Галоўная > Здарэнні > Скрадзены ў Міёрскай СШ №3 мабільны за 338 рублёў пакуль маўчыць

Скрадзены ў Міёрскай СШ №3 мабільны за 338 рублёў пакуль маўчыць


19-04-2018, 16:20. размясціў: gazeta

 З 1 па 10 красавіка ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла 97 паведамленняў і заяў пра ўчыненыя правапарушэнні і злачынствы. Узбуджана шэсць крымінальных спраў. Складзена 189 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Непаўналетнія злодзеі
З будоўлі прыватнага дома ў Міёрах укралі піламатэрыялы. Пра гэта паведаміла ў міліцыю гаспадыня будучага жылля. Сума ўрону — 150 рублёў. Устаноўлена, што крадзеж учынілі трое непаўналетніх жыхароў райцэнтра 2001 і 2003 гадоў нараджэння. 2 красавіка ўзбуджана крымінальная справа.


Разбіла чужое вакно
За наўмыснае пашкоджанне маёмасці адкажа ў судзе жыхарка Дзісны. 2 красавіка яна разбіла шкло ў акне на верандзе дома сваёй суседкі. Складзены адміністрацыйны пратакол. Правапарушэнне караецца штрафам да 50 БВ.


Маёмасць укралі з двара
Жыхар Мікалаёўскага сельсавета заявіў, што з двара яго дома прапалі навясныя прыстасаванні да трактара МТЗ-50. Сам пражывае ў іншым месцы. Злачынства ўчынена ў перыяд з верасня 2017 года па сакавік 2018-га. Урон ацанілі ў 390 рублёў. 2 красавіка ўзбуджана крымінальная справа. Абставіны высвятляюцца.


Мабільны маўчыць
9 красавіка ўзбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу тэлефона ў СШ №3 імя Я.Томкі. Пяцікласніца пакінула свой мабільны на падваконніку ў гардэробе. Калі вярнулася за ім — не знайшла. Кошт прапажы — 338 рублёў. Хто прысвоіў тэлефон, высвятляецца.


У гаспадарчай пабудове — самагонны апарат
Жыхар Перабродскага сельсавета захоўваў у гаспадарчай пабудове ў двары свайго дома самагонны апарат. Правапарушэнне выяўлена 9 красавіка. Адміністрацыйны матэрыял накіраваны ў суд. Частка 1 артыкула 12.43 КаАП прадугледжвае пакаранне ў выглядзе папярэджання, штрафа да пяці базавых велічынь з канфіскацыяй прыстасавання.


Паведамленні ад чужога імя
Дзве крымінальныя справы ўзбуджаны 9 красавіка па артыкуле 349 “Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі”. Інтэрнэт-махляры дадалі непрыемнасцей міярчаніну і маладому чалавеку з Завуццеўскага сельсавета. Узламалі іх старонкі “Укантакце”. Ад імя карыстальнікаў перапісваліся з людзьмі і вымагалі грошы. Асобы зламыснікаў устанаўліваюцца.


З прыгаворам не справіўся
За ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі панясе крымінальную адказнасць жыхар Туркоўскага сельсавета. У маі мінулага года яго асудзілі. Прыгавор  — абмежаванне волі на адзін год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. З верасня асуджаны сістэматычна парушаў парадак і ўмовы адбыцця пакарання. 10 красавіка ў адносінах да яго ўзбудзілі крымінальную справу. Цяпер пагражае пазбаўленне волі да трох год.


Дзмітрый ХОМІЧ, начальнік штаба раённага аддзела ўнутраных спраў.
Аляксандр ФУРС, начальнік раённага аддзела
Следчага камітэта.


Вярнуцца назад