Сёлета на тэрыторыі Віцебскай вобласці адбылося восем аварый з удзелам дзяцей: дзве – з маленькімі пешаходамі, восем – з пасажырамі, адна – з непаўналетнім вадзіцелем. Заканчваецца навучальны год, таму асаблівая ўвага – на прафілактыку дзіцячага траўматызму на дарогах.
Асноўная прычына, па якой адбываюцца аўтамабільныя аварыі з непаўналетнімі – няўважлівасць. Нагадвайце дзецям, што перад выхадам на пешаходны пераход неабходна ўпэўніцца ў бяспецы. Вадзіцелі ж, пад’язджаючы, павінны рухацца з хуткасцю, якая дазволіць спыніцца, каб прапусціць пешахода.
Дзіця да пяцігадовага ўзросту павінна знаходзіцца ў машыне ва ўтрымлівальным прыстасаванні. Ад пяці да 12-ці дазволены бустэры ці спецыяльныя падушкі.
26 мая пройдзе Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху «Дзіцячая траўма – дарослая бестурботнасць». З 25 мая па 5 чэрвеня – спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага – дзеці!» У гэты перыяд у светлы час сутак вадзіцелі абавязаны рухацца з уключаным бліжнім святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі.
Аляксандр САВЕЙКА, старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ РАУС. Фота для ілюстрацыі.