Для жыхароў перавулка Свярдлова ў Міёрах раніца 20 чэрвеня была зусім не добрай. Пасля працяглага начнога дажджу змаглі выйсці на вуліцу толькі ў гумовых ботах. Падворкі, агароды побач з імі аказаліся ў вадзе. Аднаму з навасёлаў давялося вёдрамі выліваць ваду з дома, дзе нядаўна зрабілі рамонт.
Затапленні для жыхароў перавулка сталі звыклай з’явай. Падтаплівае падворкі падчас вясновых паводак, восеньскіх дажджоў, летніх ліўняў. Аднак з бедствам такога маштабу не сустракаліся даўно. – Вада пад хатай, ужо пад лагі падыходзіць. – У гараж зайсці не магу. – Што ў агародзе вырасце? Пара рыс садзіць. – І хто цяпер урон кампенсуе? Абурэнне гараджан зразумелае. Не першы раз яны ў водным палоне, не першы раз ім абяцаюць выправіць сітуацыю, але як толькі ліне дождж, так і паплылі. Прычына праблемы – у ліўнёвай каналізацыі.
– Ліўнёўка не спраўляецца з вялікай колькасцю ападкаў, – заўважае начальнік участка добраўпарадкавання УП ЖКГ Аляксей Смерцьеў. – Пасля начнога дажджу падтопленымі аказаліся і іншыя ўчасткі ў горадзе, аднак на перавулку Свярдлова сітуацыя найбольш крытычная. Пасля пяці раніцы прывезлі сюды мотапомпы, ваду адкачаем. Прымем меры, каб такіх праблем не ўзнікала. У тое, што з навадненнем больш не сутыкнуцца, жыхары перавулка вераць слаба, і ўсё ж надзеі на гэта не губляюць.