Галоўная > Здарэнні > У Верхнядзвінскім, Міёрскім і Браслаўскім раёнах на рубяжах граніцы

У Верхнядзвінскім, Міёрскім і Браслаўскім раёнах на рубяжах граніцы


13-12-2018, 14:09. размясціў: gazeta

 У Верхнядзвінскім, Міёрскім і Браслаўскім раёнах рубяжы дзяржаўнай граніцы і пагранічнай зоны пад пільным кантролем. Заслуга ў тым не толькі людзей у зялёных пагонах, але і членаў добраахвотных дружын. На ўчастку Полацкага пагранічнага атрада іх дзейнічае восем у складзе 66 чалавек. Большасць сумяшчае асноўную работу з аховай прыгранічча. 

Напрыклад, егер Верхнядзвінскага лясгаса Аляксандр Качаткоў, дружыннік добраахвотнай дружыны “Сянькова” сочыць за прыродаахоўнай абстаноўкай і адначасова назірае за прыгранічнай сітуацыяй. Па ўзгадненні з кіраўніком арганізацыі дружыннікі могуць на пэўны час вызваліцца ад работы, каб дапамагчы адшукаць і затрымаць парушальнікаў, патруляваць прыгранічныя населеныя пункты, выяўляць кантрабанды, маршруты нелегальнай міграцыі. Нялёгкая сумесная работа дае плённыя вынікі. Так, у раёне населенага пункта Ігналіна Аляксандр выявіў сляды сходу з аўтамабільнай дарогі невядомых асоб, перадаў інфармацыю на пагранічную заставу “Савейкі” і разам з пагранічнікамі ўдзельнічаў у пошуку. У выніку затрымалі групу нелегальных мігрантаў — сем грамадзян В’етнама і правадніка, грамадзяніна Расійскай Федэрацыі чачэнскай нацыянальнасці.


Аляксандр Качаткоў атрымаў нагрудны знак “За дапамогу органам пагранічнай службы”. Наогул, члены добраахвотных дружын не імкнуцца да ўзнагарод, як прызнаюцца самі, стараюцца дзеля спакою ў сваім населеным пункце і бліжэйшай акрузе. Такое ўзаемадзеянне пагранічнікі і дружыннікі лічаць узаемавыгадным.


Паважаныя грамадзяне! Пры выяўленні невядомых ці падазроных асоб у пагранічнай зоне ці паласе паведаміце ў бліжэйшае падраздзяленне органаў пагранічнай службы ці аператыўнаму дзяжурнаму Полацкага пагранатрада па тэлефоне 8 0214 45 40 75.

Фота для ілюстрацыі.
Полацкі пагранатрад.


Вярнуцца назад