Ліпаўка вабіць дачнікаў. Цішыня, возера, лес. Даехаць ва ўтульны куточак могуць не заўсёды. Побач ля адной з дач заўважаем легкавы аўтамабіль.
– У пятніцу прыехаў, да дажджоў. Бывала, пакідаў машыну ў Грэцкіх у двары мясцовых жыхароў. Цяпер сюды хіба толькі на верталёце, – жартуе мінчанін. – У гэтым доме мой дзядуля жыў, бацька тут вырас, я ў дзяцінстве часта бываў. Месца добрае, а дарогі няма.
Прагуляліся пешшу ў канец вёсачкі. Памерылі глыбіню ў шырокіх лужынах на вузкай дарозе. Для нас гэта прыгоды. Для мясцовых бабулек, дачнікаў, вадзіцеля аўтамагазіна – праблема.
– Ад самай вясны просім дарогу ў парадак прывесці, – гаворыць Ларыса Ігнатаўна. – Мы ж не патрабуем, каб нам тут невядома што зрабілі. Каб да вёскі можна было даехаць. Спадзяёмся, чарговая просьба не застанецца без увагі дарожнай службы.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА