Галоўная > Здарэнні > Здарэнні ў верасні

Здарэнні ў верасні


26-09-2019, 10:55. размясціў: gazeta

 З 1 па 15 верасня ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла 151 паведамленне і заява пра ўчыненыя правапарушэнні і злачынствы. Узбуджана 8 крымінальных спраў. Складзены 223 пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Злодзей-гастралёр

2 верасня ўзбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу шліфавальнай машынкі ў жыхара Язненскага сельсавета. Інструмент прапаў з вагончыка на падворку. Урон ацанілі ў 300 рублёў. Устаноўлена, што крадзеж учыніў жыхар горада Шклова Магілёўскай вобласці, які часова знаходзіўся ў вёсцы.

Нечакана
апусцеў кашалёк

80 рублёў прапалі з кашалька міярчанкі, калі яна знаходзілася ў доме знаёмых на тэрыторыі Міёрскага сельсавета. Крымінальная справа ўзбуджана 3 верасня. Асоба зламысніка ўстанаўліваецца.

Прыхапіў
чужы мабільны

Мабільны тэлефон і зараднае прыстасаванне ўкралі з дома жыхара Міёрскага сельсавета. Злодзея знайшлі. Гэта раней судзімы мясцовы жыхар, які нідзе не працуе. У адносінах да яго 5 верасня ўзбуджана крымінальная справа. Украдзенае канфіскавана.

На дачу за посудам

Крымінальная справа па факце крадзяжу на дачы ў Туркоўскім сельсавеце ўзбуджана 5 верасня. З гаспадарчай пабудовы прапаў металічны посуд. Устаноўлена, што на чужое дабро паквапіўся мясцовы жыхар, які нідзе не працуе. Частка ўкрадзенага канфіскавана.

Старонку «Укантакце»
ўзламалі

5 верасня ў міліцыю звярнулася мінчанка з паведамленнем пра заблакіраваную асабістую старонку «Укантакце». У гэты час яна знаходзілася ў гасцях у Новапагосцкім сельсавеце, таму і паведаміла ў раённы аддзел унутраных спраў. На наступны дзень узбудзілі крымінальную справу па артыкуле 349 «Несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі».

Махляр з Ушач

10 верасня ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 209 «Махлярства» ў адносінах да раней судзімага жыхара Ушач. Падманваючы давер міярчанкі, ён загадаў апошняй аформіць крэдыты ў банках і растэрміноўкі ў гандлёвых аб’ектах. Грошы забраў сабе і вяртаць не збіраўся. Агульная сума склала больш за 15 000 рублёў.

Калі дзеці –
не галоўнае

Двух дзяцей жыхаркі Міёр прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і забралі з сям’і. Жанчыну абавязалі выплочваць сродкі на іх утрыманне. Аднак ад свайго абавязку яна ўхілялася. Больш за дзесяць дзён не выходзіла на працу без уважлівых прычын. 13 верасня ў адносінах да яе ўзбуджана крымінальная справа. Цяпер гора-маці знаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі.


У аператыўна-дзяжурную службу РАУС сталі часцей паступаць званкі пра грыбнікоў і ягаднікаў, што заблукалі ў лесе. Збіраючыся на ціхае паляванне, абавязкова вазьміце з сабой зараджаны мабільны тэлефон, апраніце яркае адзенне.

Фота для ілюстрацыі.
Дзмітрый ХОМІЧ, начальнік штаба
раённага аддзела ўнутраных спраў.
Аляксандр ФУРС, начальнік
раённага аддзела Следчага камітэта.


Вярнуцца назад