Галоўная > Здарэнні > За сварку — базавыя, і куды "з'ехаў" гараж?

За сварку — базавыя, і куды "з'ехаў" гараж?


17-07-2018, 16:35. размясціў: gazeta

 З 1 па 10 ліпеня ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла 85 паведамленняў і заяў пра ўчыненыя правапарушэнні і злачынствы. Узбуджаны тры крымінальныя справы. Складзены 201 пратакол аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Калі сабака не сябар
Жыхар Завуццеўскага сельсавета дабавіў сабе непрыемнасцяў з-за сабакі. Гадаванец свабодна гуляў па вёсцы без намордніка. Забег у чужы двор і напалохаў унука гаспадыні. За парушэнне правіл утрымання хатніх жывёл складзены адміністрацыйны пратакол. У якасці пакарання прадугледжваюцца папярэджанне або штраф ад адной да пятнаццаці базавых велічынь.

Пашкодзілі агароджу
Крымінальная справа па факце псавання маёмасці ўзбуджана 4 ліпеня. На тэрыторыі рэдакцыі раённай газеты пашкодзілі тры пралёты бетоннай агароджы. Сума ўрону складае 503 рублі. Злачынства караецца грамадскімі работамі, штрафам або арыштам. Асобы зламыснікаў устанаўліваюцца.

Кошт скандалу немалы
Штраф да дзесяці базавых велічынь або арышт пагражаюць жыхару Новапагосцкага сельсавета за скандал з жонкай, учынены ў стане алкагольнага ап’янення. У адрас жанчыны гучала грубая нецэнзурная лаянка, п’яны муж выганяў яе з дома. У выніку атрымаў адміністрацыйны пратакол.

Гараж “з’ехаў”
У Завуццеўскім сельсавеце дэманціравалі і ўкралі металічны гараж памерам 3х6. Пра гэта паведаміла гаспадыня пабудовы, якая пражывае ў Мінскай вобласці і прыязджае ў вёску на дачу. Прычынены ўрон на суму 2000 рублёў. 5 ліпеня ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 205 “Крадзеж”. Устанаўліваюцца асобы зламыснікаў.

Не стрымалі язык за зубамі
На дзвюх жыхарак Узмёнскага сельсавета склалі адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле 9.3 “Абраза”. Жанчыны сварыліся са сваімі аднасяльчанкамі і выказвалі непрыстойныя абразы. Правапарушэнне караецца штрафам ад чатырох да дваццаці базавых велічынь.

Урэзка па-за законам
10 ліпеня з ЛВДС “Дзісна” паведамілі, што на 26-м кіламетры магістральнага нафтапрадуктапровада ля вёскі Новыя Крукі выяўлена ўрэзка. У гэты ж дзень узбуджана крымінальная справа па факце наўмыснага пашкоджання шляхоў зносін. Сума ўрону падлічваецца. Ідзе следства.


Дзмітрый ХОМІЧ, начальнік штаба
раённага аддзела ўнутраных спраў.
Аляксандр ФУРС, начальнік раённага
аддзела Следчага камітэта.


Вярнуцца назад